Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Пастаўскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

Узброенае Кастрычніцкае паўстанне ў Петраградзе было прыязна сустрэта насельніцтвам Паставаў і салдатамі Пастаўскага гарнізона. Частка палкоў ужо 26 кастрычніка 1917 г. правяла арышты штабоў, арганізавала перавыбары салдацкіх камітэтаў. Батарэі пачалі перамяшчацца да чыгуначнай станцыі, каб пры неабходнасці выступіць на падтрымку рэвалюцыі. У гэты час стыхійна і больш-менш арганізавана праходзілі мітынгі з удзелам меньшавікоў і эсэраў. У вёсках Андроны, Цёплыя, Васіліны, Чарэмушнікі Падзісённыя, Кураполле, Бароўкі агітацыю распачалі прыхільнікі шляхціца Дамброўскага, а ў іншых населеных пунктах – графа Пшаздзецкага.

Прадстаўнікам бальшавікоў удалося арганізавана правесці шматлюдны мітынг у цэнтры Пастаў з мэтай падтрымкі ўлады Саветаў. Значны ўплыў на сітуацыю аказаў 2-і армейскі з’езд салдацкіх дэпутатаў 3-й арміі.

На рэвалюцыйны настрой насельніцтва Пастаўшчыны ўплывала і тое, што вярталіся ў родны край многія сяляне, якія раней вымушана пакідалі яго і ехалі працаваць у Пецярбург, на шахты Данбаса і заводы Украіны. Там яны станавіліся рабочымі, пранікаліся пралетарскай ідэалогіяй. Вяртаючыся дадому, яны распаўсюджвалі пралетарскія ідэі сярод землякоў.

Да сярэдзіны лістапада 1917 г. уся ўлада ў вайсковых частках Пастаўскага гарнізона і ў горадзе, а таксама па ўсёй лініі фронту 3–й арміі перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які назначаў камісараў ва ўсе аддзелы штаба арміі, у тым ліку і ў Пастаўскую воласць. У канцы лістапада 1917 г. адбыліся перавыбары Пастаўскага валаснога Савета, дзе да гэтага часу эсэры і меньшавікі мелі перавагу. У выніку бальшавікі атрымалі ў ім большасць месцаў.

Валасны савет, у які ўваходзіла 16 мясцовых жыхароў, размяшчаўся ў фальварку Варапаева. У ліку першых ён распачаў дзейнасць па нацыяналізацыі панскай маёмасці. Для падтрымання парадку была ўтворана мясцовая міліцыя ў складзе 5 чалавек.
18 лютага 1918 г. пачаліся наступленні германскіх войскаў. 10-я армія, што рухалася ў напрамку Мінск – Смаленск, ліквідавала Савецкую ўладу ў Паставах. Была адноўлена валасная ўправа, адменены ўсе дэкрэты Савецкай улады, аднаўлялася памешчыцкая ўласнасць. Памешчыкам вярталіся землі, інвентар, маёнткі, лясныя ўгоддзі, што належалі ім раней. За любое непадпарадкаванне сялян жорстка каралі, і як вынік – пачаўся масавы адыход жыхароў з горада і воласці, а частка найбольш радыкальных – бралася за зброю. Восенню 1918 г. узброеная барацьба ў тыле нямецкіх войскаў набыла масавы характар.

У такім стане Пастаўшчына сустрэла навіну аб лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. Брэсцкае пагадненне было анулявана і Чырвоная Армія ўступіла на акупіраваныя Германіяй землі. У другой палове лістапада 1918 г. часці Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Паставы. 15 снежня ў в. Андроны на мітынг сабраліся каля 4 тыс. грамадзян. Ініцыятыву спрабаваў захапіць прыхільнік Дамброўскага Давідовіч, але натоўп не даў яму слова крыкамі «Не патрэбны нам ні памешчыкі, ні прыставы, ні земскія начальнікі!». На мітынгу быў выбраны рэвалюцыйны камітэт Пастаўскай воласці ў складзе Цімафея Собаля, Пятра Дзіковіча, Іосіфа Райчонка і інш.

З 1919 па ліпень 1920 гг. і з 18 сакавіка 1921 па 1939 гг. Пастаўшчына была пад польскай уладай.

У верасні 1939 г. тэрыторыя Пастаўшчыны ўвайшла ў склад БССР, пачала друкавацца мясцовая газета «Новы шлях».

15 студзеня 1940 г. у Вілейскай вобласці былі створаны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны.

З устанаўленнем Савецкай улады, у 1940 г., частка сялян раёна аб’ядналася ў калектыўныя гаспадаркі. У раёне арганізавана 9 калгасаў і створана адна ініцыятыўная група. У калгасы аб’ядналіся 506 сялянскіх гаспадарак. У калгасах налічвалася 9 ферм буйной рагатай жывёлы. Для забеспячэння патрэб калектыўнай сельскай гаспадаркі былі створаны 2 МТС, у якіх налічвалася 15 трактароў, іншы складаны сельскагаспадарчы інвентар.

На 1 студзеня 1941 года ў Пастаўскім раёне было 59 992 жыхары.
 

ЛІТАРАТУРА

1. 1917–1941 // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 131–200.

2. Касцень, А. Чым надзяліць селяніна / А. Касцень // Народнае слова. – 2002. – 16 сак. – С. 4–5.

3. Молчун, Л. Начало коллективизации на Поставщине / Л. Молчун // Пастаўскі край. – 2004. – 25 лют. – С. 3.

4. Паставы = Postavy : [фотаальбом] / склад. С. І. Міхайлава ; аўт. тэксту І. М. Пракаповіч ; фота Ю. Г. Осіпава [і інш] ; пер. на англ. мову Д. У. Людчыка. – Мінск : Беларусь, 2009. – 72 с.

5. Поставский район / ред. Л. М. Дработович [и др.]. – Минск : Белта, 2006. – 21 с.

6. Пракаповіч, І. М. Паставы : гістарычная хроніка горада / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 80 с.

7. Пракаповіч, І. М. Храналогія гісторыі Пастаўскага раёна. Каляндар памятных дат 2012–2021 / І. М. Пракаповіч, П. М. Баразна. – Паставы : Пастаўская друкарня, 2012. – 60 с.

8. Тэма II. Мінулае і сучаснасць // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 121–149.