Гісторыя. Мёрскі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 11.09.2017 07:00
- Адноўлена 02.09.2020 09:18
Адразу пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне гаспадаркі. Да верасня 1944 г. былі адноўлены 3 цагельныя заводы, лесапільны завод, воўначасальная фабрыка, 3 вапнавыя заводы, 11 млыноў, электрастанцыя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, разбурэнні, раён ужо з ураджаю 1944 г. паставіў дзяржаве 108407 пудоў хлеба, 159898 – бульбы, 2790 – мяса, 16531 пуд сена. Праўда, асноўны ўклад у гэтыя пастаўкі зрабілі аднаасобніцкія гаспадаркі.
Дапамога дзяржавы вызваленаму раёну ў першую чаргу заключалася ў пастаўцы тэхнікі. Так, у зводцы МТС за 18 сакавіка 1945 г. адзначалася, што да веснавых палявых работ былі адрамантаваны чатыры трактары з пяці і прычапны інвентар да іх.
Курс на калектывізацыю набываў усе больш прыхільнікаў. Асабліва шырокі размах набыла калектывізацыя ў 1949 г., а да канца 1950 г. яна была практычна скончана.
Да канца 1950 г. у раёне ўжо дзейнічала 145 калектыўных гаспадарак.
Адбываліся змены ў індустрыяльным развіцці раёна. Пачалі дзейнічаць Міжрэчанская і Мёрская гідраэлектрастанцыі, якія ў 1948 г. выпрацавалі 45300 квт/гадзін электраэнергіі, уведзены 4 млыны, арганізавана некалькі кааператыўных арцеляў. За 1949 г. прамысловасць выпусціла валавай прадукцыі на 692025 рублёў.
Да 1950 г. вытворчасць прамысловай прадукцыі ў параўнанні з даваенным узроўнем падвоілася. Пачаўся наступны этап у развіцці сельскай гаспадаркі – узбуйненне калгасаў.
Улічваючы, што ў раёне было развіта льнаводства, у Мёрах пабудаваны льнозавод, які прыступіў да перапрацоўкі трасты. Расшыраецца і выносіцца за межы райцэнтра маслазавод. У Дзісне дзейнічаюць прамкамбінат, маслазавод, лясгас. Развіваецца тэлефонная сувязь. У 1957 г. былі ўстаноўлены рэпрадуктары ў 1200 дамах.
20 студзеня 1960 г. ліквідавана Маладзечанская вобласць, Мёрскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці. Можна сказаць, што пачаўся сучасны этап яго развіцця. Сельская гаспадарка ўжо была прадстаўлена буйнымі гаспадаркамі. Так, у 1968 г. у раёне былі 33 калгасы і 2 саўгасы. 3 1958 да 1968 гг. – калгас імя Цітова пад кіраўніцтвам А. С. Мятлы забяспечыў рост па ўсіх паказчыках у 1,5–3 разы. За гэты ж час вытворчасць малака ўзрасла ў 5,4 раза, а мяса – у 6 разоў у калгасе «Маладая гвардыя». Яго старшыня Пётр Пятровіч Кандрашоў стаў першым Героем Сацыялістычнай Працы ў раёне, а гаспадарка ў 1971 г. адзначана ордэнам «Знак Пашаны». У 8,8 разоў за дзесяцігоддзе павялічыў грашовы даход калгас імя Чапаева, якім працяглы час кіраваў былы абаронца Брэсцкай крэпасці Акім Аляксеевіч Чувікаў. Званнем Героя Сацыялістычнай Працы адзначана дзейнасць на пасту кіраўніка калгаса «Цвеціна», а затым аб'яднанага імя Цітова Івана Ерамеевіча Анісімава.
На дапамогу працаўнікам вёскі прыходзіць тэхніка, паляпшаюцца ўмовы працы, разгортваецца вытворчае, жыллёвае і дарожнае будаўніцтва. Падвоіліся аб'ёмы прамысловай вытворчасці. Ствараецца раённы камбінат бытавога абслугоўвання, сетка атэлье якога ахапіла цэнтральныя сядзібы ўсіх гаспадарках. У 1965 г. уводзіцца ў эксплуатацыю мясакамбінат у Мёрах. У кансервавы завод пераўтвараецца прамкамбінат, а на яго базе ў канцы 1971 г. пабудаваны хлебазавод. Адначасова ўводзіцца ў эксплуатацыю камбікормавы завод. У Дзісне з прамкамбіната вылучаецца садавіннаагароднінны завод, які пазней становіцца кансервавым. Вялікую практычную дапамогу працаўнікам вёскі аказваюць спецыялізаваныя падраздзяленні раённых аддзяленняў «Сельгастэхніка» і «Сельгасхімія», Райсельэнерга, новая база якога паўстала на ўскрайку Мёраў у 1978 г.
