Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Лепельскі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

3 ліпеня 1941 г. Лепель быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Савінфармбюро ў зводцы за 4 ліпеня паведамляла аб вялікіх баях у раёне Лепеля.

У гэты час разгарнуліся жорсткія баі у напрамку Сянно – Лепель. Гэтыя баі ўвайшлі ў гісторыю Лепеля як Лепельскі контрудар 6–10 ліпеня 1941 г. Перад войскамі Чырвонай Арміі была пастаўлена задача разграміць групоўкі праціўніка, які наступаў у напрамку на Віцебск. Удзельнічалі войскі 20-й арміі (генерал-лейтэнант П. А. Курачкін) заходняга фронту ў складзе 5-га (генерал-маёр І. П. Аляксеенка) і 7-га (генерал-лейтэнант В. І. Вінаградаў) механізаваных карпусоў. Контрудар наносіўся з раёна Багушэўска на паўднёвым захадзе ад Віцебска ў напрамку на Сянно і Лепель па 3-яй танкавай групе нямецкіх войскаў. Злучэнні Чырвонай Арміі вызвалілі Сянно, прасунуліся на 30–40 кіламетраў, разграмілі 2 нямецкія матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі нямецкую матарызаваную дывізію. Пасля найбольш упартых баёў на поўнач ад Сянно механізаваныя карпусы вымушаны былі спыніць наступленне, і 10 ліпеня савецкія войскі адышлі ў раён Оршы.

3–4 ліпеня на вуліцах Лепеля з’явіліся немцы. На будынках, слупах зазіхацелі загады, якія заканчваліся пагрозай: «За невыкананне – расстрэл». Была назначана адміністрацыя. У Лепелі з’явілася паліцыя. Бургамістрам Лепеля стаў былы выкладчык фізкультуры педтэхнікума Ю. Ц. Нядзелька. У вёсках прызначаліся старасты. Устанаўленне акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі раёна было адзначана рэпрэсіямі, расправамі над камуністамі, дэпутатамі і работнікамі Саветаў. Адначасова з’явіліся лагеры для ваеннапалонных. Ваеннапалонных утрымлівалі ў голым полі, абцягнутым калючым дротам, у раёне аўтавакзала, сталовай Захарэнкі, сельгастэхнікі, шпіталя, былой бойні, ДЭУ, таксама ў весках Камень, Губіна, Бароўка. Вялікі канцлагер быў размешчаны каля чыгуначнай станцыі ў траншэях, частка якіх была заліта вадой. Архіўныя дакументы сведчаць, што пазней у Лепелі быў створаны канцлагер для грамадзянскага насельніцтва на 1 тыс. чалавек. Калі ўзнікла неабходнасць працаваць на пракладцы вузкакалейкі, немцы стварылі лагер для ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб у лесе, у 15 км ад Лепеля ў м. Катловічы.

Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне генацыду ў адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. Дзесьці ў канцы ліпеня 1941 г. у Лепелі было створана гета. Адразу пасля захопу Лепеля фашысты сабралі ўсіх яўрэяў і перасялілі ў гета, якое знаходзілася ў раёне вуліц Вакзальнай, Ленінскай і Канальнай. У адзін дом зганялі 30–40 чалавек. 28 лютага 1942 г. немцы акружылі гета, пагрузілі яўрэяў у машыны і павезлі да в. Чарнаручча. Тут, у 7 км ад Лепеля, іх прымусілі распрануцца і расстралялі. Каля 1 тыс. яўрэяў загінула ў гэты дзень. Жылі яўрэі і ў м. Камень. 17 верасня 1941 г. немцы сагналі яўрэяў у адзін дом, дзе знаходзілася прадпрыемства па апрацоўцы воўны. У гэты дзень было расстраляна 177 чалавек.
Немцы гаспадарылі ў Лепелі. У Доме Саветаў адкрылі камендатуру, у педтэхнікуме – гестапа, у будынку, які вядомы як былая гімназія, – нямецкую казарму.

Горад Лепель меў важнае стратэгічнае значэнне, бо быў размешчаны на магістралях, якія звязвалі яго з Мінскам, Віцебскам, Полацкам, Оршай, Барысавам. У Лепелі, Бароўцы размяшчаліся тылы 3-яй танкавай арміі немцаў. Горад быў добра ўмацаваны. Але трэба заўважыць, што на захопленай тэрыторыі акупанты адчувалі сябе няўтульна. З ліпеня 1941 г. па 28 чэрвеня 1944 г. у Лепелі і раёне дзейнічала антыфашысцкае падполле: Лепельскія падпольныя райкамы КП(б)Б (01 жніўня 1941 – 29 чэрвеня 1944) і ЛКСМБ (1 ліпеня 1942 – 29 чэрвеня 1944). Падпольшчыкі друкавалі лістоўкі, адозвы, якія распаўсюджвалі сярод насельніцтва, дапамагалі вызваляць з канцлагера ваеннапалонных, зрывалі пастаўкі прадуктаў для нямецкай арміі, вялі антыфашысцкую прапаганду сярод «добраахвотнікаў» Камінскага, распаўсюджвалі зводкі Савінфармбюро, здзяйснялі дыверсіі.

