Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Пастаўскі раён. Пасляваенны перыяд

З першых дзён вызвалення пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. 20 верасня 1944 г. Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны ўвайшлі ў састаў Маладзечанскай вобласці.

Партыйныя і савецкія органы, гаспадарчыя кіраўнікі прымалі ўсе захады, каб павялічыць выпуск прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, пашырыць сферу сацыяльных паслуг. Паступова ў строй дзеючых уводзіліся новыя важныя аб’екты, ажывалі даваенныя.

Ужо ў 1947 г. першую прадукцыю выдаў Пастаўскі льнозавод, які ператвораны цяпер у адкрытае акцыянернае таварыства. Прадпрыемства расло, умацоўвалася яго матэрыяльна-тэхнічная база, лепшымі станавіліся ўмовы працы і быту рабочых. I хоць вытворчая дзейнасць калектыву цалкам залежыць ад пастаўляемай сыравіны гаспадаркамі нашага і суседніх раёнаў, тут прымаліся і прымаюцца захады па стварэнні эфектыўнай безадходнай вытворчасці.

У 1953 г. у строй дзеючых уступіў кансервавы завод, праз дзесяць гадоў – малаказавод. У 1964 г. на базе дзвюх хлебапякарань быў створаны хлебазавод, а ў 1970 г. пабудаваны новы, які пазней атрымаў назву «Камбінат кааператыўнай прамысловасці».
Набыў самастойнасць і стаў унітарным прадпрыемствам Пастаўскі мясакамбінат. Разам з Лынтупскім спіртзаводам названыя прадпрыемствы ў асноўным ажыццяўляюць перапрацоўку прадукцыі, якую пастаўляюць ім гаспадаркі і насельніцтва раёна.
Сярод старэйшых прадпрыемстваў Пастаўшчыны – шклозавод «Гута», Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат. У кожнага з іх па-свойму багатая і знакамітая біяграфія.

20 студзеня 1960 г. Пастаўскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці, Дунілавіцкі раён быў скасаваны.

Спрыяльнае геаграфічнае становішча і наяўнасць працоўных рэсурсаў, а Пастаўскі раён з’яўляўся буйнейшым па колькасці насельніцтва сярод сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці, садзейнічалі далейшаму развіццю на Пастаўшчыне прамысловай вытворчасці. Так, згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, на працягу 1977–1980 гг. вялося будаўніцтва завода па вытворчасці камплектаў вучэбнага абсталявання па чарчэнні і маляванні, разлічанага больш як на 500 працуючых. У 1981 г. прадпрыемства выдала першую прадукцыю. Адметна тое, што гэта была амаль што адзіная спецыялізаваная вытворчасць, якая забяспечвала многія рэгіёны былога СССР школьным абсталяваннем.

Пастаўскі раён, нягледзячы на даволі развітую прамысловасць і іншыя галіны, усё ж сельскагаспадарчы. У залежнасці ад задач, якія ставіў час, само жыццё, адбывалася ўзбуйненне гаспадарак, пашыралася сацыяльная сфера на вёсцы.
Дзякуючы дапамозе дзяржавы, калектыўныя гаспадаркі змаглі набываць новую тэхніку. Было створана раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка» з колькасцю працуючых каля 300 чалавек.

Аднак не ўсе працэсы ў сельгасвытворчасці адбываліся так, як жадалі вяскоўцы. Захапленне рознымі кампаніямі, у тым ліку пашырэнне пасеваў кукурузы, падрывала стан такіх традыцыйных культур, як бульба, жыта, авёс, лён. Таму гаспадаркі пасля чарговага «эксперыменту» вярталіся да сваіх звыклых, спрадвечных заняткаў. А ў 1960-я гг. пачалася спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці, узрастала яе энергаўзброенасць. Толькі за дзесяцігоддзе, з 1960 г. па 1970 гг., аб’ёмы продажу збожжа дзяржаве ўзраслі ў 3 разы, мяса – у 2,7, агародніны і малака – у 2,2, яек – у 3 разы. Найбольш высокіх паказчыкаў у развіцці жывёлагадоўлі раён дасягнуў у 1990 г. Дзяржаве было рэалізавана 56,1 тыс. тон малака, 13,4 тыс. тон мяса.

