Народная творчасць. Браслаўскі раён
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 17.01.2019 11:55
Адышлі ў мінулае многія традыцыі, абрадавыя дзеянні і звычаі, але многія з іх захаваліся ў памяці жыхароў Браслаўшчыны, а некаторыя жывуць і па сённяшні дзень. Напрыклад, будаўніцтва жылля было абстаўлена пэўнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны.
Асобая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Звычай не дазваляў будаваць хату на скрыжаванні дарог і на пакінутых шляхах, народнае павер'е звязвала іх з «чортавымі шляхамі», дзе блукаюць па начах злыдні. Непрымальным для жылля лічылася і тое месца, дзе раней стаяла лазня, бо лічылася, што там жывуць ведзьмы. Перавага аддавалася раней абжытым, выпрабаваным мясцінам, дзе ўжо калісьці стаяла хата, у якой мірна і бестурботна працякала жыццё яе гаспадароў. На Браслаўшчыне быў вядомы і спосаб варажбы на каменнях: селянін браў невялікія камяні з чатырох палёў, клаў іх за пазуху або нёс на галаве пад шапкай на аблюбаванае месца, дзе складваў па вуглах мяркуемай будоўлі; калі тры дні апасля камяні заставаліся ляжаць на ранейшым месцы, выбар лічыўся ўдалым. Забаранялася выкарыстоўваць у будаўніцтве дрэвы, паваленыя бурай: па павер'і і новая хата можа быць разбурана стыхіяй. Асобны сэнс надаваўся закладцы першага вянца. Ва ўсходнім вугле першага вянца высякалі невялічкае паглыбленне, у якое клалі манеты, а таксама свянцоныя зёлкі, якія выконвалі функцыю абярэга ад маланкі.
Напярэдадні ўсялення ў новы дом навасёлы запрашалі святара, які акрапляў новую хату свянцонай вадой, бласлаўляў яе жыхароў. Наваселле спраўлялася ў поўню: поўны месяц – поўны дастатак, поўныя засекі хлеба. Пераход у новую хату адносілі на другую палову дня або на вечар.
З даўніх часоў жыве на Браслаўшчыне такая традыцыя, як адведкі ці наведванне парадзіх пасля родаў. Калі ў сям'і нараджалася дзіця, гэта было свята ўсёй вёскі. Праз тыдзень збіраліся жанчыны (толькі замужнія) і ішлі ў праведкі. Жанчыны пяклі бліны, укладвалі іх на сподак і накрывалі зверху другім сподкам, завязвалі ў хусцінку і так іх неслі. Нельга было ставіць бліны ў кошык або ў сумку. Да сёняшняга дня захаваўся звычай хадзіць у адведкі з булкамі, пячэннем свайго прыгатавання.
Сучаснае вяселле на Браслаўшчыне захавала лепшыя народныя традыцыі. Урачыста адбываецца рэгістрацыя шлюбу ў ЗАГСе або ў сельсавеце. Маладыя едуць на машынах, упрыгожаных стужкамі. Калі вяртаюцца дадому, павінны спыніцца на брамах, якія робяць жыхары вёсак, праз якія праязджае вяселле. На брамах віншуюць маладых і ўсю вясельную світу, сустракаюць хлебам-соллю. Маладыя, сваты, дружкі павінны пачаставаць тых, хто рабіў браму, цукеркамі, вясельнай гарэлкай. Чым больш брам сустрэне вяселле на шляху да дому, тым багацей будуць жыць маладыя, лічаць у народзе.
Маладых сустракаюць бацькі хлебам-соллю. Потым госці віншуюць маладых, уручаюць ім падарункі. Пасля гэтага ўсіх запрашаюць за вясельны стол. Звычайна вяселле доўжыцца два дні. Кіруюць ім сваты, якім дапамагаюць музыкі. У праграму вяселля ўваходзяць розныя гульні, конкурсы, песні, танцы. У адрас маладых прыходзяць жартоўныя тэлеграмы, парады на далейшае жыццё. Першы дзень вяселля заканчваецца апоўначы. Маладой здымаюць вэлюм, завязваюць на галаву хустачку, апранаюць фартушок, маладому надзяюць на галаву кепку. На другі дзень маладыя дораць падарункі радні, затым музыкі граюць «маршы» для гасцей. Ход вяселля залежыць ад сватоў, таму сватамі запрашаюць паважаных у вёсцы людзей.
