Гісторыя. Пастаўскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 26.09.2017 08:40
- Адноўлена 27.11.2017 11:46
На тэрыторыі, якая зараз уваходзіць у Пастаўскі раён, людзі жылі здаўна. Самае старажытнае пасяленне адносіцца да эпохі неаліта (III – пачатак II тыс. да н. э.), размешчана на паўночным беразе возера Задзеўскае. У VII–IV стст. да н. э. тут сяліліся плямёны культур штрыхаванай керамікі, да якой адносяцца знаходкі на гарадзішчах ля вёсак Сарокі, Сіманькі. Курганны могільнік балтыйскіх плямёнаў у в. Вайшкуны датуецца IX–XI стст. н. э.
У X–XIII стст. Пастаўшчына ўваходзіла ў склад Полацкага княства.
Першыя пісьмовыя звесткі, якія тычацца тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёна, адносяцца да апошняй чвэрці XIV ст. На той час яна ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага. З 1385 г. упамінаюцца Лынтупы, у 1473 г. Дунілавічы. З XVI ст вядомы Камаі, Манькавічы, з 1542 г. Лучай як уладанні Забярэзінскіх, з 1630 г. – Козічы, Юнькі.
У XIII–XIV стст. адбываліся частыя напады на гэтыя землі крыжакоў, якія рабілі спробы захапіць іх пад сваю ўладу, былі нашы землякі і пад харугвамі князя Вітаўта ў час Грунвальдскай бітвы 1410 г. Падставу гэтаму даюць тапанімічныя назвы Пастаўшчыны. Так, паблізу Варапаева да сярэдзіны ХХ ст. існавала вёска з назвай Грынвальды.
Перамога пад Грундвальдам паўплывала на сацыяльна-эканамічнае становішча ў краі. Пачалі ўзнікаць новыя гарады, мястэчкі і сельскія пасяленні, а разам з гэтым адбудоўвацца і пашырацца старыя; ажывіўся гандаль.
У 1-й палове XVI ст. асабліва пашырыліся на Пастаўшчыне ўладанні Зяновічаў, Радзівілаў, Астрожскіх, Забярэзінскіх, Гальшанскіх, якія ў гэты час дасягнулі вяршыні сваёй магутнасці. Гэтым магнатам належалі Паставы, Свіраны, Гадуцішкі, Янкішкі, Стаяцішкі, Ясева, Лучай і іншыя мястэчкі.
Землі Пастаўшчыны, дзе было шмат азёр, рэк, лясоў, багатых на рыбу, пушніну прыцягвалі прадстаўнікоў знакамітых родаў. У мясцовых лясах была шырокая прастора для палявання на дзікіх звяроў. Тут шырока было развіта бортніцтва, а адсюль і багатая мядовая даніна.
Пастаўшчына была даволі прыдатнай для земляробства і жывёлагадоўлі. Земляробствам тут займаліся са старажытных часоў. Вырошчвалі проса, пшаніцу, жыта, ячмень і іншыя культуры. У жывёлагадоўлі да XII ст. было дамінуючым свінаводства. Потым усё большую ўвагу пачалі аддаваць рагатай жывёле.
У адпаведнасці з новым Статутам, у 1566 г. пачалося рэфармаванне адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэмы ВКЛ. Пастаўскія землі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У 1613 г. выйшла карта ВКЛ, дзе нанесены населеныя пункты Пастаўшчыны – Паставы, Дунілавічы, Камаі, Лынтупы, Полава.
У 1772, 1793 і 1795 гг. адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.
Пастаўшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі на працягу 1793–1795 гг. Пасля другога падзелу да Расіі адышлі цэнтральная і ўсходняя частка сучаснай Пастаўшчыны (у т. л. Паставы, Дунілавічы), а пасля 3-га падзелу (1795) – заходняя (Лынтупы і навакольныя вёскі).
Паставы спачатку лічыліся горадам, да 1796 г. былі цэнтрам павета, потым сталі мястэчкам, цэнтрам воласці ў Дзісенскім павеце Мінскай, з 1842 г. – Віленскай губерняў.
Лынтупы з 1801 г. знаходзіліся ў Завілейскім, з 1843 г. – у Свянцянскім паветах Віленскай губерні.
Падчас вайны 1812 года галоўныя сілы французскай арміі прайшлі праз Пастаўшчыну і ў той час вёска Навадруцк была перайменавана Напалеонам у Парыж. Існуе таксама і іншае тлумачэнне прычыны перайменавання вёскі. У згаданай мясціне жылі некалі французы, якія былі ўзяты ў палон у 1812 г., што і паўплывала на з’яўленне вёскі з такой назвай.
