Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі прыроды. Браслаўскі раён

На тэрыторыі палацава-сядзібнага комплекса ў в. Опса знаходзіцца самы стары дуб Браслаўшчыны вышынёй каля 20 м, якому больш за 200 гадоў. Існуе паданне, што пад ім некалі прыпыняўся Напалеон.

Адметная асаблівасць Браслаўшчыны – разнастайныя валуны. Усе вялікія валуны – гэта унікальныя прыродныя ўтварэнні. У Браслаўскім раёне каля 30 такіх камянёў з'яўляюцца геалагічнымі помнікамі прыроды.

Анісімавіцкі Вялікі Камень прынесены ледавіком са Скандынавіі, мае цэглападобную форму, добра загладжаную, адшліфаваную паверхню, што сведчыць пра яго знаходжанне пэўны час у актыўнай ніжняй частцы ледавіка пры транспарціроўцы.

Воласкі Камень адносіцца да скарбавых камянёў.

Краснагорскі Вялікі Камень і групы валуноў знаходзяцца ля вёскі Краснагорка. Яны прынесены ледавіком каля 18–20 тыс. гадоў таму з Выбаргскага масіву. Даўжыня самага вялікага з іх – 4,4 м, шырыня – 2,2 м, вышыня – 2,1 м, вага – 28,6 т.

Марцін Камень Лайбунаўскі належыць да фінскіх гранітаў і прынесены ледавіком з Фінляндыі. Наяўнасць паглыбленняў на камені сведчыць пра культавае значэнне валуна.

Пастухоў Камень Варапаншчынскі знаходзіцца ля вёскі Варапаншчына каля Іказні. Даўжыня яго 3,8 м, шырыня – 2,8 м, вышыня – 1,9 м, вага – 28,4 т. Прынесены ледавіком са Скандынавіі каля 18–20 тысяч гадоў таму.

Прададзены Камень Думарышкінскі адзін чалавек захацеў купіць для млына, але выцягнуць яго не змог. З таго часу валун атрымаў сваю назву, адзіную ў Беларусі.

Сіпавіцкі Камень з ямкаю адносіцца да камянёў з паўсферычнымі выемкамі і адшліфаванымі сценамі, якія шырока распаўсюджаны ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі. Выемка зроблена чалавекам у першым стагоддзі да н. э. У ямкі налівалі тлушч або алей, клалі кнот і запальвалі агеньчык. Большасць даследчыкаў бачаць у такіх камянях праяву культу памёршых, але паралельна вызначаюць іх ролю таксама ў культах урадлівасці і сонца. Звычайна гэтыя камяні размяшчаюцца на схілах рэк і ручаёў.

Камень Следавік Думарышкінскі належыць да групы рэдкіх, так званых «Лекавых камянёў» і мае вялікае гістарычнае значэнне.

Старадварышчанскі Ямкавы Камень мае люстраны адбітак сузор'я Вялікай Мядзведзіцы. Паглыбленні зроблены чалавекам 2–2,5 тысяч гадоў таму. Меў культавае значэнне для нашых продкаў.

Струстаўскі Камень з Надпісам з'яўляецца геалагічным помнікам прыроды з 1992 года. На яго верхняй роўніцы захаваўся надпіс «R 1780», які варты дадатковага дэталёвага гістарычнага і этнаграфічнага вывучэння.

Чортаў Камень Багданаўскі мае даўжыню 3,4 м, шырыню – 3,1 м, вышыню – 2,2 м, вагу – 32,6 т. На верхняй роўніцы адзначана паглыбленне да 35 см глыбінёй, якое мае натуральнае паходжанне і нашы продкі выкарыстоўвалі яго для рытуальных мэт.

Мінералага-петраграфічны помнік прыроды Чортаў Камень Рычаўскі знаходзіцца ля в. Анісімавічы. Яго даўжыня – 4,2 м, шырыня – 1,9 м, вага – 38 т.

Да помнікаў прыроды адносяцца таксама Крэўняўскі Валун, Едагальскі Вялікі Камень, Браслаўскі Вялікі Камень, вага якога звыш 30 т. На цяперашні час гэта самы буйны валун Браслаўшчыны.

