Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Глыбоцкі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

У X–XIII стагоддзях тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У 992 г. была зацверджана Полацкая епархія, таму магчыма, што жыхары Глыбоччыны ў гады праўлення полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча або яго бліжэйшых паслядоўнікаў прынялі хрысціянскую веру.

Упершыню Глыбокае ўпамінаецца ў Літоўскай метрыцы ў 1514 г. як панскі двор, цэнтр аднайменнага маёнтка шляхецкай сям'і Зяновічаў. Побач знаходзіўся панскі двор Корсакаў. Рака Бярозаўка падзяляла Глыбокае на 2 часткі: паўднёва-заходнюю, якая належала Зяновічам і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства, і паўночна-ўсходнюю, што належала шляхецкай сям'і Корсакаў і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. Гэты падзел быў узаконены пастановай Віленскага сейма Літвы і Беларусі ў 1566 г. Глыбокае было прыватнаўласніцкім мястэчкам. Асноўную частку яго спачатку складалі рамеснікі, якія групаваліся вакол панскіх двароў і абслугоўвалі іх, а таксама сяляне, што працавалі на феадалаў. Потым з'явіліся мяшчане, якія займаліся і рамяством, і сельскай гаспадаркай, і гандлем. Уладальнікі Глыбокага ўстанавілі гандлёвыя дні ў Беразвеччы і Глыбокім. Устанаўленне таргоў як месца абмену сельскагаспадарчых прадуктаў, вырабаў рамеснікаў і прывазных тавараў садзейнічала росту і развіццю горада. Няма сумненняў, што насельніцтва Глыбокага і яго ўладальнікі Корсакі былі беларусамі, пра што сведчаць і першыя дакументы, напісаныя на беларускай мове, у якіх упамінаюцца Глыбокае і Беразвечча.

Наступныя звесткі пра Глыбокае сустракаюцца ў дакументах часоў Лівонскай вайны 1558–1583 гг., якая вялася Рускай дзяржавай супраць Лівоніі, Вялікага княства Літоўскага, Польшчы і Швецыі за выхад да Балтыйскага мора. У 1562 г. рускія войскі ўступілі ў межы Вялікага княства Літоўскага. 15 лютага 1563 г. войскамі Івана Грознага быў узяты Полацк, якому рускі цар надаваў вялікае стратэгічнае значэнне. Потым рускія войскі перайшлі Заходнюю Дзвіну, занялі вялікую тэрыторыю, у тым ліку і Глыбокае, і сталі пагражаць Вільні. Гэта выклікала занепакоенасць у Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы. У жніўні 1563 г. польскі кароль і вялікі князь літоўскі Сігізмунд II Аўгуст пісаў: «Даходзілі да нас скаргі, што з Полацка людзі маскоўскія, пераходзячы Дзісну... шмат сёлаў, баяр і дваран нашых забралі... у Глыбокае, Беразвечча, Ластавічы, Залессе, Задарожжа і іншыя маёнткі і сёлы ўступаючы... людзей да прысягі прыводзілі, таксама да зняволення з маёмасцю іх бяруць, велько нашых людзей знішчаюць...». У XV–XVII стагоддзях у Глыбокім існаваў астраўны драўляны замак з вежамі і ўмацаваннямі, перыметрам каля 150 м. У 1563 г. у час асады рускімі войскамі ён абараняўся мясцовым апалчэннем. Тут была халодная і агнястрэльная зброя. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. і ўтварэння Рэчы Паспалітай пачаліся мірныя перагаворы з Масквой, якія завяршыліся трохгадовым перамір’ем, а потым зноў пачаліся ваенныя дзеянні, што працягваліся да 1579 г. Такім чынам, Глыбокае было пад уладай маскоўскага цара каля 14 гадоў.

У 1579 г. кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый правёў свае войскі праз Паставы і Глыбокае да Дзісны. Сюды ж разам з іншымі феадаламі прывёў свае войскі ўладальнік Глыбокага Юрый Зяновіч. 30 жніўня 1579 г. Полацк быў узяты Баторыем. 3 гэтага часу і да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глыбокае ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай і знаходзілася на мяжы Полацкага ваяводства і Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.

У XVI стагоддзі ў шэрагу краін Еўропы пачаўся рэфарматарскі рух, які быў накіраваны не толькі супраць каталіцкай царквы, але і супраць феадальнага ўціску. У Вялікім княстве Літоўскім гэты рух быў выкарыстаны феадаламі ў сваіх класавых інтарэсах. Адкінуўшы антыфеадальную і антыкаталіцкую сутнасць гэтага руху, яны імкнуліся выкарыстаць рэфармізм для абмежавання правоў і прывілеяў каталіцкага духавенства і аслабіць уладу караля. Найбольш прымальным для іх стаў кальвінізм. У Глыбокім на чале кальвінісцкага руху сталі яго ўладальнікі бацька Юрый і сын Крыштаф Зяновічы.

Паўночна-ўсходняя частка Глыбокага належала беларускім феадалам Корсакам і, як было адзначана вышэй, адносілася да Дзісенскага павета Полацкага ваяводства. 3-за гэтых зямель з 1582 г. вяліся спрэчкі паміж Ільёй Корсакам і Міхаілам Сулістроўскім і іх нашчадкамі, скончыліся ў пачатку XVII стагоддзя на карысць Корсакаў.

Вялікую цікаваць у гісторыі Глыбоччыны ўяўляе сабой мястэчка Беразвечча (Беразавец, Бярэзбічы, Беразвеч, Бярэзвічы), якое ўпершыню ўпамінаецца ў Грамаце вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча (1350–1378, 1381–1387), што было дадзена на ўладанне землямі нашчадкам роду Корсакаў – Фёдару і Дзмітрыю. У 1519 г. у час паходу рускіх войскаў на чале з ваяводамі Васілём Шуйскім, Міхаілам Гарбатым і Сямёнам Курбскім на Мінск і Вільню ў вайне цара Васіля III з вялікім літоўскім князем Сігізмундам I Старым за ўладанне беларускімі землямі Беразвечча было спалена. Паводле звестак «Полацкай рэвізіі» 1552 г., Беразвечча – мястэчка, у якім 40 дамоў, 40 мяшчан, існаваў праваслаўны кляштар.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Глыбоччына апынулася ў зоне ваенных дзеянняў. Рашэнні Земскага сабора 11 кастрычніка 1653 г. аб уз'яднанні Украіны з Расіяй азначалі аб'яўленне вайны Рэчы Паспалітай. 40-тысячнае рускае войска на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам 25 лютага 1654 г. выступіла з Масквы. Уздоўж Заходняй Дзвіны прасунуліся войскі пад камандаваннем Шарамецева. Войскі Шарамецева ўзялі Полацк, пераправіліся цераз Заходнюю Дзвіну і падышлі да Дзісны, пасля была ўзята Друя, дзе рускія войскі «літоўскіх людзей перабілі, двары і касцёлы папалілі». Адсюль рускія прасунуліся да Глыбокага, якое было ўзята ў два этапы.

Расійскія войскі да канца 1655 г. занялі амаль усю Беларусь.