Раён неаднаразова выходзіў пераможцам абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных сацыялістычных спаборніцтваў, сотні перадавікоў сельгасвытворчасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, а старшыня калгаса імя Суворава Адольф Адольфавіч Валодзька ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

На жаль, пачынаючы з 1990-х гг., фінансавае і матэрыяльнае становішча гаспадарак пачало пагаршацца. Па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах значна знізіліся аб’ёмы вытворчасці многіх відаў сельгаспрадукцыі, ураджайнасць збожжавых, бульбы, ільну.

Пастаўшчына здаўна славіцца сваімі музычнымі традыцыямі, самадзейнай мастацкай творчасцю, рамёствамі. У няпросты пасляваенны перыяд уцалелыя памяшканні, якія былі прыгодны для выкарыстання, сталі першымі культурнымі цэнтрамі. Ужо ў 1944 г. на вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах быў адкрыты Дом сацкультуры. Больш магчымасцей у культработнікаў з’явілася пасля стварэння ў 1946 г. аддзела культуры райвыканкама. У гэты перыяд для функцыянавання раённага Дома культуры былі перададзены памяшканні на вуліцы Савецкай. Добрым падарункам гараджанам стаў кінатэатр «Радзіма».

Пашырэнню асветніцтва спрыяла арганізацыя невялікіх мясцовых бібліятэк. 3 1960-х гг. яны набылі статус самастойных. У дзейнасці культурна-асветных устаноў шырока выкарыстоўваліся розныя формы работы – тэматычныя вечары, народныя ўніверсітэты, вечары працоўнай славы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы.

Шырокую вядомасць Пастаўшчыне прынёс Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які стварыўся ў 1992 г. і стаў традыцыйным.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі, як бы яна ні ацэньвалася, у раёне вырасла шмат сапраўдных арганізатараў вытворчасці, вядомых у рэспубліцы людзей, актыўных у грамадскім жыцці. Сярод іх В. А. Клачкова, А. А. Валодзька, М. В. Шчучка, А. І. Кухальская, Т. Р. Вярбіцкая, Н. М. Андрэйчык, В. В. Чэпік, Б. П. Шылько, П. М.Розынка і інш.

Вялікі ўплыў на сацыяльна-эканамічнае станаўленне і развіццё раёна аказвалі партыйныя кіраўнікі М. А. Карабань, А. Я. Федарэнка, В. А. Клачкова, Б. І. Гаўрыльчык, старшыні райвыканкамаў Я. В. Касарэўскі, В. Ф. Скобелеў, Э. Ф. Ляшковіч, камсамольскія важакі Н. М. Гірса, Т. Ф. Шпілеўская, Г. У. Кулажанка і інш.

3 набыццём краінай самастойнасці і незалежнасці ўзніклі ў многім спецыфічныя для раёна задачы, бо ён аказаўся прыгранічным. На яго тэрыторыі дзейнічае мытня, Пастаўская пагранкамендатура, першая асобная авіяцыйная эскадрылля, ваенны шпіталь.
У раёне актыўна працуюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і арганізацыі.

У 2004 годзе ў Паставы быў падведзены прыродны газ. Сімвалічны факел на свяце, якое было наладжана ў горадзе з гэтай нагоды, запаліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.

3 верасня 2006 года ў Паставах прайшло вялікае рэспубліканскае свята «Дзень беларускага пісьменства».