Шырока адзначаецца на Браслаўшчыне адно з галоўных народных свят Каляды. Да свята доўга рыхтуюцца, прыбіраюць у хаце, усё мыюць, чысцяць. Абавязкова беляць печ, ад чаго ў хаце адразу робіцца святлей. Гатуюць розныя прысмакі.
24 снежня ўвечары адбываецца абрадавая вячэра: куцця. На стол абавязкова кладуць сена, паверх засцілаюць белым абрусам. На стол ставяць 12 страў. У першую чаргу гэта супы: рыбны і грыбны. Абавязкова варылі цэлую пшаніцу, саладзілі яе, пасыпалі макам. Рабілі таксама клёцкі з пшанічнай мукі і елі іх з салодкай вадой. Абавязкова на стале былі стравы рыбныя і грыбныя. Галоўнымі напоямі былі кісель і кампот. Кампот варылі з журавін, а кісель быў аўсяны. Пасля вячэры стол не прыбіралі, бо нібыта ў калядную ноч за гэтым сталом збіраюцца памерлыя родзічы. Раніцай стол прыбіралі, а сена неслі ў хлеў і кармілі ім жывёлу.
6 студзеня ў вёсках на Браслаўшчыне католікі адзначаюць свята «Тры каралі». Гэта вялікае свята, у гэты дзень забаранялася ўсякая работа. Па хатах хадзілі «тры каралі»: Каспар, Мельхіёр і Балтасар. Некалькі чалавек апраналі касцюмы, хадзілі ад хаты да хаты, спявалі калядныя песні, віншавалі гаспадароў. Сярод калядоўшчыкаў былі: кароль у чырвоным плашчы, з каронай на галаве і вялікай зоркай; смерць у белым плашчы з касой; анёл у белым плашчы з крыламі; чорт у чорным адзенні з рагамі, барадой і хвастом, з віламі на тры зубы; яшчэ 2–3 чалавекі –«каралеўская світа». Калядоўшчыкі пісалі мелам на дзвярах тры літары: К+М+В. Жыхары хаты нават не заўважалі, калі яны гэта рабілі.
За тыдзень да Вялікдня святкавалі Вербную нядзелю. У суботу вечарам у хату прыносілі галінкі вярбы. А раніцай кожны член сям'і намагаўся ўстаць як мага раней. Хто першы ўставаў, той вярбой будзіў усіх астатніх, прыгаворваючы:
Вярба б'е, не я,
Не заб'е
За шэсць дзень вялікі дзень,
За шэсць ноч вялікая ноч.
Існавала павер'е, хто першы ўстане ў гэты дзень, той будзе цэлы год спрытны, будзе добра працаваць і добра вучыцца. Галінкі свянцонай вярбы захоўвалі за абразамі цэлы год. Калі першы раз вясной выганялі кароў у поле, падганялі гэтай вярбой.
Дажынкі святкавалі ў канцы жніўня, калі заканчвалі жаць жыта. Жалі ў нашай мясцовасці толькі сярпамі і толькі жанчыны. Мужчыны вязалі снапы і ставілі іх у бабкі. Пасля таго, як звязвалі апошні сноп жыта, плялі дзве касы, звязвалі іх разам і надзявалі на шыю гаспадару, а гаспадыні надзявалі вянок з жыта. Цікава, што ў нашай мясцовасці вянкі рабілі з чыстага жыта, кветак у яго не ўпляталі. Спявалі песні, часта прыгаворвалі такія словы: «Раёк, раёк! Паляцеў, задзёршы хвасток!» Раёк – канец, заканчэнне працы. Калі заканчвалі жаць, яшчэ гаварылі: «Трэба сербая зарэзаць.» Сербай – так называлі голад. Часта хлеба не хапала да новага ўраджаю. А пасля таго, як сажнуць, ужо праз тыдзень можна было малоць і пячы хлеб, «сербая» ўжо не было.