Пакінуўшы Глыбокае на некаторы час, войскі зноў вярнуліся ў Глыбокае, і яно знаходзілася ў іх руках некалькі гадоў. Тут быў пабудаваны ўмацаваны астрожак і знаходзіўся гарнізон.

Разгром расійскімі войскамі ваенных сіл Рэчы Паспалітай вымусіў частку шляхты змяніць свае былыя пазіцыі. Каб захаваць свае ўладанні і прывілеі, атрымаць новыя чыны і пасады, яны пачалі пераходзіць у падданства да цара, які ўсяляк заахвочваў падобныя дзеянні. Шляхціцам, што перайшлі ў расійскае падданства, не толькі пакідаліся былыя ўладанні, але даваліся і новыя падараванні. Так, 6 ліпеня 1668 г. ігумення Глыбоцкага кармеліцкага кляштара Яўгеніюша Акруцэ скардзілася на Аляксандра Багушэвіча і яго жонку, «што ў той час, калі рускія войскі ўступілі ў княства Літоўскае і кармеліты разбегліся па розных месцах і краях, Багушэвічы, карыстаючыся пратэкцыяй рускага цара, завалодалі ў 1656 г. манастырскім сялом пад назвай Глінка і валодалі ім два гады, прыціскаючы падданых кляштара».

Прызнаўшы фармальна ўладу цара, частка шляхты здолела захаваць свае ўладанні на тэрыторыі Беларусі. Застаючыся ў сваіх маёнтках, яны чакалі зручнага выпадку, каб пачаць барацьбу за ўзнаўленне сваёй былой улады.

У канцы 1658 г. на тэрыторыі Беларусі пачаліся ваенныя дзеянні супраць расійскіх войск. У канцы 1658 г. Глыбокае было ўзята літоўскім атрадам Валовіча пры дапамозе здрадзіўшага рускаму цару шляхецкага атрада.

19 верасня 1661 г., калі Полацк і Дзісна яшчэ належалі рускім, пад старшынствам кашталяна Яна Корсака ў Дзісне праходзіў рэляцыйны (павятовы) сеймік, які разглядаў пытанні, звязаныя з вызваленнем ад рускіх Дзісны. Сеймік адзначыў, што частка мясцовых абывацеляў прыняла бок рускіх. У 1661 г. Глыбокае зноў аказалася ў гушчары ваенных падзей. Горад быў спалены, у агні згарэлі парафіяльны касцёл і касцёл св. Міхаіла. 1 лістапада 1661 г. кароль Ян Казімір загадаў ротмістру Пінскага павета Бушноўскаму «паспяшацца да 7 лістапада да Глыбокага ў абоз з усімі людзьмі». 4 лістапада 1661 г. адбылася бітва пад в. Кушлікі (цяпер у Полацкім раёне), у якой рускія войскі панеслі вялікія страты. 5 лістапада 1661 г. кароль Ян Казімір, знаходзячыся ў Глыбокім, падпісаў адозву да войска Рэчы Паспалітай пра кушлікоўскае паражэнне расійскіх войск. У 1667 г. было падпісана Андрусаўскае пераміре, тэрмінам на 13,5 года, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай.

У час вайны Глыбокае панесла шмат страт. Пераходзячы з рук у рукі, мястэчка неаднаразова гарэла, насельніцтва пакутавала ад рабаўніцтва і эпідэмій. Не паспеў горад адбудавацца пасля вайны, як 7 ліпеня 1700 г. вялікім пажарам толькі ў радзівілаўскай яго частцы было знішчана 80 дамоў, 50 гумнаў, 40 крам з усімі таварамі, 60 свірнаў з воскам, збожжам і іншымі рэчамі, 30 клецей з гаспадарчымі рэчамі. Гэтыя даныя сведчаць, што большая частка местачковага насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, адначасова ўпамінанне крам і свірнаў указвае на тое, што тут развіваўся і гандаль. Паводле звестак О. Гедэмана, у 1773 г. ішоў актыўны гандаль глыбоцкіх купцоў з крулявецкімі (кёнігсбергскімі). У адным з актаў 1774 г. адзначалася, што гандаль глыбоцкіх купцоў з крулявецкімі існуе з «даўніх часоў». Рэчы гандлю перавозіліся гужавым транспартам, толькі лес і хлеб сплаўляліся па рэках.

Вялікіх кірмашоў у Глыбокім не было. Найбольш значны торг адбываўся на Сёмуху. Цэнтрам гандлю была радзівілаўская частка горада (цяпер гэта раён Цэнтральнай плошчы). Тут праходзіла гандлёвая вуліца, будынкі абапал яе мелі памяшканні для крам. Кармеліцкай частцы Глыбокага было цяжка канкурыраваць з радзівілаўскай. Ёсць звесткі, што манахі-кармеліты закрылі рынак у сваёй частцы горада і засялілі яго тэрыторыю мяшчанамі. Але ў канцы XVIIIстагоддзя ў манахаў зноў з'явіўся свой рынак, у 1782 г. глыбоцкі ксёндз пісаў, што наведванне касцёла парафіяльнага бывае малым з нагоды блізкасці касцёла манахаў-кармелітаў босых, іх рынка і павета па вуліцы ў вялікую мураваную гасцініцу (аўстэрыю), пабудаваную кармеліцкім кляштарам.

Паводле другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глыбокае адышло да Расіі. Яшчэ ў маі 1792 г. рускія войскі перайшлі Дзвіну каля Полацка і Дзісны, занялі Глыбокае і працягвалі рух да Пастаў. У верасні ў Глыбокім быў раскватараваны полк карабінераў на чале з графам Талстым, які быў падтрыманы Барскай канфедэрацыяй. У красавіку 1793 г. у Глыбокім стаяў Мурамскі гусарскі полк.

У чэрвені 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт пачаў вайну з Расіяй. Праз Глыбокае прайшлі асноўныя сілы напалеонаўскай арміі, у тым ліку і яго гвардыя. Раніцай 18 ліпеня 1812 г. Напалеон прыбыў у Глыбокае. Сюды ж прыбыла гвардыя. Для выканання сваіх вялікіх намераў Напалеон чакаў цяжкую артылерыю і разлічваў, што будзе ў стане распачаць дзеянні 22–23 ліпеня. Пасля ж ён са сваёй звычайнай руплівасцю заняўся ўладкаваннем у Глыбокім этапнага пункта, забяспечанага ўсім неабходным для арміі. У Глыбокім Напалеон размясціўся ў трох невялікіх пакоях на верхнім паверсе кармеліцкага кляштара. 3 акна адкрываўся велічны краявід на ўрадлівыя палі. Знаходзячыся ў кляштары, ён паклікаў да сябе настаяцеля і спытаў: «Ці вялікія ўладанні кляштара?» Той і адказаў: «1000 хат». «Гэта надта шмат», – сказаў Напалеон. «А чым займаецеся?» – пачулася пытанне. «Молімся», – адказаў кармеліт. «А гэта вельмі мала!» – сказаў Напалеон.

У першы ж дзень свайго знаходжання ў Глыбокім Напалеон выдаў загад распаўсюдзіць «Адозву канфедэрацыі генеральнай» сярод палякаў, якія засталіся на службе рускай, з прапановай пераходзіць на яго бок.