Цераз рэчкі, што цяклі ў межах воласці, будаваліся невялікія масты, а ў шэрагу выпадкаў ладзіліся паромы. Праезд быў платным: па гарцу жыта ў год з кожнага гаспадара на карысць трымальніка.
Істотным фактарам развіцця рэгіёна стала пракладванне чыгуначных шляхоў і ўзвядзенне неабходных для іх абслугоўвання пабудоў. Гэта вяло да павелічэння міграцыі насельніцтва, умацоўвала гаспадарча-эканамічныя адносіны, пашырала гандаль. Так, у 1895 г. прыватнае 1-е (Свянцянскае) таварыства пад’язных шляхоў закончыла пракладку чыгункі Новасвянцяны – Беразвеча (зараз у межах Глыбоцкага раёна). У тым жа годзе пачаўся рух цягнікоў да Пастаў, а на працягу 1896–1897 гг. – да Варапаева, Глыбокага.
У Паставах і Варапаеве ў канцы XIX ст. існавала некалькі шкіпінарных заводаў.
Найбольшую групу прадпрыемстваў прадстаўлялі вінакурныя заводы. Тры з іх знаходзіліся ў Паставах. Адным з найбольш магутных быў Лучайскі вінакурны завод (знаходзіўся ў маёнтку Стары Двор).
Заводы па вырабе цэглы існавалі ў Андронах, Асінніках, Варапаеве, Невядомшчыне, Сасноўцы, Обалані. Цэглу выраблялі і пры пастаўскім вакзале.
Дробная прамысловасць была прадстаўлена ў асноўным рамеснікамі. Пастаўскае сельскае рамеснае таварыства мела панчошных майстроў – 27, швачак – 14, гадзіншчыкаў – 3, шапачнікаў – 9, ганчароў – 4, землякопаў – 15, бондараў – 60, пільшчыкаў – 8, кавалёў – 21, слесараў – 2, колаўшчыкаў – 9, рымароў – 4, сталяроў – 19, цесляроў – 24, шаўцоў – 32, краўцоў – 29.
Акрамя сельскагаспадарчых работ сяляне ўсё часцей займаліся адыходнымі промысламі, наймаліся на розныя работы.
У часы Першай сусветнай вайны Паставы знаходзіліся на лініі фронту паміж нямецкімі і рускімі войскамі і многія будынкі былі разбураны. Да нашага часу захаваліся на тэрыторыі Пастаўшчыны ўзведзеныя германскімі фарміраваннямі абарончыя ўмацаванні.
ЛІТАРАТУРА
1. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 29–130.
2. Высоцкі, А. Паставы: гісторыя і сучаснасць / А. Высоцкі // Служба Спасения. – 2005. – № 6. – С. 58–59.
3. Дулеба, Г. Пастаўшчына на старонках «Обзора Виленской губернии» / Г. Дулеба // Пастаўскі край. – 2007. – 27 чэрв. – С. 4.
4. Зямчонак, І. Ваколіцы Парыжа: старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я / І. Зямчонак. – Гродна : Ратуша, 2000. – 104 с.
5. Паставы = Postavy : [фотаальбом] / склад. С. І. Міхайлава ; аўт. тэксту І. М. Пракаповіч ; фота Ю. Г. Осіпава [і інш] ; пер. на англ. мову Д. У. Людчыка. – Мінск : Беларусь, 2009. – 72 с.
6. Петрусевіч, І. Там, дзе штогод «Звіняць цымбалы...»: гісторыя і сучаснасць Пастаў / І. Петрусевіч // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 23 верас. – С. 5.
7. Поставский район / ред. Л. М. Дработович [и др.]. – Минск : Белта, 2006. – 21 с.
8. Поставы // Беларусь живописная = Тhe picturesque Belarus : путеводитель = Guidebook / П. И. Сабина. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 95–97.
9. Поставы // Регионы Беларуси : энциклопедия в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 367–368.
10. Пракаповіч, І. М. Паставы : гістарычная хроніка горада / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 80 с.
11. Пракаповіч, І. М. Храналогія гісторыі Пастаўскага раёна. Каляндар памятных дат 2012–2021 / І. М. Пракаповіч, П. М. Баразна. – Паставы : Пастаўская друкарня, 2012. – 60 с.
12. Сінкевіч, Ю. Паазер’е: гісторыя і сучаснасць Пастаў / Ю. Сінкевіч // Голас Радзімы. – 2005. – 8 верас. – С. 9.
13. Тэма II. Мінулае і сучаснасць // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 51–121.
СПАСЫЛКІ
14. История [Электронный ресурс] // Поставский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://postavy.vitebsk-region.gov.by/ru/new_3/. – Дата доступа: 06