Для Браслаўшчыны ўласцівы багацейшы песенны фальклор, у якім знайшлі адлюстраванне ўсе старонкі жыцця простых людзей. Фалькларыстамі ў дарэвалюцыйны час і ў больш познія перыяды запісана шмат узораў беларускай песеннай творчасці, прыказак і прымавак, сабраных на Браслаўшчыне.
Важнае месца ў духоўнай культуры займала інструментальная музыка. Са старажытных часоў на Браслаўшчыне былі вядомы многія прымітыўныя музычныя інструменты і забаўкі – разнастайныя пішчолкі, свісцёлкі, дудачкі, трашчоткі. Яны вырабляліся з гліны, дрэва, бяросты, кары, пёраў хатніх птушак, бляхі. Традыцыі іх вырабу перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Шмат падобных інструментаў вырабляе У. Аўкштоль з Браслава. Яшчэ ў 1940–1950 гг. ХХ ст. на Браслаўшчыне можна было сустрэць пастухоў, якія карысталіся трубамі-берасцянкамі. Іх даўжыня даходзіла да двух метраў. Труба мела моцны працяглы гук. Такім інструментам пастух падаваў сігнал на пачатак і завяршэнне пашы, дапамагаў вызначыць месца знаходжання статку. Часам пад трубу выконваліся прыпеўкі.
Да сённяшняга дня некаторыя паляўнічыя ўжываюць рогі – інструменты з высокім яркім гукам. На Браслаўшчыне вядомы паляўнічыя рогі, зробленыя з рогу хатніх жывёл, з бляхі і берасцянкі. Ужываюцца яны пры арганізаваным паляванні для падачы розных сігналаў і пры паляванні з сабакамі.
Бытавала на Браслаўшчыне дуда – духавы інструмент, вядомы з XVI ст. Яна ўяўляе сабой скураны мех з маленькай дудкай-соскай для напаўнення мяха паветрам і некалькі ігравых труб. Старажылы памятаюць вандроўнага музыку Юрку Дудара, які ў пачатку ХХ ст. абходзіў многія вёскі і мястэчкі на Браслаўшчыне.
Найбольш распаўсюджанымі інструментамі сярод музыкаў Браслаўшчыны ў першай палове ХХ ст. былі цымбалы, скрыпка, гармонік, бубен. Пры збіранні калекцыі музычных інструментаў для краязнаўчага музея выяўлены цымбалы, зробленыя В. Высоцкім з в. Опліса, Б. Шакелем з в. Луні, С. Сарулем з Браслава.
Скрыпку на Браслаўшчыне называлі царыцай музыкі. Народныя музыкі ігралі на самаробных інструментах, карысталіся таксама і фабрычнымі. Сярод музыкаў Браслаўшчыны, якія ігралі на скрыпках уласнага вырабу, вядомы І. Ермалёнак з в. Слабодка, С. Рыхтар з в. Завер'е, А. Рыдзіка з в. Барадзінічы.
У кароткі час папулярным інструментам на Браслаўшчыне стаў гармонік. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. гэты інструмент быў тут амаль невядомы. Калі жыхар в. Брылеўшчына К. Шакель выпісаў гармонік з Пецярбурга, паглядзець на дзіўны інструмент прыходзілі не толькі аднавяскоўцы, але і людзі з навакольных вёсак. Паступова вырабляць гармонікі навучыліся мясцовыя ўмельцы, напрыклад, Ю. Навічонак з в. Укля, У. Балтрукевіч з в. Лапяны, Максімовіч з в. Бяльмонты. Найбольш вядомымі майстрамі былі браты Лютынскія з в. Пагост. У калекцыі Браслаўскага краязнаўчага музея прадстаўлены некалькі інструментаў іх вытворчасці, прыгожа аздобленыя інкрустацыяй.
Пры ансамблевым выкананні мелодый ужываліся бубны. З духавых інструментаў – кларнеты. Доўгі час на кларнеце іграў П. Лук'янскі з в. Думарышкі. Свой інструмент музыка атрымаў у падарунак пасля паспяховага выступлення ваеннага аркестра перад імператарам Мікалаем I.
Даволі шырока былі распаўсюджаны шумёлы – наборы бразготак на скураным поясе, якія ў час святаў прывязвалі да хамутоў.