Рабаўніцтва, марадзёрства салдат і афіцэраў напалеонаўскай арміі прынялі такія памеры, што сталі пагражаць развалам арміі. Гэта вымусіла французскага імператара выдаць 20 ліпеня ў Глыбокім загад аб марадзёрах, які складаўся з двух артыкулаў. У першым з іх было запісана: «Кожны француз, немец, італьянец, выяўлены ў тыле арміі і ў якога няма апраўдальных дакументаў, будзе арыштаваны і дастаўлены ў бліжэйшы ваенны трыбунал па прыватнай справе, абавязак якога выносіць смяротны прыгавор тым, чый удзел даказаны ў грабяжы і марадзёрстве». Другі артыкул абвяшчаў: «Мясцовыя жыхары незалежна ад колькасці, схопленыя разам з рабаўнікамі і марадзёрамі, якім будзе даказана, што яны прымушалі да грабяжу і ўдзельнічалі ў разбоі, будуць дастаўлены ў бліжэйшую Вышэйшую ваенную камісію і, хто не падлягае апраўданню, будуць прыгавораны да смяротнай кары». Загад быў абвешчаны ў навакольных вёсках, у тым ліку і ў вёсцы Юзафова. У Глыбокім быў адкрыты эталонны прадуктовы пункт для забеспячэння арміі ўсім неабходным, начальнікам яго быў прызначаны польскі памешчык Алоіз Буйніцкі. Перад ад'ездам з Глыбокага Напалеон, каб аддзякаваць за гасціннасць, загадаў аднаму з прыдворных прынесці цэлае блюда напалеандораў у падарунак настаяцелю кляштара і быццам бы выказаў шкадаванне, што не можа ўзяць у Парыж касцёл кармелітаў, каб паставіць яго побач з Саборам Парыжскай Маці Боскай.

Пасля ад'езду Напалеона з Глыбокага Алоіз Буйніцкі 24 ліпеня выдаў распараджэнне Барысаўскай павятовай камісіі аб дастаўцы ў Лепель 6000 цэнтнераў мукі для забеспячэння напалеонаўскай арміі. 30 ліпеня Буйніцкі загадаў докшыцкаму камісару Ваньковічу адкрыць у Глыбокім склад і даставіць туды правіянт.

Пра баявыя дзеянні на тэрыторыі Глыбоччыны і пра шматлікія страты з боку французаў сведчыць шэраг масавых пахаванняў на тэрыторыі раёна. У час Айчыннай вайны французскія акупанты на тэрыторыі беларускіх губерняў сфарміравалі з рэкрутаў 5 пяхотных і 4 уланскія палкі. 3 Дзісенскага павета, у тым ліку з Глыбоччыны, рэкруты ўвайшлі ў склад двух палкоў: 22-га пяхотнага са штаб-кватэрай у Мінску (камандзір – граф Станіслаў Чапскі) і 18-га ўланскага, які размяшчаўся ў Нясвіжы, пад камандаваннем графа Караля Пшаздзецкага. Гэтыя часці, сфарміраваныя толькі ў кастрычніку, у баявых дзеяннях на французскім баку ўдзельнічалі мала. Яны дайшлі да Парыжа з рэшткамі разбітай арміі Банапарта. Аляксандр I не знайшоў дзеянні мясцовых рэкрутаў крымінальнымі. Гэтыя палкі былі накіраваны ў Польшчу для прадаўжэння ваеннай службы, але ўжо царскай, пад камандаваннем нашчадка расійскага прастола цэсарэвіча Канстанціна. Пасля заканчэння ваеннай службы ўланы і салдаты вярнуліся дадому.

Вызваленне Глыбокага ад французскіх войск можна аднесці да канца кастрычніка – першай дэкады лістапада 1812 г. Паводле звестак глыбоцкага краязнаўца А. А. Сабалеўскага, напярэдадні вызвалення ў Беразвеччы, дзе стаяў гарнізон непрыяцеля, толькі для яго патрэб дзейнічала хлебапякарня, дзе працавалі мясцовыя жыхары. У пэўны час, прызначаны да адступлення французаў, хлебапёкі Беразвечча прыгатавалі хлеб, дадаўшы ў цеста нягашаную вапну. Большасць салдат памерла, а астатнія пахавалі сваіх паплечнікаў ва ўрочышчы Барок на беразе возера Мушкат і кінуліся на ўцёкі з Беразвечча. Яшчэ і цяпер пры дарозе на вёску Забелле захавалася французская магіла (валатоўка). Пасля адыходу французскіх войск Глыбокае засталося разбураным і разрабаваным. I ў мястэчку, і ў навакольных вёсках уся жывёла была знішчана, пасяўныя плошчы пасля вайны скараціліся больш чым удвая.

29 лістапада 1830 г. у Варшаве ўспыхнула паўстанне супраць рускага царызму. Выступленні, падрыхтаваныя тайнымі арганізацыямі шляхты, якая была незадаволена падзелам Рэчы Паспалітай, пачаліся ў Варшаве ў канцы лістапада 1830 г. і хутка ахапілі ўсю Польшчу. Да сакавіка 1831 г. хваляванні дасягнулі Дзісенскага павета. Цэнтрам ваенных фарміраванняў паўстанцаў стала мястэчка Лужкі, дзе 13 красавіка сабралася больш за 50 памешчыкаў, якія падтрымалі паўстанне. Яны склалі акт канфедэрацыі (тэкст быў напісаны ксяндзом піяраў мясцовага кляштара Адамам Татурам), далі клятву на агульнае выступленне супраць Расіі для ўзнаўлення Польскай дзяржавы ў межах 1772 г. і ўтварылі Урадавы камітэт, старшынёй якога стаў памешчык з Плісы Рамуальд Падпіпента. Для грамадзянскага кіравання паветам паўстанцы прызначылі камендантаў і камісараў. Галоўным начальнікам войска абралі падпалкоўніка ў адстаўцы Валенція Брахоцкага з Глыбокага. У Глыбокім ваенным кіраўніком паўстанцкага камітэта быў прызначаны Ігнат Корсак.

23–24 красавіка паўстанцы ў колькасці 3000 чалавек выйшлі з Лужкоў для ўзяцця Дзісны. Тры дні горад знаходзіўся ў іх руках, пасля чаго Дзісна была занята рускімі войскамі пад камандаваннем палкоўніка Макарава. 3 мая часці пад камандаваннем генерала Саф'янава выцеснілі вілейскіх і ашмянскіх паўстанцаў з мястэчка Глыбокае. Усе канфедэранты злучыліся ў Лужках, аднак надзеі ўтрымацца ў Дзісенскім павеце ўжо не было. Урадавы камітэт выступаў за тое, каб затрымаць узброеныя сілы паўстанцаў у Лужках і пазней аб'яднацца з паўстанцамі Лепельскага і Барысаўскага паветаў, з войскамі ісці ў Вілкамір (сучасны г. Укмерге ў Літве) для злучэння з мясцовымі паўстанцамі, а далей рухацца да Вільні. Неўзабаве Брахоцкі з войскам праз в. Мосар накіраваўся ў Браслаўскі павет і адтуль – да Вілкаміра. 12 мая ў Глыбокае прыбылі роты вілейскіх паўстанцаў пад камандаваннем Радзішэўскага, якія адступалі з Вілейкі пад націскам царскіх войск. Тут іх і дагнаў генерал Саф’янаў. Пасля двухдзённых сутычак, а потым крывавай бітвы пад Глыбокім 15 мая Радзішэўскі адвёў свой атрад на Лужкі. Пакінутае мяцежнікамі Глыбокае было занята генералам Саф'янавым. 18 мая сюды прыбыў магілёўскі губернатар М. М. Мураўёў для правядзення допытаў паўстанцаў. Каля яго ўвесь час знаходзіўся ўзброены пісталетам Пінкарнэлі, які пазней сведчыў, што Мураўёў асабіста дапытаў каля тысячы паўстанцаў. Гэта былі выхадцы з Дзісенскага і паўночнай часткі Барысаўскага паветаў. Пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. царскі ўрад скасаваў сейм, асобную польскую армію, бяднейшая шляхта была пераведзена ў ніжэйшае саслоўе, была адменена канстытуцыя 1815 г. і ўведзены расійскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел.