Назаўседы ў памяці лепельчан застануцца імёны С. Р. Бараноўскага, А. А. Марунькі, Ф. Ф. Садкоўскай, К. А. Мельнікава, І. М. Шатыронка, У. А. Закрэўскага і інш. Жыхары Лепеля мужна змагаліся з акупантамі ў партызанскіх атрадах. Першы партызанскі атрад № 68 узнік на тэрыторыі раёна вясной 1942 г., калі Лепельскі РК КП(б)Б вывеў у лес частку падпольшчыкаў і да іх далучылася група акружэнцаў на чале з Д. Ц. Караленкам. 28 жніўня 1942 г. па рашэнні Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б на базе атрадаў № 68 і № 9 была сфарміравана партызанская брыгада «Дубава». Камандзірам стаў Ф. Ф. Дуброўскі, а камісарам У. Е. Лабанок. У нашым раёне дзейнічалі таксама партызанскія брыгады М. П. Гудкова, імя Чапаева, Чашніцкая «Дубава», Сенненская, Лёзненская, 1-ая Беларуская.

Частка тэрыторыі Лепельскага раёна ўваходзіла ў Полацка-Лепельскую партызанскую зону. У кастрычніку 1943 года у час Лепельскай аперацыі партызаны нанеслі ўдар па добра ўмацаваным нямецка-фашысцкім гарнізоне ў Лепелі. Вораг панёс значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.

За гады вайны ў раёне поўнасцю і часткова спалена 48 вёсак. У студзені 1942 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі і закатавалі 159 жыхароў вёсак Слабодка, Пунішча, Крыўцы. Летам 1942 г. спалілі веску Кісцялёва з жыхарамі. 28 кастрычніка 1942 г. спалілі в. Кветча і расстралялі больш за 40 чалавек. У гады вайны нямецка-фашысцкія акупанты спалілі вёскі Белая Куна, Калінец, Чырвоная Горка, Пескаваткі, якія больш не былі адноўлены.

Згодна з архіўнымі звесткамі, за гады вайны на Лепельшчыне знішчана звыш 4700 чалавек, у т. л. 1600 жанчын, 550 дзяцей, 903 чалавекі вывезены ў Германію на катаржныя работы.

28 чэрвеня 1944 г. Лепельскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

ЛІТАРАТУРА:

1. Азаронак, В. Загадкавы праект «Venus» / В. Азаронак // Лепельскі край. – 2010. – 12 лют. – С. 2.

2. Азаронак, В. Нябесная схватка / В. Азаронак // Лепельскі край. – 2013. – 10 верас. – С. 3.

3. Вайцяховіч, А. Лепельскае гета / А. Вайцяховіч // Лепельскi край. – 2007. – 16 сак. – С. 7.

4. Воронова, Н. В. Лепельщина в 1941–1945 гг. в документах Государственного архива Витебской области / Н. В. Воронова // Выстояли и победили: свидетельствуют архивы / авт.-сост.: М. В. Пищуленок [и др.]. – Витебск, 2005. – С. 19–21.

5. Гарбачоў, М. Храбра білі фашыстаў / М. Гарбачоў // Лепельскі край. – 2009. – 22 верас. – С. 2.

6. Грыгор’еў, В. Хроніка вызвалення / В. Грыгор’еў // Лепельскі край. – 2009. – 26 чэрв. – С. 2.

7. Кудин, М. Ой, берёзы да сосны, партизанские сёстры / М. Кудин // Лепельскi край. – 2007. – 28 мая. – С. 2.

8. Меницкий, И. Как росла ненависть / И. Меницкий // Советская Белоруссия. – 2010. – 24 февр. – С. 11.

9. Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – 640 с. : іл.

10. Стэльмах, А. Атака пачалася на золку / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2009. – 26 чэрв. – С. 2.

11. Тонін, В. Скупыя радкі данясенняў / В. Тонін // Лепельскі край. – 2009. – 26 чэрв. – С. 5.

12. Тухта, В. У тыле ворага / В. Тухта // Лепельскі край. – 2013. – 29 студз. – С. 2.

13. Хаванскі, В. Лепельскае падполле / В. Хаванскі // Віцебскі рабочы. – 2005. – 7 крас. – С. 14.

14. Шлег, Т. П. Зверства фашистов в 1941–1944 гг. на территории Лепельского района / Т. П. Шлег // «Лепельскія чытанні»: навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля / склад. А. У. Стэльмах. – Віцебск : Лепельскі раённы краязнаўчы музей, 2004. – С. 51–56.

15. Шлык, Ф. У глыбокім тыле / Ф. Шлык // Лепельскі край. – 2009. – 13 лют. – С. 4.

16. Якіменка, М. На подступах да Лепеля / М. Якіменка // Лепельскі край. – 2009. – 2 ліп. – С. 1.