Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Мёрскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

У Мёрах валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт быў створаны ў лістападзе 1917 г. з мясцовых батрацка-бядняцкіх актывістаў. Праз некалькі дзён ён абраў агульны валасны сход.

У воласці была створана народная міліцыя, у вёсках – камітэты беднаты.

10 снежня 1917 г., пасля арганізацыі валасных Саветаў, Дзісенскі павятовы рэўкам склікаў з’езд прадстаўнікоў валасцей, на якім быў выбраны выканаўчы камітэт Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, утвораны галіновыя аддзелы выканкама, у тым ліку савет народнай гаспадаркі павета.

Далейшае замацаванне рэвалюцыйныя пераўтварэнні знайшлі ў рашэннях Першага абласнога з’езда зямельных камітэтаў Заходняй вобласці, які прайшоў 7–11 студзеня 1918 г. у Мінску. Адным з намеснікаў старшыні прэзідыума з’езда быў выбраны тав. Гайлеш, прадстаўнік Дзісеншчыны. Тут было прынята бальшавіцкая рэзалюцыя па зямельных, харчовых, лясных і іншых пытаннях. Яна падводзіла вынік работы, ужо праведзенай на Дзісеншчыне.

У сувязі з дэмабілізацыяй, развалам царскай арміі і пагрозай нямецкага наступлення на Дзісеншчыне яшчэ ў студзені 1918 г. пачынае праводзіцца работа па стварэнні Чырвонай гвардыі, а потым і Чырвонай Арміі.

Дзісна і павет былі акупіраваны немцамі неўзабаве пасля пачатку наступлення.

З прыходам немцаў валасны Савет у Мёрах пайшоў у падполле.

Дзісеншчына была вызвалена ў лістападзе 1918 г.

22 снежня 1918 г. гарадскі Савет у Дзісне ліквідаваны, яго функцыі пачынае выконваць павятовы Савет.

Дзісеншчына працяглы час знаходзілася ў прыфрантавой зоне, двойчы па ёй пракаціліся баявыя дзеянні. Яна перажыла мабілізацыю, бежанцаў, рабаўніцтва захопнікаў.

Духавенства ў саюзе з панамі і кулакамі натхняла мяцеж «зялёных» непасрэдна ля польска-савецкай граніцы. Пачаўся ён у сярэдзіне чэрвеня 1919 г. На Мёршчыне паўстанне «зялёных» адбывалася пад кіраўніцтвам памешчыка Ваганоўскага з Александрова і ксяндза Мёрскага касцёла.

На падаўленне паўстання быў накіраваны атрад Віленскага каравульнага батальёна. Асноўныя пункты паўстання былі падаўлены толькі часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі 28 снежня 1919 г., незадоўга да польскага наступлення на Савецкую Расію.

Польская армія з наступленнем спазнілася, каб выкарыстаць у сваіх мэтах паўстанне. І ўсё ж белапольская інтэрвенцыя пачалася. У павеце адразу было аб’яўлена ваеннае становішча. Валасныя выканкамы пачалі праводзіць мабілізацыю чатырох узростаў сялян, камсамольцаў.

Неўзабаве Дзісенскі павет, а ў яго складзе і Мёрская воласць, былі акупіраваны белапалякамі. Для барацьбы з новымі захопнікамі ствараюць партызанскія атрады вядомыя чэкісты Ваупшасаў і Рабаў.

У чэрвені 1920 г. пачалося вызваленне Мёршчыны. Яно звязана з імем героя грамадзянскай вайны Г. Д. Гая, камандуючага 2-ім конным Каўказскім корпусам. 4 ліпеня артылерыя корпуса Г. Д. Гая вяла абстрэл маёнтка Дрыгучы, дзе былі ўмацаванні белапалякаў. Спачатку яны стрымлівалі парыў трэці чырвонаармейцаў, але да 17 гадзін увесь корпус перайшоў у наступленне. Да 22 гадзін ён дасягнуў рубяжа Заходняя Дзвіна – вёска Павяцце. Раніцай наступнага дня баі ўзнавіліся ля вёскі Сташулі, па берагах Вяты, аднак да змяркання чырвоныя коннікі Г. Д. Гая ўвайшлі ў Друю і Браслаў.

Насельніцтва Мёршчыны радасна сустракала вызваліцеляў. У вызваленых валасцях аднаўлялася Савецкая ўлада. Дзісенскі павятовы рэўкам яшчэ 7 ліпеня аб’явіў сябе вышэйшай уладай.

У Мёрах зноў быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Аднак па Рыжскім дагаворы 1921 г., папярэднія ўмовы якога былі падпісаны 12 кастрычніка 1920 г., Мёршчына ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай Польскай.

Паступова на Мёршчыне былі зачынены ўсе беларускія школы, а адукацыя ажыццяўлялася ў 39 пачатковых, 7 шасцігадовых школах і Дзісенскай гімназіі на польскай мове. Дарэчы сказаць, гімназія давала трывалыя веды і дазволіла праявіцца многім мясцовым талентам.

Раённы цэнтр у 20-ыя гады – гэта мястэчка, якое амаль не развівалася ў эканамічных і культурных адносінах. У 1927 г. тут жылі 422 жыхары. Іх патрэбы задавальнялі 5 прыватных магазінаў-лавак, млын, аптэчны склад.