У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гг. супраць царызму на Глыбоччыне дзейнічала некалькі паўстанцкіх атрадаў. Дакладна вядома пра атрад Лапацінскага, які базіраваўся ў лясах паміж Глыбокім і Шаркаўшчынай, другі – у раёне Падсвілля, каля вёскі Свіла 1-я. Яны падпарадкоўваліся паўстанцкаму камісару Дзісенскага павета Г. М. Дмахоўскаму. Пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг. у Глыбокае для расследавання прыбыў М. М. Мураўёў і зноў размясціўся ў кляштары кармелітаў, манахі якога спачувалі паўстанцам, дапамагалі грашамі і вялі прапаганду супраць царызму. Урад жорстка расправіўся з удзельнікамі паўстання. Многія з іх былі прыгавораны да ссылкі ў Сібір на катаргу або пасяленне, а найбольш актыўныя – да смяротнага пакарання.

У сярэдзіне XIXстагоддзя мястэчка Глыбокае належала князю Вітгентштэйну – буйнейшаму землеўладальніку на Беларусі, які меў больш за 100 маёнткаў у 12 паветах, 500 тысяч дзесяцін зямлі і 60 тысяч сялян.

19 лютага 1861 г. быў абвешчаны маніфест аб адмене прыгоннага права і «Мясцовае палажэнне... для губерній Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай». У Глыбоцкім краі рэформа праводзілася паводле «Мясцовага палажэння», у адпаведнасці з якім за сялянамі прызнавалася права на дарэформенны надзел. Адрэзкі дапускаліся ў выпадках, калі памер сялянскага надзелу перавышаў надзел, устаноўлены інвентаром. Землеўладальнік, які адводзіў адрэзкі, меў магчымасць забіраць у сялян лепшыя землі, выганы, вадапоі, без якіх яны не маглі абысціся. За карыстанне зямлёй сяляне абавязаны былі да заключэння выкупной здзелкі выконваць павіннасці ў выглядзе паншчыны і аброку. Такое становішча сялян лічылася часоваабавязаным. Гэтыя ўмовы выклікалі рэзкае незадавальненне сялян, якія адмаўляліся адбываць павіннасці.

У данясенні ад 8 мая 1861 г. паведамлялася пра адмову сялян вёсак Шарабаі і Лаўцы адбываць павіннасці, з іх узялі прыклад і сяляне мястэчка Глыбокае. Арандатар мястэчка Вінцэнтава Свентажэцкі паведамляў у Галоўнае ўпраўленне арганізацыі аховы лясоў, што «сяляне, якія павінны ахоўваць лес, не выконваюць сваіх абавязкаў».

У сувязі з паўстаннем 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі царскі ўрад пайшоў на пэўную карэкціроўку папярэдніх указаў адносна адмены прыгоннага права. Паводле ўказа ад 2 чэрвеня 1863 г. усё сялянства Беларусі з 1 студзеня 1864 г. пераводзілася на абавязковы выкуп зямлі, часоваабавязанае становішча ліквідавалася. Вышэйшы падушны надзел вызначаўся ў 4–5 дзесяцін, ніжэйшы – 1,6 дзесяціны.

Пасля адмены прыгоннага права буйное памешчыцкае землеўладанне на Беларусі захавалася. Землеўладальнікамі былі не толькі памешчыкі-дваране, але і мяшчане і сяляне. Сустракаліся маёнткі, якімі валодала сялянская грамада.

Асноўнымі збожжавымі культурамі былі жыта, авёс, ячмень. Вырошчвалі лён і каноплі. У памешчыцкіх гаспадарках яшчэ ў сярэдзіне XIXстагоддзя выкарыстоўвалі механічныя прылады працы. Сяляне апрацоўвалі зямлю сахой, бараной, толькі ў канцы XIXстагоддзя пачалі выкарыстоўваць жалезныя плугі.

Пасля рэформы 1861 г. для апрацоўкі зямлі сялянамі шырока выкарыстоўваліся валы як больш танная для ўтрымання жывёлы. Але ў сельскіх гаспадарках Дзісенскага павета аралі выключна коньмі.

Заможныя сяляне разводзілі і вырошчвалі пародзістых коней на камерцыйныя мэты. За продаж жарабкоў у Прусію яны атрымлівалі па 200–300 руб. Коні палепшанай пароды былі і ў сялян Глыбоцкай воласці. Але пра становішча асноўнай масы сялянства ў гэтай галіне гаспадаркі можна меркаваць з тэксту пісьма графа Бражстоўскага ў Віленскі павятовы камітэт па патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці ад 3 жніўня 1902 г:

«...У сялян жывёла і коні не заслугоўваюць нават свайго наймення..., ёсць паселішчы, у якіх няма каровы даражэй за 16–20 руб., каня, які не каштуе 1,30 руб..., быкоў купляюць на базары па 15–18 руб.; коней больш-менш моцнага складу прадаюць у Прусію, дома пакідаюць няздольных да работы; пытанне – як дапамагчы гору, сумнай будучыні? Я не бачу сродкаў пры такой пастаноўцы сялянскага быту. Напрыклад, калі б урад згадзіўся даць кожнаму паселішчу лепшай пароды быка і жарабка бясплатна, гэта не дапамагло б; падзелы зямель на дробныя часткі не садзейнічаюць паляпшэнню становішча, жывёла не мае пашы, на зіму не хапае фуражу, каровы ўтрымліваюцца толькі для атрымання гною, якога не хапае нават на тыя вузкія палосы, на якія падзелены надзелы сялян. Толькі ў сяле Мосар Луцкай воласці, у якім раней было 12 гаспадароў, цяпер 60 двароў, колькасць дзесяцін зямлі тая ж, колькасць жывёлы і коней каля 200; ці магчыма марыць аб паляпшэнні гаспадаркі, пароды жывёлы...?»

Важнай таварнай галіной была малочная жывёлагадоўля. Заможныя сяляне рэгулярна збывалі на рынак масла, смятану, тварог, многія з іх мелі сепаратары. Частка малака паступала ад сялян і памешчыкаў на маслабойныя і сыраварныя заводы. У канцы XIXстагоддзя ў Дзісенскім павеце дзейнічалі 11 зборных і 5 арцельных малочных заводаў, заснаваных гаспадарамі, якія мелі вялікія статкі кароў.