Ёсць асобныя згадкі аб бытаванні на Браслаўшчыне ў пачатку XX ст. цытры – струннага шчыпковага інструмента, у 1920–1930 гг. – балалаек, віяланчэляў, мандалін.
Адной з традыцый народнай музычнай культуры Браслаўшчыны было існаванне часовых гуртоў музыкаў-капэляў. Музыкі збіраліся для ігры на вяселлях, вечарынах, іншых святах. Вясельныя капэлі былі невялікія – два-тры чалавекі. На вечарынах збіралася і больш музыкантаў. У час вялікіх касцёльных святаў музыкі ўдзельнічалі ў службе. Падбор інструментаў залежаў ад мясцовых традыцый, наяўнасці тых ці іншых музыкантаў. Найбольш часта сустракаліся такія спалучэнні інструментаў: цымбалы – скрыпка – гармонік, або кларнет – цымбалы – бубен – гармонік, або скрыпка – гармонік, цымбалы – скрыпка. Некаторыя капэлі існавалі не адзін дзясятак гадоў, славіліся на ўсю акругу. Часта капэлі складаліся з членаў адной сям'і, напрыклад, капэлі братоў Карневічаў з в. Астанеўцы. Амаль усе музыкі асвойвалі інструменты самастойна з дапамогай старэйшых. Такім чынам, перадавалася не толькі майстэрства, але і рэпертуар. Звычайна капэля валодала 30–40 мелодыямі.
У вёсцы Стаўрова Браслаўскага раёна працуе група, якая валодае аутэнтычным фальклорам. Гэта фальклорная група ў 1998 годзе стала дыпламантам абласнога конкурсу ў рамках І рэспубліканскага фестывалю самадзейнай творчасці «Беларусь – мая песня». Вакальная група Друеўскага ДК выконвае стылізаваны фальклор. У рэпертуары народнага фальклорнага ансамбля «Вярба» Дрысвяцкага ДК пераважаюць беларускія, польскія песні.
Найбольш распаўсюджанымі традыцыйнымі танцамі на Браслаўшчыне з'яўляюцца кадрыль, полька, вальс. Пад уздзеяннем мясцовых харэаграфічных традыцый яны змяніліся, набылі характэрныя асаблівасці, каларыт. Варыянт беларускай народнай кадрылі, якую танцавалі на Браслаўшчыне, насіў назву «Лянцей». Полька на Браслаўшчыне мае рысы прыбалтыйскага харэаграфічнага фальклору. Гэта «Рэнь-полька», «Грэц-полька».
ПЕСЕННАЯ ТВОРЧАСЦЬ БРАСЛАЎШЧЫНЫ
У песеннай спадчыне адметнае месца займаюць песні пра каханне. Адна з іх «На капусту воду нашу» запісана ў в. Стаўрова Г. Цітовічам.
На капусту воду нашу,
На руту не буду.
Прыйдзе восень – замуж пайду,
Шчыпаці не буду.
Прыйшла восень, замуж не йшла:
Маці не аддала.
Дзякуй табе, матулечка,
Што я пагуляла.
Не аддай мяне вясною
За таго другога,
З маім любым кавалерам
Расстацца не могу.
Не бі мяне, матулечка,
Бярозавым прутам,
Не разлучыш, дарагая,
З гэтым баламутам.
Сямейна-бытавыя песні блізкія па тэме да песень пра каханне, але распавядаюць яны ўжо аб сямейным жыцці, дзе не ўсё бывае так гладка і радасна, як да жаніцьбы. У іх чаргуецца больш смутку, як, напрыклад, у песні «Чырвона каліна», запісанай у в. Завер'е.
Чырвона каліна
Увесь свет засмуціла.
Чаму смутная, невясёлая,
Ці не маці пабіла?
– Мяне маці не біла,
Толькі я засмуціла,
Да не даў мне Бог, не судзіў мне Бог,
Каго верна любіла.
Пайду я да броду,
Да броду па воду,
Нахілюся я, прыглянуся я,
Ці харошага роду.
Я і роду хароша,
Мае ліца прыгожа.
Да не даў мне Бог, не судзіў мне Бог,
Мая доля няшчасна.
Я і коніка маю,
І дарожаньку знаю.
За ліхім мужам, за нядбайнікам
Я радню забываю.
