Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі Браслаўскага раёна

Востраў замак

У заходняй частцы вострава знаходзіцца ўмацаванае гарадзішча, да якога з усходу прымыкае неўмацаванае паселішча. Плошча гарадзішча каля 1 га. Вышыня ад падэшвы 15 м. Пляцоўка з усіх бакоў абкружана валам вышынёй ад 6 да 9 м. Адносную даціроўку (пачатак І тысячагоддзя н. э.) дае знойдзеная пад насыпам вала ляпная кераміка гэтага перыяду. Апошняя падсыпка зроблена з культурнага пласта гарадзішча і датуецца керамікай ХІV–ХVІ стст.

Знойдзены на гарадзішчы матэрыял даволі разнастайны і дазваляе шырока характарызаваць заняткі і быт насельніцтва. Гэта кераміка Х–ХІІІ стст., якая прадстаўлена абломкамі гаршкоў, накрыўкамі, міскамі, збанамі. Сярод металічных прадметаў пераважаюць нажы, зброя, бронзавыя і жалезныя ключы да розных тыпаў замкоў. На гарадзішчы мела развіццё ювелірная вытворчасць, пра што сведчаць выяўленыя пінцэт і ювелірныя цісочкі. Прадукцыя кастарэзаў прадстаўлена тронкамі нажоў, мініяцюрнай арнаментаванай лыжачкай для прычасця. Выяўлены таксама бандарны інструмент.

Унікальнай знаходкай з вострава Замак стала шыферная праселка цёмна-ружовага колеру са старажытна-славянскім надпісам «ДЕ ПРАСЛ». Яна датуецца ХІ–ХІІІ стст. Надпіс гэты яскрава сведчыць аб адукаванасці мясцовага насельніцтва, яго высокім культурным узроўні. Трэба адзначыць, што гэта знаходка ўвогуле мае вялікае значэнне для гісторыі і культуры беларускага народа. Праселка з Дрысвят пашырае геаграфію эпіграфічных помнікаў і далучае Браслаўшчыну да іншых раёнаў, дзе былі выяўлены аналагічныя знаходкі. Такім чынам, узмацняецца выснова аб шырокім распаўсюджанні пісьменнасці сярод нашых продкаў у часы Полацкай зямлі.

Наяўнасць умацаванага дзядзінца і пасада лічыцца класічнай формай горада перыяду ранняга феадалізму. Паселішча на востраве Замак воз. Дрысвяты, можна ўпэўнена сказаць, з'яўлялася горадам, які не зафіксаваны на старонках старажытных летапісаў і хронік. Да ХІІІ ст. гэты горад выконваў функцыі парубежнай крэпасці Полацкай зямлі на паўночным захадзе.

У наступныя стагоддзі адбываліся значныя змены ў жыцці насельніцтва Браслаўшчыны. Шматлікія войны значна змянілі дэмаграфічную сітуацыю ў памежных раёнах, у першую чаргу паменшылася колькасць насельніцтва, спынілася жыццё на шматлікіх паселішчах. Верагодна, такі ж лёс напаткаў і населены пункт на востраве Замак.

Новы перыяд у гісторыі Замка пачаўся ў першай палове ХV ст., калі Вялікае княства Літоўскае разам з каронай Польскай здолелі перамагчы еўрапейскае рыцарства. Менавіта ў гэты час пачынае актывізавацца жыццё на востраве Замак. У нешматлікіх пісьмовых крыніцах зафіксавана, што з пачатку ХV да пачатку ХVІІ ст. на востраве возера Дрысвяты функцыянавала мястэчка з аднайменнай назвай і драўляны замак, які быў умацаваны зямельнымі валамі. Адсюль і востраў завецца Замак. Пасля пажару 1622 года жыццё тут канчаткова спынілася, а жыхары перасяліліся на паўднёвы бераг возера, дзе зараз і існуе сучасная вёска Дрысвяты.

Гарадзішча Замкавая гара

Гарадзішча знаходзіцца на пагорку вышынёй 14 метраў, які дамінуе над навакольнай мясцовасцю. Пляцоўка памерам 200х100 м умацавана валам вышынёй ад 3–4 м на паўднёвым усходзе да 9 м на паўночным захадзе. Даследаванні абарончых збудаванняў ва ўсходняй частцы помніка дазволілі прасачыць стратыграфію і элементы вала, вылучыць тры этапы яго будаўніцтва. Падчас раскопак высветлілася, што культурныя напластаванні старажытнага паселішча Браслава Замкавай гары маюць магутнасць ад 2 м каля валоў да 0,25 м у напрамку да цэнтра пляцоўкі.