Пасля рэформы 1861 г. найбольшае пашырэнне на поўначы і паўднёвым усходзе Беларусі атрымала льнаводства. Ільнаводства складала галоўны кірунак спецыялізацыі гаспадаркі заможнай часткі сялян Дзісенскага павета. Але да канца XIXстагоддзя на сялянскіх надзелах адзначаецца скарачэнне пасеваў ільну. Гэта было звязана з паніжэннем кошту льновалакна, якое выцяснялася больш таннай і прыгожай баваўнянай тканінай. У карэспандэнцыі з Дзісенскага павета паведамлялася, што ў выніку падзення цэн на лён пасевы яго скарачаліся і павялічвалася пасяўная плошча аўса і ячменю, на якія быў большы попыт.

Адной з галоўных таварных культур, пасевы якой значна пашырыліся з 1890-х гг., была бульба. Яна ўжывалася ў вялікай колькасці не толькі ў ежу, але і на корм жывёле. Бульба была асноўным прадуктам для вінакурэння. Вінакурныя заводы, якія прыносілі ўладальнікам вялікія прыбыткі, дзейнічалі ў маёнтку Чарневічы і мястэчку Глыбокае. Яны перапрацоўвалі ўвесь свой ураджай бульбы, а таксама суседніх вёсак. Памешчыкі прадавалі ў казну вядро спірту за 58,5 кап. Зярно для вінакурэння і на рынак перапрацоўвалася на млынах. Вадзяныя млыны былі ў в. Мылічаны, маёнтку Юзафова (Празароцкая воласць). Паравы млын працаваў у маёнтку Зябкі той жа воласці.

Сусветны аграрны крызіс канца 1870–1890-х гг. прымусіў землеўладальнікаў перабудоўваць свае маёнткі на капіталістычны лад ці прадаваць іх. Адкрываліся невялікія фабрыкі і заводы. Цагельны завод быў пабудаваны ў маёнтку Чарневічы Дзісенскага павета. Будаўніцтва цагляных заводаў было звязана з ростам гарадоў, будаўніцтвам адміністрацыйных будынкаў.

У 1880–1890-я гг. у беларускай вёсцы пашырана была арэнда зямлі. Бяднейшае сялянства арандавала зямлю да 5 дзесяцін на кароткі тэрмін, звычайна на адно лета, за адработкі ці за долю ўраджаю. Але вялікая частка сялянства вымушана была адмовіцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі і здавала надзельную зямлю ў арэнду заможным сялянам, якія ад пасеваў ільну на ёй атрымлівалі прыбыткі да 300–500 руб. (Дзісенскі павет). Гаспадарчыя грашовыя падаткі за арэнду зямлі і наём рабочых абыходзіліся ў сотні рублёў. Напрыклад, сяляне вёскі Шарагі кожны год выдаткоўвалі на гэтыя мэты да 400 руб.

У 1880-я гады ў новай сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы, якая характарызавалася пагаршэннем становішча сялянскіх мас з-за ўзмацнення капіталістычнай эксплуатацыі, узрастае барацьба супраць памешчыкаў. Яна прымала розныя формы. Найбольш распаўсюджанымі былі патравы, выпасы жывёлы на ўгоддзях памешчыкаў і лясныя парубкі. Вясной 1882 г. сялянскімі выступленнямі была ахоплена Глыбоцкая воласць Дзісенскага павета. Сяляне захапілі ўчасткі зямлі некаторых памешчыцкіх фальваркаў і зааралі іх. Складанне пратаколаў і перадача спраў у суды не спынялі сялян.

Вялікую шкоду насельніцтву вёсак і мястэчак прыносілі розныя стыхійныя бедствы, асабліва пажары. На іх выпадак сялянства страхавала сябе. Для гэтага была ўведзена сістэма хлебазапасных магазінаў. Такі магазін быў у кожнай сялянскай грамадзе. Кожны год ён папаўняўся збожжам, а старое выкарыстоўвалі. У гады неўраджаяў хлеб размяркоўваўся сярод пацярпелых. На тэрыторыі сучаснага Глыбоцкага раёна хлебазапасныя магазіны былі ў вёсках Мамаі, Ляпейкі, Храмы, Гарані, Каменка, Сяльцо, Сяменчыкі, Машыркі, Дзямідзенкі, Лапезіна, Булахі, Зябкі, Востраў, Стуканы, Шчарбы, Восава, Сукліна, Соіна, Задарожжа, Лісіцы, Лазовікі, Слабада, Вялікія Давыдкі, Мядзведзева, Свіла, Чарневічы, Верхняе, Удзела, Бервякі, Навасёлкі, Мосар, Дзеркаўшчына, Слабада.

Кожны неўраджай збажыны, голад і іншыя бедствы гналі сялянскую беднату на пошукі сродкаў існавання, перш-наперш у суседнія памешчыцкія гаспадаркі. Частка сялян бегла за межы Беларусі. Яны наймаліся на лесасплаўныя, будаўніча-дарожныя работы, шахты, руднікі. У промыслах прымалі ўдзел і жанчыны, пераважна з бядняцкіх сялянскіх сем'яў.

У «Аглядзе Віленскай губерні за 1908 г.» адзначалася, што вясковыя рабочыя Віленскай губерні ў вольны ад палявых работ час займаліся возніцтвам, высечкай і сплавам лесу па рэках Вілія, Нёман, Заходняя Дзвіна, рыбалоўствам і цяслярствам. «Многія займаліся вырабам дуг, колаў, вазоў. Распаўсюджаны сярод сялян губерні выраб палатна і пражы, якія паступаюць у продаж. Сялянскае палатно таннае, гатункі – мяшочны, на кашулі, тонкі. Вырабляюцца на простых станках грубое сукно і розныя ваўняныя вырабы».

Рост саматужных промыслаў і мясцовай прамысловасці патрабаваў збыту іх перш за ўсё на ўнутраным рынку. Рос попыт і на прамысловыя вырабы. Для гэтага ў вёсках, сёлах, мястэчках праводзіліся базары, таржкі, кірмашы.

У Глыбокім кожны тыдзень па чацвяргах праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі прадуктамі харчавання, мануфактурнымі вырабамі, а таксама смалой, дзёгцем, паташам, якія прывозіліся з памешчыцкіх маёнткаў. Сяляне прывозілі сала, яйкі, масла, сыр, набывалі соль, крупы, гарбату, цукар, гарэлку. Да 1885 г. вядро гарэлкі каштавала 50 капеек серабром, а ў 1856 г. месцамі – 1 рубель 50 капеек. На кірмашы на продаж прыганялі коней.

24 чэрвеня праводзіўся кірмаш у в. Чарневічы. Два кірмашы на год 24 і 29 чэрвеня адбываліся ў вёсцы Мосар. Тройчы на год праводзіліся кірмашы ў сяле Слабада (23 красавіка, 14 верасня, 6 снежня) і 5 разоў у мястэчку Галубічы (23 красавіка, 9 мая, 15 жніўня, 8 верасня, 6 снежня). Звычайна кірмашы прымяркоўвалі да рэлігійных свят.