Галоўнай гандлёвай арганізацыяй раёна з’яўляецца Пастаўскае раённае спажыўтаварыства (РайСТ). У 2003 г. калектыў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Гандлёвую дзейнасць ажыццяўляе каля 100 магазінаў, жыхароў малых населеных пунктаў абслугоўваюць аўталаўкі.

Спецыялізаваным прадпрыемствам па аказанні бытавых паслуг з’яўляецца КУП «Пастаўскі райбыткамбінат».

На пачатак 2014 г. Пастаўскі раён – адзін з буйнейшых сельскагаспадарчых раёнаў Віцебскай вобласці з развітай прамысловасцю, якая арыентавана на перапрацоўку мясцовай сыравіны і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання.
Найбольшую долю (каля 60 %) вытворчасці рэгіянальнага прадукта раёна забяспечвае прамысловасць. У гэтай галіне дзейнічае 9 прадпрыемстваў з колькасцю працуючых каля 3-х тыс. чалавек (23 % ад усіх занятых у эканоміцы). Асноўнымі галінамі спецыялізацыі з’яўляюцца харчовая і дрэваапрацоўчая.

Адно з буўнейшых прадпрыемстваў раёна – ААТ «Пастаўскі малочны завод», выпускае шырокі асартымент вырабаў, у тым ліку натуральнамалочную прадукцыю і сыры, рэалізуючы яе пад гандлёвай маркай «Паставы гарадок».

Завяршаецца рэканструкцыя Пастаўскага льнозавода, які выпускае льновалакно і развівае сетку дапаможнай гаспадаркі.

Дрэваапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат», ААТ «Паставымэбля», прыватным гандлёва-вытворчым прадпрыемствам «Пастаўскі мэблевы цэнтр» і ТАА «Вытворча-мэблевы цэнтр».
ПВУП «Завод «Беліт», які ўваходзіць у Мінскае аб’яднанне «Гарызонт», ажыццяўляе зборку бытавой тэхнікі (пыласосы, мікрахвалёўкі, DVD прайгравальнікі).

На тэрыторыі Пастаўскага раёна ў г. п. Лынтупы знаходзіцца структурнае падраздзяленне «Лынтупскі спіртзавод» РУП «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод “Прыдзвінне”», якое выпускае спірт-сырэц, спірт-рэктыфікат, а таксама мае вытворчасць бутыліраванай вады.
Транспартныя паслугі аказвае ААТ «АТП № 17».

Сельская гаспадарка раёна прадстаўлена 15 прадпрыемствамі, буйнейшымі з якіх з’яўляюцца ААТ «Камайскі-Агра», ААТ «Навасёлкі-Лучай», ААТ «Хацілы-Агра», ААТ «Кураполле-Агра».

Адукацыйная прастора раёна прадстаўлена наступным чынам: сярэднія школы – 11; базавыя школы – 11; пачатковыя школы – 1; ДУА «Пастаўская гімназія»; ДУДА «Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі»; ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна»; дзіцячыя дашкольныя ўстаноы – 15.

Дзейнічаюць УА «Пастаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці», УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж».

Сетка ўстаноў аховы здароўя прадстаўлена УАЗ «Пастаўская цэнтральная раённая бальніца», УАЗ «Варапаеўская раённая бальніца», Лынтупскай, Камайскай, Дунілавіцкай участковымі бальніцамі, Парыжскай бальніцай сястрынскага догляду, Навасёлкавай урачэбнай амбулаторыяй, 27 фельчарска-акушэрскімі пунктамі.

На тэрыторыі раёна размешчаны абласны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Ветразь», ДУ «Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання», аддзяленне кругласутачнага знаходжання г. Паставы (на 20 месцаў) і аддзяленне кругласутачнага знаходжання г. п. Лынтупы (на 30 месцаў), Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом–інтэрнат у в. Новыя Ясневічы.

Раённыя СМІ прадстаўляюць раённая газета «Пастаўскі край», тэлебачанне «Паставы–ТБ» і раённае радыё, якое дзейнічае ў складзе рэдакцыі «Паставы–ТБ».

