Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Пастаўскі раён

 

Беларуская зямля славіцца сваёй багатай народнай культурай, якая бярэ вытокі ў глыбокай старажытнасці. У традыцыйнай мастацкай творчасці знаходзяць сваё адлюстраванне мары і надзеі людзей працы, гісторыя народа, яго гаспадарчы вопыт, рэаліі быту, светапогляд, грамадска-палітычныя і эстэтычныя ідэалы, асаблівасці менталітэту.

Асноўнымі заняткамі беларусаў спрадвеку былі земляробства і жывёлагадоўля. Жыццё цесна звязана з гадавым цыклам. Беларускі народны каляндар вылучае зімовыя, веснавыя, летнія і восеньскія святы і прысвяткі. Кожная пара года вызначалася адпаведнымі па змесце і змацыянальнай афарбоўцы абрадамі, звычаямі, песнямі... Яны прасякнуты думкай аб будучыні роду, сям'і, клопатам пра тое, каб у лепшы час засеяць ніву, вырасціць, сабраць і захаваць збожжа, зберагчы і памножыць статак свойскай жывёлы.

Абрады зімовага цыкла (Каляды, Посная і Багатая куцця, Запусты) былі скіраваны пераважна на тое, каб загадзя паўплываць на будучы ўраджай і звязаны з ім дабрабыт сям'і. Вызначальнае месца тут належыць калядаванню, калі вясёлы гурт пераапранутай моладзі хадзіў па хатах з пажаданнямі шчасця і дабра гаспадарам. У католікаў нашай мясцовасці быў пашыраны аналагічны абрад «Тры каралі». На зімовых святках у нашых краях часта ладзілася і яшчэ не забылася старадаўняя гульня «Жаніцьба Цярэшкі», дзе сталыя паважаныя людзі ў жартоўнай форме падбіралі пары – хлопца да дзяўчыны, якія, бывала, пасля станавіліся сапраўднымі мужам і жонкай. Канец зімы адзначаўся ў беларусаў, як і ў іншых славян, Масленіцай. На Пастаўшчыне яна вядома была як Запусты. У гэты час моладзь каталася на прыгожа ўбраных конях, на санках, забаўлялася зімовымі гульнямі.

Вясна была заўсёды асаблівым перыядам у жыцці селяніна. Пачыналіся палявыя работы, выган жывёлы ў поле. У нашай мясцовасці пераважна святкавалі Вялікдзень, Юр'е, Радаўніцу, калі людзі, памінаючы памерлых, прасілі благаслаўлення для працы на зямлі.

Летнія традыцыйныя святы ўслаўлялі велічнасць прыроды, божы дар жыцця і ўсяго, што расце і квітнее. Вельмі шанавалі ў нашых краях і цяпер ведаюць старажытнае свята сонца – Купалле, якое заўсёды праводзілася ў той час, калі расліны дасягалі свайго найвялікшага росквіту і чалавек – часцінка Сусвету – быў поўны сіл і энергіі. Адказная пара жніва таксама здаўна суправаджалася своеасаблівымі абрадавымі дзеяннямі.

Сярод восеньскіх народных свят на Пастаўшчыне добра вядомы Пакровы і Асяніны – Змітраўскія дзяды.

Вялікую ўвагу народная культура надае і важнейшым момантам чалавечага жыцця. Існуюць радзінныя, хрэсьбінныя, вясельныя, пахавальныя абрады і шэраг звычаяў, прызваных спрыяць шчасліваму лёсу чалавека, абараніць яго ад усялякай шкоды, забяспечыць лад і дабрабыт у сям'і, ушанаваць памяць памерлага, каб не перарваліся працяг роду, пераемнасць бацькоўскіх традыцый.

Да сённяшняга дня як форма ўзаемадапамогі бытуе ў нас талака. Родныя, сваякі і суседзі збіраюцца разам на галоўныя веснавыя, восеньскія і іншыя тэрміновыя работы, хутчэй спраўляюцца агульнымі сіламі, за што ўдзячны гаспадар усіх смачна частуе. Змяняецца жыццё, і былыя талочныя, звычайна жартоўныя песні, саступілі месца сучасным застольным.

Прыняцце хрысціянства, іншыя гістарычныя падзеі зрабілі свой уплыў на старажытныя язычніцкія вераванні беларусаў, звязаныя з імі рытуалы і вусную народную творчасць. Дайшоўшыя да нас узоры гэтай спадчыны носяць адбітак розных этапаў развіцця беларускага этнасу, яго эстэтычных уяўленняў, светаадчування.

На Пастаўшчыне жывуць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій, стараверы, засталіся рэшткі ісламу. Гэтыя гістарычна абумоўленыя асаблівасці складу насельніцтва адлюстраваны ў разнастайнасці пастаўскага фальклору.

Увогуле народная творчасць вызначаецца шматжанравасцю і ўключае ў сябе, акрамя легендаў, паданняў, прыказак, прыкмет, абрадавыя дзеянні, звычаі, інструментальную музыку, танцы, гульні і інш. Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой народныя абрадавыя і пазаабрадавыя песні – заклінальныя, велічальныя, баладныя, лірычныя, жартоўныя і інш.

Сярод аўтэнтычных гуртоў, у выкананні якіх найбольш поўна адбіваецца традыцыйная культура роднага краю, вылучаюцца Андронаўскі, Вярэнькаўскі, Мягунскі і Чарнянскі. Паспяхова дзейнічаюць у раённай сістэме культуры Гуцкі, Дунілавіцкі, Камайскі, Лынтупскі, Юнькаўскі і інш. калектывы народнай песні.

Нельга не адзначыць знаўцаў народных традыцый. Гэта, перш за ўсё, старэйшы народны музыкант, майстар па вырабе народных інструментаў, цудоўны расказчык аб звычаях і абрадах груздаўскай зямлі І. У. Андрон з в. Цешалава, знаўца дзіцячага фальклору М. Л. Каліцкая з Каліт, народная спявачка, расказчыца Ф. І. Ландышкіна з Варапаева, В. Ю. Матошка, якая цікава паведамляе пра «Жаніцьбу Цярэшкі» з в. Сяргеевічы і шмат іншых.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Калядна-абрадавыя песні // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 608–610.

2. Народныя святы, абрады, звычаі // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 593–604.

3. Чатовіч, Л. Я. Гульнёвы фальклор Пастаўшчыны / Л. Я. Чатовіч // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 604–608.