Акрамя кірмашоў былі пашыраны таржкі. Толькі ў мястэчку Галубічы яны адбываліся 6 студзеня, 9 мая, 15 жніўня, 8 верасня і 6 снежня.

Усё большае значэнне набывалі крамы. Крамы дробнага тавару былі ў вёсках Празарокі, Дзеркаўшчына, Верхняе, Удзела, бакалейная крама была адчынена ў мястэчку Галубічы.

Немалы прыбытак дваранам, купцам, заможным сялянам прыносілі піцейныя дамы і корчмы. Яны былі ў вёсках Зябкі, Верхняе, Дзеркаўшчына, Мосар, мястэчку Галубічы.

Праз корчмы памешчыкі выцягвалі ў сваіх прыгонных грошы, атрыманыя цяжкай працай. Часта за пітво разлічваліся хлебам, жывёлай. Кожная сялянская сям'я траціла штогод на гарэлку ў сярэднім 25–26 руб.

У другой палавіне XIX– пачатку XXстагоддзя тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўваходзіла ў склад Глыбоцкай, Пліскай, Празароцкай, амаль усёй Залескай, частак Верхнянскай, Чарневіцкай, Луцкай, Лужыцкай і Ігуменскай валасцей Дзісенскага павета, некалькі населеных пунктаў уваходзілі ў Норыцкую воласць Вілейскага павета Віленскай губерні, а таксама Докшыцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні.

У канцы XIX– пачатку XXстагоддзя была пракладзена чыгунка Глыбокае–Свянцяны. У 1907 г. праз тэрыторыю Глыбоччыны прайшла чыгунка, якая злучыла Замошша, Падсвілле, Празарокі.

Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905–1907 гг. на Глыбоччыне ажывіўся рэвалюцыйны і грамадскі рух. У 1897 г. тут была створана арганізацыя Бунда, якая прадстаўляла інтарэсы дробнай буржуазіі, яўрэйскіх гандляроў, рамеснікаў, майстравых. У 1904 г. Віленская група Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) распаўсюдзіла ў Глыбокім лістоўкі Паўночна-Заходняга камітэта РСДРП, у якіх вялася агітацыя супраць царызму і руска-японскай вайны. 3 нагоды Першамая ў 1903 і 1905 гг. праводзіліся маёўкі ў Лаўрынаўскім лесе за 2 км ад мястэчка. У пачатку лістапада 1905 г. адбылася дэманстрацыя жыхароў Глыбокага, у якой прыняло ўдзел некалькі соцень чалавек. Дэманстранты сабраліся на рыначнай плошчы, узнялі над калонай чырвоны сцяг і з лозунгамі «Далоў царскае самадзяржаўе!», «Няхай жыве рэвалюцыя!», са спяваннем рэвалюцыйных песень рушылі па Замкавай вуліцы праз мост да царкоўнага саду, дзе адбыўся мітынг.

У лістападзе 1905 г. забаставалі паштовыя служачыя Глыбокага. Забастоўка працягвалася тры тыдні, у выніку большасць служачых была звольнена.

Царская ўлада ў той час у Глыбокім была прадстаўлена звычайнай адміністрацыяй і паліцыяй: станавым прыставам, паліцэйскім ураднікам, двума жандарамі, судзебным следчым, земскім начальнікам і іншымі чыноўнікамі, а таксама 2 свяшчэннікамі і ксяндзом.

Націск народных мас прымусіў царызм утварыць агульнадзяржаўную прадстаўнічую ўстанову – Дзяржаўную думу, Маніфест пра зацвярджэнне якой быў надрукаваны 6 жніўня 1905 г. У Расійскі «парламент» дапускаліся і прадстаўнікі працоўных. Але права прымаць удзел у выбарах былі пазбаўлены рабочыя. Магутны пад’ём руху выліўся ў кастрычніку 1905 г. у агульнарасійскую палітычную стачку. Яна ахапіла ўсю краіну і ў снежні 1905 г. перарасла ва ўзброенае паўстанне.

Урад перайшоў у адкрытае наступленне на рэвалюцыю. Указам цара Дзяржаўная дума была разагнана. На дапамогу мясцовай паліцыі ўсе часцей выклікаліся войскі, былі зацверджаны ваенна-палявыя суды.

Увесь ход падзей 1905 г паказаў, што галоўным пытаннем грамадска-палітычнага жыцця Расіі было аграрнае. Імкнучыся аслабіць яго вастрыню, урад выдаў указ пра землеўпарадкавальныя камісіі. Яны былі закліканы садзейнічаць Сялянскаму банку ў набыцці зямлі сялянамі шляхам продажу ім часткі казённых і ўдзельных зямель. Але гэтыя паўмеры не задавальнялі сялян, і яны вялі барацьбу за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання.

У пачатку 1907 г. адбыліся выбары ў 2-ю Дзяржаўную думу. Палітычны настрой сялян знайшоў сваё адлюстраванне ў наказах у 2-ю Думу. Сяляне патрабавалі роўнасці ўсіх перад законам, свабоды сходаў, саюзаў, скарачэння рабочага дня, павышэння заработнай платы.

У рабочым руху Беларусі ў пачатку 1907 г. працягваўся спад. Аднак у красавіку пракацілася хваля першамайскіх забастовак. Агульная забастоўка рабочых і рамеснікаў адбылася 18 красавіка і ў Глыбокім.

Да восені размах рабочага і сялянскага руху скарачаецца, а з кастрычніка – уступае ў паласу глыбокага крызісу.

Выкарыстаўшы спад рэвалюцыйнага руху ў краіне, царызм устанавіў жорсткі паліцэйскі рэжым. 9 чэрвеня 1907 г. урад надрукаваў Маніфест аб роспуску 2-й Думы і змяненні Палажэння аб выбарах. Землеўладальніцкая курыя атрымлівала паводле закону 3 чэрвеня 51 % агульнага складу выбаршчыкаў Еўрапейскай Расіі. Памешчыцкая курыя Віленскай губерні выбірала на губернскія сходы 43 %. Заніжаны працэнт выбаршчыкаў ад памешчыкаў у Віленскай губерні быў звязаны з імкненнем урада абмежаваць прадстаўніцтва ў Думе польскага памеснага дваранства.

Чарнасоценныя партыі і групоўкі з натхненнем сустрэлі разгон 2-й Думы і новы выбарчы закон. 17–19 ліпеня 1907 г. адбыўся Усерасійскі з’езд прадстаўнікоў губернскіх і павятовых аддзелаў «Саюза рускага народа» («СРН») і іншых манархічных груповак, на якім было вырашана разаслаць усім аддзелам на месцах выпрацаваныя і ўхваленыя з’ездам перадвыбарны наказ і перадвыбарную платформу. Галоўным іх патрабаваннем было захаванне «праваслаўя, рускага неабмежаванага самадзержца і народнасці». У перадвыбарнай платформе падкрэслівалася, што Дума павінна быць органам, непрыхільным да ўсякіх абмежаванняў царскай улады і абавязкова «нацыянальна рускай». У праекце выбарчай платформы для манархічных арганізацый 5 заходніх губерняў вялікадзяржаўны шавінізм праяўляўся больш адкрыта ў патрабаванні весці ўзмоцненую барацьбу з палякамі, «пагражаючымі ўзброеным паўстаннем», і яўрэямі. Дакладна быў вызначаны саюзнік для мясцовых аддзелаў «СРН» у ходзе выбарчай кампаніі – праваслаўныя брацтвы, якія карысталіся «асаблівай увагай улад».