Коні мае, коні,
Коні вараныя,
Ды ляціце ж вы, прынясіце ж вы
Мае лета маладыя.
Вясельныя песні раскрываюць змест асноўных момантаў вяселля – заручыны, вянчанне, вяселле ў маладой і вяселле ў маладога. У песні, запісанай пад Відзамі ў пачатку ХХ стагоддзя, перадаецца сум маладой перад вяселлем. Яна спявалася ў тым выпадку, калі маладая не мела бацькі з маці.
А хто там у лесе гукая?
Малада мамачкі шукая.
Шукала, шукала , не нашла,
Заплакала сільненька і пашла.
«Бедная мая галовачка ў вяночку,
Німа маёй мамачкі ў лясочку,
Бедна мая галоўка ў квеця –
Німа маёй мамачкі на свеця.
Станавіцеся баяры ўсе ў рад –
Будзе ісці малада на пасад.
Нізка галоўку кланячы,
Дробныя слёзкі ранячы.
Карыся, малада, карыся,
Старому, маладому кланіся.
Старога малога ні мінай,
Кожнаму да ножак прыпадай.
У Бога долечкі дабывай,
Коскамі зямельку падмятай,
Слёзкамі сцежачку палівай.
Пасля нараджэння дзіцяці праводзілі абрад радзінаў. У в. Слабодка ў пачатку ХХ ст. запісана наступная радзінная песня.
Спарадзіла мяне мамка ў вялікую п'ятніцу.
Спарадзіўшы, мамка мяне цёплай вадзіцай памыла,
Вадзіцай памыўшы ў тонкі пялёнкі спавіла,
Спавіўшы, кумам на рукі падала.
Да, падаўшы, Госпада Бога прасіла:
Судзі, Божа, майму дзіцяці да хросту,
Да ад росту судзі, Божа, да вінца
Да ад вінца судзі, Божа, да жыцця.
Песні працоўнага календара адлюстроўвалі асноўныя клопаты сялян у розныя поры года. Веснавая песня «Юр'я, устань рана» запісана ў вёсцы Завер'е.
Юр'я, устань рана,
Юр'я, мыйся бела.
Юр'я, ідзі ў стайню,
Юр'я, сядлай каня.
Юр'я, едзь у поле,
Юр'я, адамкні зямлю,
Юр'я, пусці расу,
Юр'я, цяпленькую,
Юр'я, бяленькую.
Адзін з самых адказных этапаў у працоўным жыцці сялян – збор ураджаю. З ім звязана вялікая колькасць жніўных песень. Адна з іх «Добры вечар, да зімная хатка» запісана ў в. Завер'е:
Добры вечар, да зімная хатка,
Да няродная мамка.
Не пытаіць, да ці баляць ручкі,
Да ці баляць плечкі,
Ды пытаіць, ці многа зжала,
Ці многа нажала,
Добры вечар, да цёплая хатка,
Да родная мамка,
Не пытаіць, ці многа зжала,
Ці многа нажала,
Ды пытаіць, ці баляць ручкі,
Ды ці баляць плечкі.
Восенню, калі збіраліся апошнія плады сялянскай працы, складаліся восеньскія песні. Гэтая песня запісана ў в. Іказнь.
Ой, гуляй, гуляй, шчучка – плоціца,
Пакуль цепла вадзіца:
Марозы будуць, возеры стануць –
Гуляці не будзеш.
Ой, гуляй, гуляй, млода Ганначка,
Пакуль у роднай матулькі:
У свякроўкі станеш, рана ўстанеш –
Гуляці не будзеш.
Зімовай парой жанчыны шмат часу аддавалі рукадзеллю – пралі, ткалі, вышывалі. У час прадзення спяваліся кудзельныя песні, як гэта, запісаная на Браслаўшчыне ў пачатку ХХ ст.:
Доўга, доўга я з вячора сяджу,
Тонкі белы кужалёк праду,
Часта, часта праз аконачка гляджу,
Я думала, ясен месяц усходзіць,
Ажно мой міленькі каля аконца ходзіць.
Талака абавязкова заканчвалася застоллем, у час якога спявалі талочныя песні, такія, як гэта, запісаная ў Відзах у пачатку ХХ ст.
Талака, талакутніца!