Культурныя напластаванні ХІ–ХІІІ стагоддзяў утрымліваюць багаты і разнастайны археалагічны матэрыял, які пры адсутнасці пісьмовых звестак з'яўляецца адзінай крыніцай ведаў аб эканамічным жыцці, развіцці гаспадаркі, гандлёвых сувязях, узроўні матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва старажытнага Браслава і бліжэйшага наваколля. Раскапаныя рэчы былі зроблены з жалеза і каляровых металаў, гліны і каменю, косці і шкла. У першую чаргу вылучаюцца прадметы бытавога прызначэння з жалеза: крэсівы, замкі і іх часткі, ключы, рыбалоўныя кручкі і інш. Больш за ўсё ў культурных напластаваннях гары захаваліся рэшткі ганчарных вырабаў. Гэта шматлікія фрагменты гаршкоў, збаноў, місак, накрывак. Гэта сведчыць аб наяўнасці прамысловай вытворчасці керамічнага посуду. Касцяныя вырабы прадстаўлены двухбаковымі грэбнямі, тронкамі нажоў, праколкамі. Шматліка і разнастайна прадстаўлены сярод археалагічных матэрыялаў з Замкавай гары ювелірныя вырабы і ўпрыгожванні. Выяўленыя тры нацельныя крыжыкі сведчаць аб пранікненні хрысціянства ў гэты рэгіён Беларусі. А знойдзеныя ў Браславе два жалезныя пісалы-сцілы ХІІ–ХІІІ стст. гавораць аб наяўнасці пісьменных людзей сярод насельнікаў Замкавай гары.

Унікальнай знаходкай з'яўляецца так званы «лічман» – жэтон для лічэння. Падобныя жэтоны выкарыстоўваліся ў Еўропе ў купецкіх і банкаўскіх аперацыях. Знаходка з Браслава пакуль што адзіна вядомая на тэрыторыі Беларусі.

Такім чынам, аналіз атрыманага падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары ў Браславе матэрыялу паказвае, што жыццё на гарадзішчы пачалося з другой паловы І тысячагоддзя і працягвалася аж да ХVІІІ стагоддзя ўключна. Першапачатковымі насельнікамі былі латгалы. Росквіт паселішча прыпадае на ХІ–ХІІІ стст., калі Браслаўскае Паазер'е ўваходзіла ў склад Полацкай зямлі, першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі. Сістэма прыродных і штучных абаронных умацаванняў, магутнасць культурных напластаванняў, колькасць і функцыянальнае прызначэнне знойдзеных рэчаў сведчаць, што Браслаў з'яўляўся ў гэты перыяд сваёй гісторыі населеным пунктам гарадскога тыпу, эканамічным, адміністрацыйным і каланізацыйным цэнтрам Полацкага княства з даволі развітай гаспадаркай.

У літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. сустракаецца некалькі паданняў, звязаных з гарадзішчам Замкавая гара ў Браславе, аб тым, што гарадзішча цалкам насыпное і зроблена палоннымі салдатамі, аб падземных хадах, якія злучалі калісьці замак з касцёлам і палацам у Бяльмонтах, аб падзямеллі, дзе аднойчы бачылі здань прыгожай жанчыны з сабакам, якія вартавалі вялізную скрыню са скарбамі.

Гарадзішча ля в. Жвірблі

Мясцовая назва Піля. Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі, на высокім пагорку. У паўночна-ўсходняй частцы пагорка слаба выражаная авальная пляцоўка памерам 60х80 м. Каля паўднёва-ўсходняга краю пляцоўкі дугой размешчана паласа камянёў рознай велічыні – магчыма, рэшткі ўмацавання. Захаваліся рэшткі вала вышынёй да 2 м, умацаванага каменнай выбрукоўкай уверсе і па схіле з боку поля. У паўночна-ўсходняй частцы вала шмат буйных валуноў. Даследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. Культурнага пласта няма. Верагодна, гэта гарадзішча-сховішча.

Гарадзішча ля в. Зазоны

Мясцовая назва Замак. Знаходзіцца на высокім круглым пагорку, каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі, злева ад дарогі Браслаў – Даўгаўпілс. Адкрыў у канцы XIX стагоддзя Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1971 годзе М. М. Чарняўскі. Пляцоўка памерам 60х50 м, культурны пласт 0,3–0,4 м. Знойдзены рэчы днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі (VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.).