У трэцячэрвеньскі перыяд значна актывізавалася дзейнасць «Рускага ўскраіннага саюза» («РУС»). Да лета 1907 г. быў створаны яго Віленскі губернскі камітэт з густой сеткай аддзелаў у гарадах, паветах і мястэчках губерні. На чале «РУС» былі лідэр віленскай групоўкі «Селянша» С. А. Кавалюк, царскі чыноўнік А. С. Уруцэвіч і іншыя. У склад «РУС» уваходзіў «Глыбоцкі аддзел «СРН» (утвораны ў лютым 1907 г., складаўся з 30 чалавек, заснавальнікі Ф. Іваноў і протаіерэй Беразвецкага жаночага кляштара А. С. Вяраксін).

У адпаведнасці з новым выбарчым законам у Віленскай губерні была ўтворана «руская» курыя, якая праводзіла выбары дэпутатаў у Думу асобна ад «нярускага» насельніцтва. 14 кастрычніка ў Вільні на выбарах ад «рускага» насельніцтва губерні, куды былі далучаны і праваслаўныя беларусы, стараверы, лютэране, 40 выбаршчыкаў абралі А. С. Вяраксіна і Р. Р. Замыслоўскага дэпутатамі 3-й Дзяржаўнай думы. Правыя перамаглі на выбарах у Думу і ў астатніх беларускіх губернях. Ім удалося правесці дэпутатамі 80,5 % сваіх прадстаўнікоў. Вялікая заслуга ў гэтым належала праваслаўнаму духавенству. Перамога правых стала магчымай і таму, што за ўрадавымі сіламі пайшлі найбольш заможныя беларускія сяляне, інтарэсы якіх выражала, у прыватнасці, таварыства «Селянін». Яны з натхненнем сустрэлі ўрадавы ўказ ад 9 лістапада 1906 г. «Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага заканадаўства, якія датычацца сялянскага землекарыстання і землеўладання». Сутнасць указа П. А. Сталыпін зводзіў да наступнага: «…прызнанне недатыкальнасці асабістай уласнасці і, як следства, стварэнне дробнай асабістай уласнасці, права выхаду з абшчыны і вырашэнне пытанняў палепшанага землекарыстання». Прытым стаўка рабілася «не на ўбогіх і п’яных, а на моцных і дужых». 3 выхадам у свет указа ад 9 лістапада 1906 г. значна актывізавалася дзейнасць Сялянскага пазямельнага банка з мэтай падтрымкі заможных сялян. Асаблівая ўвага аддавалася банку ў паветах Віленскай губерні, дзе адной з галоўных яго задач было садзейнічаць насаджэнню рускіх памешчыкаў і сялян за кошт скарачэння польскага дваранскага землеўладання. Гэта палітыка знайшла шырокую падтрымку ў заможнага беларускага сялянства, якое імкнулася дабівацца такіх умоў, пры якіх, як паведамляў часопіс «Крестьянин» у № 24 за 1906 г., «...лягчэй было б пашыраць памеры сваёй зямельнай уласнасці, а польскі элемент не меў бы магчымасці ўтрымаць буйную зямельную ўласнасць у сваіх руках». У гэтым жа нумары «Крестьянин» заклікаў землеўладальнікаў ставіцца да ўказа 9 лістапада з поўным даверам, таму што ў Думе ён яшчэ «...будзе дапрацаваны і значна палепшыць становішча сялян». Так, прапаноўвалася ўстанавіць норму на памешчыцкую зямлю да 300–400 дзесяцін, каб астатнюю прадаць сялянам.

Аграрнае пытанне было галоўным і ў дзейнасці 3-й Думы, і ў палітычным жыцці наогул. У снежні 1908 – студзені 1909 г. у Вільні па ініцыятыве таварыства «Селянін» і «Беларускага таварыства» (вылучылася з «Селяніна» ў 1908 г. на чале з Л. Саланевічам) адбыўся з'езд «прадстаўнікоў вёскі» Паўночна-Заходняга краю. Ідэйнымі натхніцелямі гэтага форуму былі дэпутаты 3-й Думы Р. Р. Замыслоўскі, А. П. Сапуноў і протаіерэй А. С. Вяраксін. Апошні патрабаваў у сваёй прамове ад мясцовых улад больш хуткага правядзення рэформы. Перад закрыццём з'езда была прачытана прывітальная тэлеграма П. А. Сталыпіна да з'езда, а Р. Р. Замыслоўскі ўручыў лідэру віленскай групоўкі «Селяніна» С. А. Кавалюку 1000 руб., асігнаваных на часопіс «Крестьянин».

Падзеі 1905–1907 гг. унеслі істотныя змены ў сістэму народнай адукацыі. Акрамя царкоўна-прыходскіх школ, якія існавалі з сярэдзіны XIXстагоддзя, на Глыбоччыне былі адкрыты народныя вучылішчы ў сёлах Кавалі Глыбоцкай воласці, Празарокі і Псуя Празароцкай воласці, вёсцы Чарневічы Чарневіцкай воласці, сяле Свіла Пліскай воласці, вёсцы Мосар Луцкай воласці, сяле Верхняе Верхнянскай воласці, сяле Залессе Залескай воласці.

Працэнт дзяцей школьнага ўзросту (8–13 гадоў), якія наведвалі школы, складаў сярод хлопчыкаў прыкладна 20 %, сярод дзяўчынак – 7–8 %.

Медыцынскае абслугоўванне краю развівалася з пачатку 70-х гг. XIXст. Паводле ўказа ад 24 снежня 1868 г. на кожны павет прызначаўся адзін урач, 7–8 фельчараў і 3 павітухі. Такое становішча было ва ўсіх губернях, дзе не былі ўведзены земствы, у тым ліку і ў Віленскай.

Гандляры-яўрэі трымалі 3 аптэкарскія крамы, працавалі магазіны Мордуха Шульгейфера, Моўшы Астроўскага і Моўшы Фейгельсона. Фельчарскі пункт быў у вёсцы Мазурава Чарневіцкай воласці.

Духоўнае жыццё насельніцтва неразрыўна было звязана з рэлігіяй. Праваслаўныя цэрквы былі ў сёлах Псуя Празароцкай воласці, Слабада Докшыцкай воласці, Залессе Залескай воласці, Верхняе Верхнянскай воласці, Свіла і мястэчку Галубічы Пліскай воласці, сяле Быкаўшчына Празароцкай воласці, вёсках Кавалі, Тумашы, Забор'е, Мамаі Глыбоцкай воласці, Чарневічы Чарневіцкай воласці.

Рымска-каталіцкія касцёлы дзейнічалі ў в. Прошкава, сёлах Празарокі Празароцкай воласці, Дзеркаўшчына Норыцкай воласці, вёсцы Мосар Луцкай воласці і сяле Удзела Верхнянскай воласці.

Малітоўны дом старавераў быў у в. Ластавічы Глыбоцкай воласці.