Ні дасце гарэлкі, ня буду піць,
Ні дасце гарэлкі, дайце кісялю,
Я вашу бяседачку адна развесялю.
Тугой і сумам напоўнены песні, якія спявалі ў час провадаў хлопцаў на вайсковую службу. Вайсковая песня апісана ў в. Слабодка ў пачатку ХХ ст.
Бацька каня гадуець,
А сын у бацькі пытаець:
На што, татка, каня гадуеш?
А ён кажэць: Для цябе, сынку,
Ты на вайну паедзеш,
Нас у дома пакінеш,
Ні плач, татка, пры мне
Наплачэшся без мяне даволі
Як ня ўвідзіш ніколі.
Мамка кашульку шыець
І сільнюсенька плачэць,
Сын у мамкі пытаець:
На што, мамка, кашульку шыеш?
– Табе, сынку, табе:
Ты на вайну паедзеш,
Нас у дома пакінеш.
– Ні плач, мамка, пры мне
Наплачашся даволі
Як ня ўвідзіш ніколі.
Шмат бытавала песень, звязаных з рознымі святамі – Купаллем, Калядамі, Вялікаднем. Вось прыклад купальскай песні, якую спявалі ў вёсцы Слабодка ў пачатку ХХ стагоддзя:
А на Яна ночка мала
Я маладзенька ні даспала,
Усю ночку прахадзіла,
Купалінькі збірала,
Цвяточкі выбірала
У вяночкі завівала,
Таму – сяму прадавала,
А міламу даравала.
А гэту велікодную песню спявалі яшчэ ў канцы ХІV стагоддзя на Казяншчыне.
Цераз поле шырокае,
Цераз межы залаценькія
Ішлі тудою валачэльнікі,
Ішлі яны іграючы, прыпяваючы,
Яснага пана ды пытаючы
Якога пана? – Пана гаспадара.
– Дзень, добры дзень, пану гаспадару!
Калі ў дому, акажыся,
К святому дню прыбярыся,
К святому дню, к Вялікадню
Халоднаю вадзіцаю ўмывайся,
Чыстым палаценцам уцірайся,
У новыя лапці абувайся,
У белую світку адзявайся.
Замятай двары ды павым пяром,
Усё павым пяром, залатым крылом.
Пастаўляй сталы ўсё цясовыя,
Усё цясовыя, папісоныя,
Засцілай сталы ўсё кітайкаю,
Кітайкаю да зялёнаю.
Стаўляй кубкі срабляныя,
Налівай кубкі зялёным віном.
Зялёным віном, чорным півам,
Чорным півам, саладкім мядком.
Зелена віно – пану гаспадару,
Чорна піва - для яго жаны,
Саладок мядок – для яго дзетак.
Да чым наш пан аславіўся,
Чым гаспадар падарыўся?
ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ БРАСЛАЎШЧЫНЫ
- Летні дождж – на сена гной, а на карову лой.
- Дождж не дубіна і я не гліна.
- У маі дождж – на ніву рож.
- Май – і пад кустом рай.
- Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі.
- Не гані каня калом, а гані аўсом.
- Рыбка ў рацэ, шчасце ў руцэ.
- Як пашыеш, так і зносіш.
- Шавец шыіць – жонка выіць.
- Музыкант іграець – жонка хлеба не маець.
- Не той харош, хто прыгож, а той харош, хто для дзела гож.
- Колькі розуму, столькі работы.
- Як многа сабак, дык двор не аббрэханы.
- Голад – найлепшы кухар.
- Наладуеш добра брух, дык і жыццё ух.
- Хоць які ядак, а як нет лыжкі – сядзі так.
- Пытаецца вата, ці далёка хата, а шуба не.
- Дзе сасна не стаіць, а ўсё свайму бору шуміць.
- На чужыне паклонішся і баране.
- Той добры край, дзе хлеба акрай.
- Хоць галодны – абы жыццё свабодна.
- І поп бы піў, каб чорт гарэлкі купіў.
- Усё роўна, ці за адну нагу вісець, ці за дзве целяпацца.
- З дужым не барыся, з багатым не судзіся.
- Праз аднаго барана ўсё стада пагана.
- Не ўгасці мяне піўцом, а ўгасці слаўцом.