Гарадзішча ля в. Замошша

Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі паміж азёрамі Шылава і Замошскае. Пляцоўка роўная, памерам 70х30 м, вышынёй 3,5 м. Адкрылі і абследавалі ў 1930-я гады А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1977 годзе В. І. Шадыра і Л. У. Дучыц. Культурны пласт 1,3 м. У ім знойдзены ляпная кераміка днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур. Датуецца VI ст. да н. э. – III ст. н. э.

Гарадзішча за 2 км ад в. Літоўшчына

Мясцовая назва Татарская гара. Знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі, за 100 м ад хутара Татараўшчына. Даўжыня пляцоўкі 100 м, шырыня 14–60 м. Земляных умацаванняў не мае. Адкрыў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе М. М. Чарняўскі, у 1978 годзе Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,3–0,4 м, у ім знойдзены фрагменты ляпной кірамікі. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры. Датуецца VI ст. да н. э. – III ст. н. э.

Гарадзішча за 0,8 км ад в. Лукшы

Знаходзіцца за 0,8 км на захад ад вёскі. Пляцоўка памерам 36х17 м узвышаецца на 5–6 м над наваколлем. Земляных умацаванняў не мае. Адкрылі ў 1930-я гады А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1977 годзе абследавала Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,7 м, выяўлены на схілах. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду і косці жывёл. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры. Датуецца V ст. да н. э. – III ст. н. э.

Гарадзішча за 0,3 км ад в. Майшулі

Знаходзіцца за 0,3 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Рацкі Бор. Пляцоўка памерам 50х27 м умацавана 3 валамі і ровам. Шырыня вала каля асновы 4 м, па грэбені 2 м, шырыня рова 2 м. Адкрыў і абследаваў у 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1977 годзе В. І. Шадыра і Л. У. Дучыц. Культурны пласт не выяўлены.

Гарадзішча за 0,3 км ад в. Маскавічы

Знаходзіцца за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на беразе воз. Дзерба. Пляцоўка няправільнай формы, плошчай 1 га. З паўночнага і ўсходняга боку абкружана балоцістай нізінай. Паўночны бок мае плаўны схіл. Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, ў 1972 годзе М. М. Чарняўскі. У 1976–1983 гг. раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц. Ускрыта 2200м2 плошчы. Культурны пласт у цэнтры, на паўночным і заходнім схілах ад 0,2 да 0,3 м, на заходняй тэрасе дасягае 1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, наканечнікі стрэл і коп'яў, шпоры, страмёны, вырабы з косці, і інш. Выяўлены 3 крыжы-складні. На адным з іх на вонкавым баку распяцце, на адваротным – выява маці боскай з дзіцём. З абодвух бакоў па краях – медальёны з выявамі святых. Два іншыя складні па форме аднолькавыя, у іх расшыраныя канцы з кроплепадобнымі выступамі па вуглах. Адзін з іх упрыгожаны эмаллю і пазалотай.

Гарадзішча ля в. Пустошка

Мясцовая назва Чортава Гара. Знаходзіцца на заходнім беразе воз. Струста, каля дарогі Плысы – Браслаў. Пляцоўка роўная, памерам 55х15 м, узвышаецца на 20 м. Абследаваў у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. Раскопкі не праводзіліся.

Гарадзішча ў в. Рацюнкі

Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі. Узвышаецца над наваколлем на 10 м. Пляцоўка круглая, дыяметрам 45 м, земляных умацаванняў не мае. Вядома з 1895 года. Даследавала ў 1976, 1978, 1979, 1981 гг. Л. У. Дучыц. Ускрыта 236 м2 плошчы. Культурны пласт 0,6 м, у ім знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, рыбалоўныя кручкі і інш. Датуецца помнік VII ст. да н. э. – XIII ст. н. э. Адносіцца да днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур і перыяду Кіеўскай Русі.

Гарадзішчы ля в. Слабодка

Гарадзішча–1. Знаходзіцца за 0,8 км на паўднёвы захад ад вёскі, на высокім узгорку паўвострава Рог. Пляцоўка яйцападобнай формы, памерам 20х38 м, выцягнута з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. З паўднёва-заходняга краю на вузкім участку ўзгорка прасочваюцца вал і роў. Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. Культурны пласт каля 1 м. Знойдзены рэшткі ляпнога посуду, касцяныя праколкі і шылы, косці жывёл, якія адносяцца да днепра-дзвінскай культуры.