У 1-й чвэрці XXстагоддзя на Беларусі актывізуецца працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці, цягі народа да культуры. Адной з праяў гэтага працэсу сталі так званыя беларускія вечарынкі – вечары беларускай нацыянальнай культуры, якія ладзіліся на Беларусі і за яе межамі творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі. Актыўны ўдзел у такіх вечарынках бралі вядомыя дзеячы беларускага адраджэння, такія, як І. Буйніцкі са сваім калектывам, Паўліна Мядзёлка, чыё юнацтва і першае далучэнне да беларускай культуры прайшлі ў Глыбокім. Найбольшае пашырэнне беларускія вячоркі мелі ў 1910–1914 гг. Яны адбываліся ў Празароках, Глыбокім і іншых населеных пунктах Глыбоччыны.

У пачатку XXстагоддзя беларускі народ чакала цяжкае выпрабаванне. 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. пачалася 1-я сусветная вайна. 3 лета 1915 г. значная частка тэрыторыі Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў.Да восені фронт дакаціўся да Пастаў і нямецкі раз’езд з’явіўся ў Глыбокім, якое апынулася ў прыфрантавой паласе і знаходзілася ў тыле 3-й рускай арміі, што ўтрымлівала ўчастак Заходняга фронту ад возера Дрысвяты да мястэчка Смаргонь. У 1915 г. была пракладзена чыгунка Глыбокае–Паставы. Лінія фронту ў той час праходзіла каля Пастаў, а Глыбокае было прыфрантавой базай забеспячэння арміі. У Глыбокім было пабудавана некалькі станцыйных пуцей, дзе фарміраваліся воінскія саставы для адпраўкі на фронт. Цяжкае становішча на фронце, адступленне рускай арміі выклікалі ў большай часткі салдат глыбокую незадаволенасць. 3 кожным днём нарастаў пратэст супраць вайны і царызму. Усё настойлівей сяляне выступалі за дэмакратычнае рашэнне аграрнага пытання. Мясцовыя ўлады адзначалі, што «галоўным і самым небяспечным фактарам росту незадаволенасці сярод сялян з’яўляюцца салдаты, што прыбываюць з тылавых часцей і на пабыўку. Яны распаўсюджваюць чуткі аб тым, што пасля заканчэння вайны са зброяй у руках пачнуць падзел зямлі». Яны адзначалі «поўную адсутнасць клопату ўрада да сем’яў салдат, якія былі асуджаны на голад, і на ўхіленне генералаў і афіцэраў ад удзелу ў небяспечных месцах баёў».

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. не прынесла вялікіх змен для насельніцтва Глыбоцкага краю. У Глыбокім захаваліся мяшчанская ўправа і валасное праўленне, якія ў красавіку 1917 г. былі заменены часовымі камітэтамі з тымі ж функцыямі.

2 ліпеня 1917 г. галоўнакамандуючы Заходнім фронтам генерал-лейтэнант Дзянікін выдаў загад, паводле якога ўвесь Дзісенскі павет быў аднесены ў раён Заходняга фронту і ўсе жыццё ў павеце павінна было быць падпарадкавана законам ваеннага становішча. Былі забаронены мітынгі, дэманстрацыі, выступленні супраць улад і памешчыкаў. Тым не менш 10 ліпеня сяляне вёскі Пятроўскія маёнтка Кацярынава, які быў размешчаны за 7 вёрст на поўнач ад Глыбокага, захапілі скошаную канюшыну, прагналі касцоў памешчыка Жадвойна і аб’явілі ўсе сенажаці сваёй уласнасцю. Сялянскія хваляванні ў розных месцах Глыбоччыны працягваліся амаль да Кастрычніцкага перавароту.

 

Беразвецкі манастыр. Пачатак ХХ стагоддзяРух палка праз мястэчка Глыбокае. Першая сусветная вайна 1914–1918 гг.Глыбокае. Рынкавая плошча, цяпер вуліца Леніна. Пач. ХХ ст.Глыбокае. Докшыцкая вуліца, цяпер Маскоўская. Пач. ХХ ст.Мястэчка Глыбокае пач. XX ст.Глыбокае. Царква Раства Багародзіцы (былы кармеліцкі касцёл і кляштар). Канец ХІХ ст.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ад'езд Банапарта з Глыбокага // Вольнае Глыбокае. – 2010. – 1 студз. – С. 4.

2. Бунто, І. У. Старонка мінулага / І. У. Бунто, А. П. Купрыяновіч, А. А. Тарыкаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 31–39.

3. Гісторыя // Глыбокае. Глыбоцкі раён / пад. рэд. М. М. Кандзерскага, М. П. Чарапкоўскага. – Мінск : Бонэм, 2004. – С. [6–9].

4. Гісторыя Глыбокага [з 1414 года] // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 2 лют. – С. 2.

5. Забаўскі, М. М. Глыбоччына ў другой палавіне 19 – пачатку 20 стагоддзя / М. М. Забаўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 77–86.

6. Залескі край у пачатку XX стагоддзя // Гісторыя Залескага краю / Р. Шарыпкін. – Глыбокае : Вольнае Глыбокае, 2002. – С. 17-22.

7. Іваноў, У. Загадкі старога горада / У. Іваноў // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 31 жн. – С. 16.

8. Івашчонак, А. Глыбоцкія мяшчане ў першай палове ХIХ стагоддзя / А. Івашчонак // Вольнае Глыбокае. – 2010. – 16 снеж. – С. 5.

9. Івашчонак, А. Мястэчка Глыбокае / А. Івашчонак // Вольнае Глыбокае. – 2012. – 7 чэрв. – С. 5 ; 14 чэрв. – С. 5.

10. Івашчонак, А. Мястэчка Глыбокае [на пачатку ХIХ стагоддзя] / А. Івашчонак // Вольнае Глыбокае. – 2012. – 21 чэрв. – С. 5.

11. Нам засталася спадчына // Глыбоччына. Зямля любімая навечна, дзе Доўгае і Беразвечча... / аўт. тэксту У. І. Бацкалевіч ; фота К. Л. Дробава [і інш.]. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 9–15.

12. На ўскрайку Расійскай імперыі // Глыбокае: повязь часоў: фоталетапіс горада Глыбокае пачынаецца з канца XIX стагоддзя, калі з'явіліся першыя паштоўкі з відарысамі местачковых краявідаў / уклад. У. І. Бацкалевіч ; аўт. тэксту А. В. Хайноўскі, А. М. Мядзелец, У. А. Мірончык. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – С 5–8.

13. Новік, Р. Глыбокія карані Глыбокага / Р. Новік // Народная газета. – 2001. – 11 ліп. – С. 4.

14. Скрабатун, У. У Глыбокага скралі 18 гадоў гісторыі! / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 16 чэрв. – С. 4.

15. Тариков, О. А. Зарницы в глубинах озер / О. А. Тариков. – Минск : Полымя, 1993. – С. 151 с. : ил.

16. Хайноўскі, А. Першая летапісная згадка пра наш горад, альбо Адкуль пайшоў род Зяновічаў на Глыбоччыне / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 11 мая. – С. 6.

17. Храпавіцкая, Н. Глыбокае: невядомае пра вядомае альбо рэбусы гісторыі / Н. Храпавіцкая // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 10 ліп. – С. 4 ; 17 ліп. – С. 4.