Насельніцтва Пастаўскага раёна абслугоўваецца 63 установамі культуры, у тым ліку: 1 раённы Дом культуры, 1 сацыяльна-культурны цэнтр, Цэнтр культуры, 6 сельскіх дамоў культуры, 10 сельскіх клубаў, 5 клубаў–бібліятэк, 30 бібліятэк, 1 краязнаўчы музей, 1 дом рамёстваў, 5 школ мастацтваў.

Галоўным культурным брэндам раёна з’яўляецца Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Ён праводзіцца з 1992 г., з 1996 г. мае статус Міжнароднага.

Для правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў і заняткаў спортам у раёне ёсць 2 стадыёны, 3 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, 3 футбольныя палі, у тым ліку 1 са штучным пакрыццём, 36 міні-футбольных палёў, 20 стандартных спартзалаў, 20 стандартных і 26 нестандартных спартзалаў, 4 міні-басейны, 27 валейбольных пляцовак, 29 баскетбольных пляцовак, 3 хакейныя скрынкі, 2 тэнісныя корты, асветленая лыжная траса.

На 2015 г. у раёне 22 рэлігійныя абшчыны: 10 каталіцкіх, 7 праваслаўных, 2 – хрысціян веры евангельскай, 2 – евангельскіх хрысціян–баптыстаў, 1 – старавераў.

 

Горад Паставы. Сярэдняя школа № 1. Фотаздымак з сайта  https://margoyan.wordpress.comГорад Паставы. Кінатэатр «Радзіма». Фотаздымак з сайта https://darriuss.livejournal.comГорад Паставы. Універсам «Цэнтарльны». Фотаздымак з сайта https://darriuss.livejournal.com

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1945 – да нашых дзен // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 201–454.

2. Касцень, А. Вясковыя гужы / А. Касцень // Народнае слова. – 2002. – 30 крас. – С. 4.

3. Паставы = Postavy : [фотаальбом] / склад. С. І. Міхайлава ; аўт. тэксту І. М. Пракаповіч ; фота Ю. Г. Осіпава [і інш] ; пер. на англ. мову Д. У. Людчыка. – Мінск : Беларусь, 2009. – 72 с.

4. Пастаўскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 143–144.

5. Пастаўшчына сучасная // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 308–310.

6. Поставский район // Регионы Беларуси : энциклопедия в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 362–365.

7. Поставский район / ред. Л. М. Дработович [и др.]. – Минск : Белта, 2006. – 21 с.

8. Поставскому району – 60 лет // Советская Белоруссия. – 2000. – 29 янв. – С. 3.

9. Поставы // Беларусь живописная = Тhe picturesque Belarus : путеводитель = Guidebook / П. И. Сабина. – Минск : Беларусь, 2006. – С. 95–97.

10. Поставы // Регионы Беларуси : энциклопедия в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 367–368.

11. Пракаповіч, І. Паставы : гістарычная хроніка горада / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 80 с.

12. Пракаповіч, І. М. Храналогія гісторыі Пастаўскага раёна. Каляндар памятных дат 2012–2021 / І. М. Пракаповіч, П. М. Баразна. – Паставы : Пастаўская друкарня, 2012. – 60 с.

13. Тэма II. Мінулае і сучаснасць // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 172–190.

 

СПАСЫЛКІ 

1. Поставский государственный колледж [Электронный ресурс] // Поставский государствененный колледж. – Режим доступа: http://gptk.by/. – Дата доступа: 13.11.2017.

2. Поставский государственный профессионально–технический колледж сельскохозяйственного производства [Электронный ресурс] // Учёба и отдых.by. – Режим доступа: http://uchebaiotdyh.by/ptkvitebsk/item/503-postavskij-kolledzh-selskohozyajstvennogo-proizvodstva/. – Дата доступа: 13.11.2017.