Гарадзішча–2. Знаходзіцца за 0,5 км на паўночны захад ад Гарадзішча–1. Пляцоўка дыяметрам каля 40 м, абкружана валам. У цэнтры пляцоўкі ўпадзіна – магчыма, рэшткі калодзежа. Абследаваў у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. Культурны пласт у агаленнях пляцоўкі 0,5 м. Знойдзены ляпная кераміка і косці жывёл. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры (VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.).

Гарадзішчы за 0,5 км ад в. Шавуры

Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на высокім і доўгім пагорку. Памер 70х30 м. З боку поля захаваліся рэшткі вала. Адкрыў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе М. М. Чарняўскі, у 1976 годзе і 1978 годзе Л. У. Дучыц. Культурны пласт 0,3–0,6 м, у ім знойдзены фрагменты ляпнога посуду. Адносіцца да днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур. Датуецца VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.

Курганны могільнік у в. Ахрэмаўцы

Могільнік знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі, справа ад шашы Браслаў – Шаркоўшчына. 76 насыпаў паўсферычнай формы. Адкрыў і даследаваў у 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі (7 насыпаў), даследавалі ў 1938 годзе А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч (2 насыпы), у 1976–1978 гг. і ў 1982 годзе Л. У. Дучыц (5 насыпаў). Пахавальны абрад – трупаспаленне. Сярод знаходак (выяўлены ў 4 курганах) – жалезныя і бронзавыя спражкі, пярсцёнак, 5 бронзавых скроневых кольцаў, фрагменты бронзавага ўпрыгожання, ляпныя пасудзіны. Могільнік належаў балта-славянскаму насельніцтву. Датуецца VIII–X стагоддзямі.

Курганны могільнік у в. Богіна

Могільнік знаходзіцца насупраць вёскі, на паўночна-ўсходнім беразе воз. Богінскае, справа ад дарогі з в. Вусце ў в. Плетарова. 10 насыпаў вышынёй ад 0,6 да 0,8 м, дыяметрам ад 5 да 6 м раскопкі праводзілі ў 1886 годзе У. Плятэр, у 1895 годзе Ф. В. Пакроўскі (3 курганы). Пахавальны абрад – трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены крэсівы, скроневыя кольцы, фібулы, трапецападобныя падвескі. Абследавала ў 1978 годзе і 1981 годзе Л. У. Дучыц. Датуецца VIII–XI ст., належаў балта-славянскаму насельніцтву.

Курганны могільнік у в. Вусце

Могільнік знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі, у лесе, злева ад дарогі на в. Казяны. 74 насыпы вышынёй ад 0,5 да 1,5 м, дыяметрам ад 5 да 12 м. Вядомы з канца XIX ст. У 1893 годзе 4 курганы раскапаў Ф. В. Пакроўскі, абследаваў у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. У 1982 годзе В. І. Шадыра і Л. У. Дучыц раскапалі 9 насыпаў. Пахавальны абрад – трупаспаленне на гарызонце (4 насыпы), каля вяршыні (1 насып), трупапалажэнне на гарызонце (1 насып), 3 курганы былі пустыя. Знойдзены жалезная сякера, наканечнік кап'я, нажы, жалезныя і бронзавыя спражкі, бронзавыя бразготкі, бранзалет, ляпны і ганчарны посуд. Датуецца VII–XI стагоддзямі, належаў балта-славянскаму насельніцтву.

Курганны могільнік у в. Далёкія

Могільнік знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі ў пералеску і на полі, каля дарогі ў в. Даўборы. 20 насыпаў вышынёй 1–1,5 м, дыяметрам 5–9 м. Даследавалі ў канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, ў 1972 годзе М. М. Чарняўскі, у 1980 годзе Л. У. Дучыц. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Знойдзены жалезныя нажы і спражкі, крэсіва, бронзавыя бранзалеты і гузікі, ляпныя пасудзіны. Датуецца VIII–XI стагоддзямі, належаў балта-славянскаму насельніцтву.

Курганны могільнік у в. Замошша

Могільнік знаходзіцца за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. 4 насыпы вышынёй ад 0,8 да 1 м, дыяметрам ад 4 да 6 м. Абследавала ў 1977 годзе, 1979 годзе Л. У. Дучыц (1 курган). Каля асновы насыпа выяўлена вуголле.

Курганны могільнік у в. Коўшынкі

Могільнік знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, каля дарогі. 25 насыпаў вышынёй ад 0,6 да 1,5 м, дыяметрам 6–12 м. Каля падножжа курганоў захаваліся невялікія равочкі. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавала ў 1978 годзе Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.