Адначасова з вытворчым будаўніцтвам у Мёрах значная ўвага надаецца ўзвядзенню жылля. 15 студзеня 1972 г. райцэнтру прысвойваецца статус горада. У гэтых адносінах менш пашанцавала больш старажытнай, але менш прамыслова развітай Дзісне. Пэўнае ажыўленне тут адбылося з будаўніцтвам на тэрыторыі раёна і ўвядзеннем у эксплуатацыю нафтапрадуктаправода Наваполацк – Вентспілс, а затым і ЛПДС «Дзісна». I ўсё ж Дзісна яшчэ дзесяцігоддзі не магла аднавіць разбуранае вайной. Яна стала своеасаблівай мекай для кінематаграфістаў, якія здымалі тут кінастужкі «Чорная бяроза», «Дзяржаўная граніца» і іншыя фільмы.
Грамадскае жыццё раёна апошнія дзесяцігоддзі было даволі аднастайным, але не менш напружаным. Да кожнай пяцігодкі, юбілею, з'езда, пленума распрацоўваліся абавязацельствы, праводзіліся спаборніцтвы, падводзіліся вынікі. Вакол гэтага праводзілася амаль уся партыйная, камсамольская і прафсаюзная работа. Дзейнічалі агіткалектывы з агітатарамі і палітінфарматарамі, сістэма палітасветы з мноствам палітшкол, курсаў і семінараў. Усё было фармалізавана, абрасло справаздачамі, паперамі, сходамі, актывамі. Але несла і пэўны арганізацыйны, выхаваўчы зарад, вызначала пэўную перспектыву, хоць павольны, але няўхільны рост аб'ёмаў, дабрабыту. Адным словам, забяспечвала стабільнасць, якая ўзарвалася ў 1991 г. Дарэчы, гэты год па аб'ёмных паказчыках стаў для раёна вяршыняй, арыенцірам на працяглы перыяд. У поспех укладзена агульная праца работнікаў усіх галін народнай гаспадаркі.
Значныя сродкі ў раёне адпускаліся на культурнае будаўніцтва. У 1962 г. быў узведзены раённы Дом культуры, у 1965 г. – раённая і дзіцячая бібліятэкі. Пабудаваны Камянпольскі (1966), Даўгінаўскі (1967) і Слабадскі (1964) сельскія клубы, Язненскі СДК (1965), Завуццеўскі Дом культуры, Дрыгуцкая і Новакрукаўская сельскія бібліятэкі. У 1967–1968 гг. у навучальным годзе ў райцэнтры адкрылася дзіцячая музычная школа. Значна пазней яна стане школай мастацтваў, а музычныя школы з'явяцца ў Павяцці, Дзісне, Язне.
У 1967 г. адбыўся першы выпуск Мёрскай СШ № 2 на 536 месцаў, пачала працаваць Перабродская СШ на 320 месцаў, пабудаваны Цвецінская сярэдняя школа і Маляўская васьмігодка на 192 месцы кожная. Потым разгортваецца будаўніцтва школ у Дворным Сяле, Туркове, Павяцці, Дзісне, Мікалаёве, Сіцькове, Волкаўшчыне, Слабадзе, Даўгінаве, Язне, Завуцці, Новым Пагосце, СШ № 3 у Мёрах. Многія школы пашыраюцца, у некаторых узводзяцца спартыўныя залы.
Пасля 1960 г. за кошт дзяржаўных капітальных укладанняў пабудавана раённая паліклініка, 19 ФАПаў, бальніцы расшыраны да 290 ложкаў. У пачатку 90-х гадоў у райцэнтры распачата будаўніцтва новага бальнічнага комплексу, у Дзісне – новай паліклінікі.
У 80-ыя – пачатку 90-х гадоў у раёне пачалося стварэнне кааператываў, малых прадпрыемстваў, таварыстваў з абмежаванай адказнасцю. Выжылі з іх толькі тыя, што паспелі наладзіць вытворчасць ці заняліся гандлем.
У 2008 г. быў пабудаваны мост праз раку Заходняя Дзвіна, які злучыў Мёрскі і Верхнядзвінскі раёны. З 2008 г. праводзіцца фестываль «Перабродская зорка».
Сучасны Мёрскі раён (на 2015 г.) – сельскагаспадарчы. Вытворчасцю сельгаспрадукцыі займаецца 17 гаспадарак і аграсервіс. Яны вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён на валакно, рапс на алей, гародніну, пераважна бульбу. Сельгасугоддзі займаюць 59277 гектараў, у тым ліку 34314 гектараў раллі.
Дзейнічаюць 18 фермерскіх гаспадарак і садаводчых гаспадарак.
