Гісторыя. Мёрскі раён. Вялікая Айчынная вайна
- Подробности
- Створана 11.09.2017 07:00
- Адноўлена 02.09.2020 09:16
Вестка аб пачатку вайны была ўспрынята жыхарамі Мёршчыны насцярожана, са страхам і трывогай. Фронт імкліва набліжаўся па бальшаку Германавічы – Дзісна. Адступалі савецкія войскі, якія ў абход Дзісны ад Сіцькова скіроўваліся на Дзянісава і Грыгаравічы да Дзісны, дзе перапраўляліся праз раку ўброд. Па дарозе Лужкі – Дзісна, што на правым беразе Дзісенкі, наступалі немцы. Яны спяшаліся перарэзаць шляхі адыходу. 3-ая нямецкая танкавая група да 4 ліпеня 1941 года захапіла невялікі плацдарм на ўсходнім беразе Заходняй Дзвіны ў раёне Дзісны. Часці 22-ой арміі адступалі з цяжкімі баямі.
У ноч на 5 ліпеня немцы фарсіравалі Заходнюю Дзвіну.
Мёршчына была акупавана праз два тыдні пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз 2–3 ліпеня 1941 года. Фашысцкае камандаванне адразу ж прыступіла да ўвядзення новага парадку на тэрыторыі раёна. Паводле архіўных дадзеных, у тагачасным Мёрскім раёне былі закатаваныя і спалены жывымі 1902 чалавекі (па іншых звестках 3000 чалавек). У Дзісненскім раёне фашысты знішчылі 4584 чалавекі без уліку яўрэяў. З 1942 года працаздольных маладых людзей пачалі адпраўляць у Германію. Усяго за час вайны з Дзісеншчыны было вывезена 8000 чалавек, з іх 3815 жанчын. З Мёршчыны на прымусовыя работы ў Германію адправілі больш 2000 чалавек.
Супраціўленне захопнікам пачалося літаральна з першых дзён. Першапачатковы этап развіцця ўсенароднай барацьбы з акупантамі ў значнай ступені звязаны з аказаннем дапамогі савецкім воінам, якія трапілі ў акружэнне. Акружэнцы ў сваю чаргу садзейнічалі кансалідацыі сіл супраціўлення. Падпольныя групы ствараліся ў розных пунктах раёна. Ужо ў 1942 годзе народныя мсціўцы пачалі праводзіць значныя аперацыі. Закладвалася аснова масавага партызанскага руху. Актывізавалася дзейнасць падпольшчыкаў. На тэрыторыі раёна ў розны час дзейнічалі брыгады «Кастрычнік» імя Калініна, «4-ая Беларуская».
Прыкладаў узаемадзеяння партызан і патрыётаў дастаткова. Напрыклад, вясной 1943 года Ірына Гарбаценка паведаміла ў брыгаду «Кастрычнік» аб тым, што з Мёраў у Дзісну накіроўваецца абоз паліцыі. Народныя мсціўцы зрабілі засаду ў вёсцы Крукі, захапілі трафеі.
Цікавай з’явай у партызанскім руху можна назваць падпольны партызанскі атрад «Масква», створаны падпольшчыкамі вёскі Чэрасы пад кіраўніцтвам А. М. Манцэвіч і пры падтрымцы камандавання 4-ай Беларускай брыгады. Асаблівасць гэтага падраздзялення заключалася ў тым, што звычайныя сялянскія хлопцы займаліся сваімі звычайнымі справамі. Калі камандаванне трубіла збор, гэтыя хлопцы станавіліся байцамі-партызанамі. Яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях, разбуралі масты.
Атрады 4-ай Беларускай брыгады трымалі пад ударам чыгуначную магістраль Полацк – Дзісна. Яны блакіравалі нямецкі гарнізон у Дзісне, а 11 лютага 1944 года раптоўна напалі на гарнізон, спалілі там млын, электрастанцыю, склады. У маёнтку Даражкевічы былі захоплены дзесяткі галоў жывёлы. 14 лютага знішчаны гарнізон у Узменах, яшчэ перад гэтым быў разгромлены гарнізон у Лявонпалі.