- Добра сытага карміць, а лысага галіць.
- Прыйшоў не званы і пайшоў не сланы.
- Які госць, такое і снеданне.
- Хоць голы, абы вясёлы.
- Якая на свінні шэрсць, такая ёй і чэсць.
- Не смейся бядзе, дасць бог і табе.
- Ліхам свет не перадышаш.
- Ад напасці і чорт плачыць.
- Ад прыбылі галава не баліць.
- Як просяць, так жнуць і косяць,а як выпрасяць – то зелена, то пажата.
- Каму што, а цыгану сала.
- Лепш у дзеўках сядзець, чым замужам марнець.
- З вялікіх выбораў – лапці ды аборы.
- Маладым хоць у вір, абы нам пір.
- Свату першая чарка і першая палка.
- За саплівым сватам не паходзіш з платам.
- Адзін і ў хаце прапаў.
- Хату мяці, а шуму вон не вынасі.
- Мужык хай будзе, як долата. Абы за ім была, як золата.
- Дзе хазяек шэсць, там нечага есць.
- Не вер жонцы ў дому, кабыле ў дарозе.
- Нет тых лавак, дзе купляюць родных мамак.
- У каго матка, у таго і галоўка гладка.
- Свая матка б'ючы не заб'е, а чужая гладзячы загладзіць.
- Як зяць за парог, дык цешча за пірог.
- Па роду і куры чубатыя.
- Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі – пасі, як авечку, тады выйдзе на чалавека.
- Б'юць таго, хто плача, а вучаць таго, хто слухае.
- Хоць у кармане пуста, але ногі сыплюць густа.
- Хто не мае сілы, таму свет нямілы.
- Старой бабе і на печы ўхаба.
- Разумная галава, ды дурню прышлася.
- Лепей галаве пакланіцца, чымся нагам.
- Хто бяжыць, той і спатыкаецца.
- З адным «вась – вась», а другога пхне ў гразь.
- Хвастлівага ад багатага не распазнаеш.
- Не бойся ліхога, а бойся ціхога.
- Каму што, а пеўню бойка.
- Хто з язычком, той з піражком.
- Мысль за гарамі, смерць за плячамі.
- Не ганіся за вялікім, а то і малое згубіш.
- Лёгка кінуць, але цяжка падняць.
- Былі паны, ды пагублялі штаны.
- Гонар і слава таму прыходзіць, хто ў працы наперадзе ходзіць.
ЛІТАРАТУРА
1. Бурлакова, В. Хата з матчынай душой / В. Бурлакова // Браслаўская звязда. – 2015. – 16 снеж. – С. 5.
2. З песеннай спадчыны Браслаўшчыны // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 630–633.
3. Лобач, У. Этна-культурная спецыфіка Поўначы Браслаўскага Паазер'я / У. Лобач // Браслаўскія чытанні : матэрыялы III-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 200 угодкам паўстання 1794 года. 21–22 красавіка 1994 г. / адказны за вып. К .С. Шыдлоўскі. – Браслаў, 1994. – С. 39–42.
4. Маховская, И. Традиционные родинные обычаи и обряды Браславщины / И. Маховская // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 935-годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 65–67.
5. Махоўская, І. Радзінныя традыцыі і абрады Браслаўшчыны / І. Махоўская // Браслаўская звязда. – 2000. – 23 жн. – С. 3.
6. Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы – 2018» // Браслаўская звязда. – 2018. – 23 мая. – С. 4–5.
7. Навагродскі, Т. Народная кулінарыя Браслаўшчыны (на матэрыяле палявых этнаграфічных даследванняў) / Т. Навагродскі // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 935-годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 68–70.
8. «Ой, віце, віце, мае дзевачкі, вяночак...» / падрыхт. Ж. Бялько // Браслаўская звязда. – 2017. – 27 верас. – С. 6.
9. Палулех, З. «Горка» па-беларуску / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2013. – 7 жн. – С. 3.
10. «Тры каралі» // Браслаўская звязда. – 1999. – 2 чэрв. – С. 2.
11. Узоры адзення жыхароў Браслава 9–12 стст. // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 25.
12. Шыдлоўскі, К. І са скрыпкаю, і з дудою... / К. Шыдлоўскі // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 633–635.