Курганны могільнік у в. Майшулі

Могільнік знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад гарадзішча. 20 курганоў (большасць з іх пашкоджаны) вышынёй 1 м, дыяметрам 5–6 м. Адкрыў і абследаваў у 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1977 годзе Л. У. Дучыц і В. І. Шадыра, якія ў 1983 годзе раскапалі 3 насыпы. Знойдзены В-падобная спражка, наканечнік кап'я, шкляныя пацеркі, бронзавыя бразготкі, жалезныя нажы, ляпны посуд і інш. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Датуецца VI–XI стагоддзямі, належаў балта-славянскаму насельніцтву.

Курганны могільнік у в. Опса

Могільнік знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад вёскі, у лесе. 80 насыпаў вышынёй ад 0,8 м да 2 м, дыяметрам ад 5 да 10 м. У канцы XIX ст. 11 курганоў даследаваў Ф. В. Пакроўскі. Пахавальны абрад – трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены жалезныя нажы і спражкі, крэсівы, бранзалеты, ляпныя пасудзіны. Могільнік абследавалі ў 1972 годзе М. М. Чарняўскі, у 1980 годзе Л. У. Дучыц. Датуецца VIII–XI стагоддзямі. Належаў балта-славянскаму насельніцтву.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Гарадзішча (в. Зазоны) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 148.

2. Гарадзішча (в. Лукшы) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 152.

3. Гарадзішча (в. Пустошка) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 155.

4. Гарадзішча (в. Шавуры) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 156.

5. Дучыц, Л. У. Гарадзішча (в. Літоўшчына) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 152.

6. Дучыц, Л. У. Гарадзішча (в. Маскавічы) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 152.

7. Дучыц, Л. У. Гарадзішча (в. Пустошка) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 155.

8. Дучыц, Л. У. Гарадзішча (в. Укля) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 156.

9. Дучыц, Л. У. Гарадзішча і курганны могільнік (в. Замошша) / Л. У. Дучыц, В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 148–149.

10. Дучыц, Л. У. Гарадзішча, курганны могільнік (в. Майшулі) / Л. У. Дучыц, В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 152.

11. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Ахрэмаўцы) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 140.

12. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Богіна) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 141.

13. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Вусце) / Л. У. Дучыц, В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 144.

14. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Далёкія) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 145.

15. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Опса) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 153.

16. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Укля) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 156.

17. Егорейченко, А. Городище Ратюнки / А. Егорейченко // Браслаўскія чытанні : матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853–1926) 7–8 мая 2003 года / К. Шыдлоўскі і інш.]. – Браслаў, 2003. – С. 33–35.

18. Замкавая гара ў Браславе / склад.: Г. М. Семянчук, К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1994. – 6 с.

19. Курганны могільнік (в. Коўшынкі) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 152.

20. Палулех, З. Гарадзішча раскрывае таямніцы гісторыі / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2005. – 16 ліп. – С. 2.

21. Плавинский, А. Раскопки могильника у деревни Ахремовцы / А. Плавинский // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 72–73.

22. Прогулка по Замковой горе // Браслав и его окрестности : путеводитель / текст К. Шидловский ; фото С. Плыткевич. – Минск : РИФТУР, 2006. – С. 18–25.

23. Семянчук, Г. Замкавая гара ў Браславе / Г. Семянчук // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 35–39.

24. Ткачоў, М. А. Замчышча (в. Дрысвяты) / М. А. Ткачоў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 146–147.

25. Ткачоў, М. Паселішча на востраве Замак возера Дрысвяты / М. Ткачоў, Г. Семянчук // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 43–46.

26. Чарняўскі, М. М. Гарадзішча (в. Жвірблі) / М. М. Чарняўскі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 148.

27. Чарняўскі, М. М. Гарадзішчы (в. Слабодка) / М. М. Чарняўскі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 155.

28. Штыхаў, Г. В. Гарадзішча (г. Браслаў) / Г. В. Штыхаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 138.

29. Шыдлоўскі, К. З гісторыі археалагічных даследванняў Браслава / К. Шыдлоўскі // Браслаўскія сшыткі. – 1996. – № 1. – С. 26–29.

30. Шыдлоўскі, К. Легенды Замкавай Гары / К. Шыдлоўскі, Г. Семянчук // Культура. – 2000. – 25 лістап. – 1 снеж. – С. 14.