Вялікімі памерамі і вагой каля 40 т вызначаюцца Юравіцкі Вялікі Камень, Аколіцкі Вялікі Камень, Пузавіцкі Вялікі Камень, Леўшаўскі Вялікі Камень.

Па прапанове Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Браслаўскі райвыканкам прыняў спецыяльнае рашэнне аб наданні статусу асабліва ахоўваемых аб'ектаў і тэрыторый ландшафтна-геамарфалагічным і геамарфалагічным заказнікам прыроды, такім як Едагальская Града з гарой Пакруша. Заказнік знаходзіцца на паўночна-заходняй частцы раёна. Уяўляе сабой канцова-марэнную граду радыяльнага тыпу, якая на ўсходзе ператвараецца ва ўчастак рэльефу з ізаляванымі канцова-марэннымі пагоркамі. Максімальная абсалютная адзнака тэрыторыі заказніка – 179,2 м над узроўнем мора. Утварылася прыкладна 14–15 тыс. гадоў таму ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці ледавіковага покрыва і яго расталых водаў. Плошча заказніка 12 км2.

Заказнік Слабодкаўская Озавая Града ўяўляе сабой озавую граду, якая цягнецца ў субшыротным напрамку ў выглядзе вузкай і доўгай азёрнай паўвыспы. Гэта натуральная мяжа паміж азёрамі Поцех і Недрава складаецца з невялікіх градак і выцягнутых у адзін рад пагоркаў, якія пасаджаны на агульны цокаль. Слабодкаўская Озавая Града належыць да форм рэльефу нерухомага мёртвага лёду. Даўжыня грады каля 2,5 км, шырыня ад 0,1 да 0,4 км.

Заказнік Янэльская Катлавіна ўяўляе сабой буйное гляцыякарставае паніжэнне авальнай формы. Заказнік утварыўся пры расставанні мёртвага лёду прыблізна 15–13 тысяч гадоў таму. Яго плошча –1,5 км2.

Геолага-геамарфалагічны помнік прыроды Баркуновы Горы (озавая града) уяўляе сабой тэрыторыю, на якой уздоўж даліны ракі Раўкета цягнуцца дзве озавыя грады. Паўднёвая града мае даўжыню каля 1 км, паўночная – 0,3 км. Іх вяршыні акруглыя, вузкія, грэбень хвалісты. Пакатасць схілаў вялікая. Адметнасць іх марфалогіі ў тым, што яны складаюцца як бы з ланцужкоў акруглых пагоркаў, якія размешчаны блізка адзін ля аднаго і маюць агульны цокаль.

Помнік прыроды Муйсаўскі Звонец належыць да форм рэльефу пераважна мёртвага лёду – звонцавых утварэнняў (азёрна-ледавіковых глін). Плошча заказніка – 1,6 км2.

Помнік прыроды Маскавіцкія Камы прадстаўлены двума камавымі пагоркамі – большым і вышэйшым ля вёскі Маскаўцы і меншым і ніжэйшым (гара Замкавая) ля вёскі Рацюны. Абодва камы маюць круглую форму, параўнальна плоскую вяршыню. Плошча помніка – 1,1 км2.

Пузавіцкая Кальцавая Структура Абадок знаходзіцца сярод балотнага масіва, што абкружаны марэннымі пагоркамі з усіх бакоў. Яна ўяўляе сабой амаль ідэальны кальцавы вал, які ўзнімаецца над паверхняй балота на 2,5 м. Плошча помніка прыроды – 0,8 км2.

Геамарфалагічныя помнікі прыроды Субоцішскія Пагоркі хутчэй за ўсё адносяцца да камаў, а Думарышскія Пагоркі ўяўляюць сабой выразныя канцова-марэнныя пагоркі Браслаўскай грады. Струсцянскі Кам (Баханок) – гэта акруглы і высокі пагорак, размешчаны на беразе возера Струста. Ён невялікі, мае слаба выпуклую вяршыню і стромкія схілы. Найбольш высокім з камаў, якія сустракаюцца ля возера Струста – гара Маяк на паўвыспе паміж азёрамі Струста і Снуды.