Прамысловасць прадстаўлена ў асноўным перапрацоўчымі прадпрыемствамі. У Мёрах – мясакамбінат, камбікормавы завод, хлебазавод, льнозавод; у Дзісне – лясгас, філіял швейнага вытворчага аб’яднання «Віцябчанка».
Транспарціроўкай нафтапрадуктаў па трубаправодах займаецца ЛПДС «Дзісна». Будаўнічыя і меліярацыйныя праграмы ажыццяўляюць ПМК-55, УП «Рамонтнік», Мёрскае і Язненскае прадпрыемствы меліярацыйных сістэм.
Спажывецкія жаданні задавальняюць 135 прадпрыемстваў: кааператыўных, ведамасных, дзяржаўных і прыватных, рознічнага гандлю і грамадскага харчавання. КУП «Міёрскі КБА» аказвае 11 відаў паслуг у гарадах і 12 у сельскіх комплексных прыёмных пунктах.
Індывідуальныя прадпрымальнікі Мёрскага раёна прапануюць: рамонт аўтамашын і шынамантаж; рамонт і пашыў адзення і абутку; паслугі цырульні; выраб сталярных вырабаў і помнікаў, рамонт і рэканструкцыю мэблі; фотапаслугі. Індывідуальны прадпрымальнік В. С. Раманоўскі адраджае мясцовыя старажытныя традыцыі піваварства ў г. Дзісне. Атрымліваецца піва верхавога закісання без фільтраў, кансервантаў і дабавак – добры стары эль.
У Мёрскім раёне развіваецца сацыяльная сфера. Створаны ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. Працуе ДЮСШ, фізкультурна-спартыўны комплекс «Атлант».
Да паслуг насельніцтва – 9 дамоў культуры, 21 сельскі клуб, 36 бібліятэк, дзіцячая школа мастацтваў, музычная школа. Пяці творчым калектывам прысвоена званне «народны», двум «узорны». Ужо стала пастаянным правядзенне ў г. Мёрах абласнога фестывалю нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі». У цэнтральнай раённай бібліятэцы створаны цэнтр прававой інфармацыі.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе цэнтральная раённая, Дзісненская раённая і Язненская ўчастковая бальніцы, Даўгінаўская, Новапагосцская і Туркоўская ўрачэбная амбулаторыі, паліклінікі ў Мёрах і Дзісне, 30 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Праведзена вялікая праца па мадэрнізацыі аперацыйнага блока і аддзялення рэанімацыі, якія аснашчаны новым сучасным абсталяваннем. У 2004 г. у г. Дзісне адчынена аддзяленне кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У Мёрскім раёне працуе 45 устаноў адукацыі. Усе дашкольныя ўстановы адукацыі ўкаранілі праграму «Пралеска».
Турызм і арганізаваны адпачынак на Мёршчыне развіваецца не адно дзесяцігоддзе. Сельскі турызм прапануе экскурсіі на прыроду, рыбалку, збор ягад і лекавых раслін, падарожжа на лодках, экстрэмальныя паходы. Створаны ўсе ўмовы для адпачынку і ўмацавання здароўя ў любую пару года ў дзіцячым санаторыі першай катэгорыі «Расінка», змешчаным на беразе возера Абстэрна.
ЛІТАРАТУРА
1. 1945 – да нашых дзён // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 495–593.
2. Лысова, Т. Времен связующая нить, или Об истории с географией, трогательном провинциальном шарме и духе прошлого / Т. Лысова // Рэспубліка. – 2012. – 16 мая. – С. 4.
3. Миорский район: прошлое и настоящее, природа и люди : буклет / текст: А. Смертьева, Л. Мателенок ; фото: В. Руденка [и др.]. – Новополоцк : Новополоцкая типография. – 20 с.
4. Миорщина: мгновения прошлого и настоящего / текст Л. А. Мателенок ; фото О. В. Молодечкин, Л. А. Мателенок. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – 40 с.
5. Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / подбор материала: В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей, Миорский районный исполнительный комитет ; лит. обраб. О. В. Молодечкин ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – 50 с. : ил. – (Краеведы Витебщины о любимом крае. Вып. 2).
6. Сауліч, У. Хто не рызыкуе, той не развіваецца: IV. Ці стане Дзісна спальным раёнам Полацка / У. Сауліч // Белорусская нива. – 2013. – 13 дек. – С. 10.
7. Субат, У. П. Дзісна: горад белых ветразяў / У. Субат // Сельская газета. – 2017. – 28 янв. – С. 24
8. Шымуковіч, Ф. Варты, каб ведалі / Ф. Шымуковіч // Міёрскія навіны. – 2013. – 17 снеж. – С. 4.