У Мёрскай гміне ў гэты час былі 42 панскія маёнткі, у Лявонпальскай – 33. У будучым райцэнтры купец Агенштат пабудаваў «фабрыку» запалкавай саломкі.

Шырокі размах у 1925–1927 гг. атрымала на Дзісеншчыне дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай грамады.

У 1934 г. закончылася будаўніцтва 100 км чыгункі, якая прайшла праз Мёры.

З 17 верасня 1939 г. у гісторыі Мёршчыны наступае новы этап – уз’яднанне Заходняй Беларусі. Тут, у паграніччы, пачынаўся першы з шасці дзён паходу Чырвонай Арміі па Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1939 г. была ўтворана Вілейская вобласць, у якую ў ліку сямі раёнаў уваходзіў Дзісенскі. А 15 студзеня 1940 г. арганізоўваецца раён з цэнтрам у Мёрах. У яго ўвайшлі гарадскі (1075 жыхароў) і 19 сельскіх саветаў (36006 жыхароў). Мёры на той час уяўлялі сабой неўпарадкаваную вёску, якая перажыла вялікі пажар, з насельніцтвам крыху больш за тысячу чалавек, пераважна яўрэяў. Прамысловасць абмяжоўвалася лесапільняй і млынам.

22 кастрычніка ў Заходняй Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў у Народны сход. 28–30 кастрычніка ў Беластоку яны галасавалі за дэкларацыю аб устанаўленні ў Заходняй Беларусі Савецкай улады, уваходжанні яе ў склад БССР, канфіскацыі памешчыцкіх земляў, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

Новы час прынёс новыя змены. Адна з іх – калектывізацыя ў вёсцы.

Неўзабаве пасля ўз’яднання адным з першых па ініцыятыве сялян ствараецца калгас «17-е верасня» ў вёсцы Касатыя. Захаваліся пратаколы сходаў грамадзян мястэчка Лявонпаль. У адным з іх паведамляецца, што 14 лютага 1940 г. абмяркоўвалася пытанне аб арганізацыі калгаса. 74 чалавекі, якія прысутнічалі на сходзе, стварылі сельгасарцель – таксама «17-е верасня».

18 сакавіка 1940 г. сяляне вёскі Свярдлы сталі членамі калгаса «Парыжская камуна», у які ўвайшлі 69 гаспадарак.

30 сакавіка на агульным сходзе жыхароў вёскі Слабада прынята рашэнне арганізацыі калектыўнай гаспадаркі «Чырвоны сцяг», у якую неўзабаве ўступіла 108 сем’яў.

У 1940 г. утварыліся дзве брыгады – у Чэрасах і Слаўшчыне.

У верасні 1940 г. у раёне была ўжо 21 калектыўная гаспадарка. Для сумеснай працы аб’ядналіся 780 сялянскіх гаспадарак з 8848. У сельгасарцелях працавалі 3 аграномы і столькі ж заатэхнікаў, 1 ветэрынарны ўрач. На месцы падрыхтавана 20 рахункаводаў, 21 брыгадзір па сіласаванні, 40 трактарыстаў. Увогуле на кааператыўную і гаспадарчую работу вылучана больш 240 чалавек.

Праводзілася вялікая агітацыйна-прапагандысцкая праца па арганізацыі калгасаў, дзейнічала 20 агіткалектываў, у складзе якіх было 345 агітатараў.

Калектыўныя гаспадаркі ствараліся ў многіх вёсках.

У межах тагачаснага Мёрскага раёна на май 1941 г. дзейнічалі 34 калгасы.

У былым маёнтку Клётаў Двор ствараецца МТС на 10 трактараў.

Першая партыйная канферэнцыя ў Мёрах праходзіла 11–12 красавіка 1940 г. Быў створаны раённы камітэт з 7 чалавек, пад кіраўніцтвам якога праводзілася калектывізацыя сельскай гаспадаркі.

У 1940 г. на Мёршчыне зарадзіўся камсамол.

Утвараюцца сельскія саветы.

У калгасах раёна ў канцы 1940 г. налічвалася 471 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 269 кароў, 325 авечак, 130 свіней, 624 кані.

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1917–1941 // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 147–240.

2. Ермалёнак, В. Штрыхі часу / В. Ермалёнак // Мiёрскiя навiны. – 2005. – 15 студз. – С. 6.

3. Залескі, А. У завірусе савецка-польскай вайны / А. Залескі // Сцяг працы (Міёры). – 2001. – 27 лют. – С. 3.

4. Каралёў, В. Нам засталася спадчына / В. Каралёў // Сцяг працы (Міёры). – 1992. – 25 ліп. – С. 3–4.

5. Каралёў, В. Школа ў Волкаўшчыне / В. Каралёў // Сцяг працы (Міёры). – 1993. –13 лют. – С. 3.

6. Каралёў, В. Як пашыраліся гарызонты вёскі / В. Каралёў // Мiёрскiя навiны. – 2003.– 25 лістап. – С. 4.

7. Лаўрыненка, К. В. Жыццё парафіі Язна ў 1926–1947 гг. / К. В. Лаўрыненка // Первая мировая война: история, геополитика, уроки истории и современность (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы международных отношений) : материалы международной научной конференции, 11–12 ноября 2008 г. / редкол.: В. А. Космач [и др.]. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2008. – С. 317–318.

8. Манцэвіч, Б. Песні над Волтай / Б. Манцэвіч // Міёрскія навіны. – 2009. – 15 верас. – С. 4.