Вялікі рэзананс мела аперацыя ў Мёрах. Яе ажыццявіла 30 чэрвеня 1943 года брыгада імя Ракасоўскага. Камандаваў гэтым злучэннем А. В. Раманаў. Камісарам з’яўляўся П. М. Машэраў, начальнікам штаба – В. Н. Дармянеў.
Брыгада імя Жукава разграміла гарнізон з маентку Курыловіча, дзе захапіла зброю, боепрыпасы, коней і кароў.
Гітлераўцы паспрабавалі блакіраваць у канцы мая – сярэдзіне чэрвеня 1944 года шэраг партызанскіх злучэнняў у раёне балота Багна – Мох. Аднак асноўныя сілы партызан прабіліся з акружэння, хоць кожная аперацыя выклікала шматлікія ахвяры не толькі сярод народных мсціўцаў, але і мірнага насельніцтва, прыносіла беды і пакуты.
Вызваленне на Мёршчыну прынеслі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе першага этапу аперацыі «Баграціён».
30 чэрвеня 1944 года танкісты 159-ай танкавай брыгады і матастралковы батальён 44-ай матастралковай брыгады пад камандаваннем маёра Лосева пачалі бой за Дзісну. Чацвёра сутак працягваўся бой, але ўсе спробы гітлераўцаў выбіць танкістаў і матастралкоў поспеху не мелі. Без сну і гарачай ежы, у акружэнні змагаліся воіны да падыходу 154-ай стралковай дывізіі, якая 3 ліпеня пры падтрымцы артылерыі з ходу ўступіла ў бой. Да раніцы наступнага дня Дзісна была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.
У напрамку Мёраў наступала 9-ая гвардзейская Чырванасцяжная дывізія пад камандваннем палкоўніка Я. Я. Вербава. Непасрэдна на Мёры часці 9-ай гвардзейскай стралковай дывізіі пачалі наступленне 3 ліпеня ў 16 гадзін. Пры гэтым 18-ы гвардзейскі стралковы полк праз Атокі, Краснае, Наўгароды, Дворнае Сяло выйшаў у раён вескі Свярдлы. У ноч на 4 ліпеня ён замяніў падраздзяленні 517-га стралковага палка 166-ай стралковай дывізіі на рубяжы Слаўшчына – Масеўцы – Міснікі. Раніцай 4 ліпеня 18-ы полк нанёс удар адным батальёнам у міжазерным дэфіле з поўдня на Мёры, другім ад Кацілава ўздоўж чыгункі на Наталіна і трэцім у абход з захаду праз Любінова, Камянполле, Марцінаўцы, Гізуны. Не затрымліваючыся ў Мёрах, да канца дня полк выйшаў на рубеж Захарні – Гір’яты.
ЛІТАРАТУРА
1. 1941–1945 // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 241–494.
2. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / редкол.: А.Т. Кузьмин [и др.]. – Минск : Беларусь, 1985. – Т. 3. – 531 с. : ил.
3. Лазебнікаў, В. С. «Фрыц» / В. С. Лазебнікаў, У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. : энцыклапедыя / рэдкал.: І. Я. Андрэеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1990. – С. 608–609.
4. Лапечанкаў, А. Пачатак акупацыі / А. Лапечанкаў // Міёрскія навіны. – 2016. – 2 ліп. – С. 7.
5. Люди нарочанского края: воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны / редкол.: И. Ф. Климов [и др.]. – Минск : Беларусь, 1975. – 592 с.
6. Ляўковіч, У. Пілотка / У. Ляўковіч // Міёрскія навіны. – 2013. – 2 ліп. – С. 3.
7. Матэленак, Л. Вызваліцелі / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2013. – 2 ліп. – С. 2.
8. Шымуковіч, Ф. Жыццё з тымі, хто за праўду / Ф. Шымуковіч // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 5 траўня. – С. 11.