Помнікі археалогіі. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 05.03.2019 09:26
Паселішча ў г. Паставы
Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне горада, на паўночным беразе возера Задзеўскае, на краі першай надпоймавай тэрасы. Даўжыня 50–70 м, шырыня каля 20 м. Адкрыў і даследаваў у 1980 годзе Э. М. Зайкоўскі. Ускрыта 112 м2 плошчы. Культурны пласт каля 0,5 м. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл, праколкі, кераміка нарвенскай і паўночна-беларускай культур і культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі. Адносіцца да эпохі позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, датуецца канцом III – пач. II-га тысячагоддзя да н. э.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Гарадзішча ў в. Асінагарадок
Мясцовая назва Гарадок. Знаходзіцца на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі, на ўзгорку. Пляцоўка памерам 130x70 м з крутымі паўднёвым і ўсходнім схіламі, заходні схіл пакаты, паўночны разбураны дарогай. Адкрыў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследаваў у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча ў в. Галбея
Размяшчаецца за 0,5 м на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Галбея, на ўзгорку. Пляцоўка круглай формы, дыяметрам 45 м, умацавана валам вышынёй да 2,5 м, шырынёй да 9 м. З захаду, поўначы і ўсходу на адлегласці 10 м ад першага ёсць другі вал вышынёй 1–1,5 м, шырынёй 5–6 м. За ім захаваліся сляды рова глыбінёй каля 0,5 м. За 1 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Валатоўкі, на правым беразе р. Чэртка, размяшчаецца курганны могільнік, у якім налічваецца 49 насыпаў дыяметрам 4–10 м, вышынёй 0,9–1,7 м. Курганы размешчаны кучна, на невялікай адлегласці адзін ад аднаго. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1938 годзе А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча ў в. Дзяўгуны
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на левым беразе р. Камайкі. Займае паўночны мыс узгорка. Пляцоўка памерам з поўначы на поўдзень 110x120 м, з захаду на ўсход – 50x60 м. 3 паўднёвага боку ёсць сляды разбуранага вала. Абследавалі ў 1938 годзе Г. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 годзе – Я. Г. Звяруга. У культурным пласце знойдзены рэшткі ляпнога посуду. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.
Гарадзішча ў в. Сарокі
Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, на ўзгорку. Заходні і асабліва паўночны схілы ўзгорка вельмі крутыя, паўднёвы і ўсходні спадзістыя. Пляцоўка дыяметрам 68 м. У паўднёва-заходняй частцы гарадзішча – невялікая тэраса трохвугольнай формы. Такая ж тэраса была, напэўна, і з процілеглага (паўночна-заходняга) боку. Абследавалі ў 1890–1892 гг. Ф. В. Пакроўскі, у 1972 годзе – Я. Г. Звяруга. На ўсёй пляцоўцы прасочваецца культурны пласт з рэшткамі ляпной керамікі. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца рубяжом I-га тысячагоддзя н. э.
Гарадзішча ў в. Сіманькі
Мясцовая назва Грыкава гара. Знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад вёскі, на ўзгорку. Усходні схіл спадзісты. Пляцоўка мае форму эліпса, памерам з паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход 46 м, з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход 14 м. Выявіў у 1938 годзе У. Галубовіч, абследаваў у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля в. Вайшкуны
Размяшчаецца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Гарэлы Бор. Усяго налічваецца 21 круглы насып дыяметрам ад 6 да 10 метраў, вышынёй ад 0,3 да 1,5 м. Пераважаюць курганы дыяметрам 7–9 м і вышынёй 0,5–1 м. Больш высокія – у цэнтральнай частцы могільніка, нізкія – у заходняй. Вакол большасці насыпаў ёсць раўкі з перамычкамі. Абследавалі ў 1938–1939 гг. А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч. У 1975 годзе Я. Г. Звяруга раскапаў 9 курганоў ва ўсходняй і паўночнай частках могільніка. У курганах сабраны разнастайны пахавальны інвентар. Курганы датуюцца ІХ–ХІ ст. Могільнік належаў балцкім плямёнам.
Курганны могільнік каля в. Галбея
Знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Валатоўкі, на правым беразе р. Чэрткі. 49 насыпаў дыяметрам 4–10 м, вышынёй 0,2–1,7 м. Курганы размешчаны кучна, на невялікай адлегласці адзін ад аднаго, большасць насыпаў пашкоджана ямамі і траншэямі. Выявіў у канцы XIX стагоддзя Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1938 годзе А. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч, у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік каля г. п. Лынтупы
Знаходзіцца ў лесе за 2,5 км на паўночны захад ад г. п. Лынтупы. Цягнуцца яны нешырокай паласой па ўзвышшы ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. У наш час налічваецца крыху больш за 70 курганоў дыяметрам 5–17 м, вышынёй 0,4–1,7 м. Найбольш буйныя знаходзяцца ў цэнтральнай і паўночна-заходняй частках могільніка. Каля большасці насыпаў ёсць кругавыя раўкі з перамычкамі. Абследавалі ў канцы XIX ст. Дз. І. Даўгяла, у 1894 годзе Ф. В. Пакроўскі. Курганы датуюцца X–XIII ст., належалі балтам.
Курганы каля в. Сарачаны
Адзін курган вышынёй 1,5 м, дыяметрам 10 м знаходзіцца за 0,3 км ад вёскі, справа ад дарогі на в. Навасёлкі, другі вышынёй 2,2 м, дыяметрам 20 м на процілеглым канцы вёскі. Выявіў ў 1938 годзе У. Галубовіч, абследаваў у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.
Курганы каля в. Янова
Знаходзіцца за 0,5 км. На захад ад вёскі, абапал дарогі, якая вядзе да шашы Свір – Лынтупы. 10 курганоў дыяметрам 8–15 м дрэннай захаванасці (пашкоджаны). Выявіў і даследаваў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследаваў у 1972 годзе Я. Г. Звяруга.
ЛІТАРАТУРА
1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 317–331.
2. Помнікі археалогіі // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 41–44.
3. Пракаповіч, І. М. Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. М. Пракаповіч. – Паставы : «Сумежжа», 2004. – 60 с. : іл.