На Браслаўшчыне размешчана ніжэйшая кропка Паўночнай Беларусі – Фядорынкі, якая мае абсалютную адзнаку 97,7 м над узроўнем мора. Найвышэйшыя пагоркі Браслаўшчыны – Смулькі – утвараюць субмерыдыяльную ізаметрычна выгнутую канцова-марэнную граду. Недалёка ад яе месціцца самая высокая кропка Браслаўскага ўзвышша (210,8 м), а таксама Воўчая Гара з абсалютнай адзнакай 206 м і іншыя.

Па дарозе з Браслава да гары Маяк ёсць вядомая крыніца пад назвай Акмяніца, якая атрымала назву ад аднайменнай ракі Акмяніцы, якая працякае побач і ўпадае ў возера Струста.

Другая назва крыніцы – Зімнік. Таксама мясцовымі жыхарамі крыніца завецца яшчэ як Шалькіня (з літоўскай мовы – «халодны» або «зімовы»), так як крыніца не замярзае зімой. Крыніца вядома даўно, часта наведваецца шматлікімі турыстамі. Пры правядзенні даследаванняў вады з крыніцы выявілася, што ў Акменіцы на паверхню выходзіць крыніца мінеральнай вады хларыдна-натрыевага тыпу. Крыніца размешчана паблізу ад дарогі, якая вядзе з вёскі Струста ў вёску Чэрнішкі. Паблізу размешчана турыстычная стаянка «Окменица». Рашэннем Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта крыніца Акмяніца абвешчана гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

 

Экалагічная трапа «Слабодкаўская Озавая Града». Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byБарысаў камень у в. Друя. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byФотаздымак з сайта https://globus.tut.by/Крыніца Акмяніца, Браслаўскі раён. Фотаздмык з сайта http://www.fotobel.by/Крыніца Акмяніца, Браслаўскі раён. Фотаздмык з сайта http://www.fotobel.by/Крыніца Акмяніца, Браслаўскі раён. Фотаздмык з сайта http://www.fotobel.by/Фотаздымак з сайта https://globus.tut.by/Браслаўская града. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.org Від на возера Струста з гары Маяк, Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://be-tarask.wikipedia.org

ЛІТАРАТУРА

1. Валуны Браслаўшчыны // Браслаўская звязда. – 2018. – 13 чэрв. – С. 6.

2. Вінакураў, В. Геалагічная спадчына Браслаўшчыны / В. Вінакураў // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935-годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 17–22.

3. Вінакураў, В. Ледавіковыя валуны Браслаўшчыны / В. Вінакураў // Народнае слова. – 1994. – 4 жн. – С. 7.

4. Геалагічныя помнікі прыроды Браслаўшчыны // Браслаўская звязда. – 2001. – 13 студз. – С. 3 ; 8 жн. – С. 3 ; 15 жн. – С. 3.

5. Наш прыгажун – ласкава называюць у пасёлку Барысаў камень // Рэспубліка. – 2004. – 18 чэрв. – С. 4.

6. Сергіевіч, К. Знаходка агульнанацыянальнага значэння / К. Сергіевіч // Браслаўская звязда. – 2002. – 18 снеж. – С. 2, 4.

7. Унікальнае побач / падрыхт. А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 16 жн. – С. 4.

8. Шапалоўская, А. Валуны нашай мінуўшчыны / А. Шапалоўская // Народнае слова. – 2008. – 12 жн. – С. 8.

9. Шыдлоўскі, К. Друйскі Барысаў камень. З гісторыі адкрыцця і даследвання / К. Шыдлоўскі // Браслаўскія чытанні : матэрыялы VI-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаўскага лекара, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута (1853–1926) 7–8 мая 2003 года / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2003. – С. 109–112.

10. Шыдлоўскі, К. З гісторыі Друйскага Барысавага каменя / К. Шыдлоўскі // Краязнаўчая газета. – 2009. – № 9 (сак.). – С. 2 ; № 10 (сак.). – С. 2.

11. Яско, А. Азёрны Рай / А. Яско // Народная газета. – 2009. – 24 чэрв. – С. 14.