Гісторыя. Шаркаўшчынскі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 11.09.2017 07:12
- Адноўлена 12.09.2017 07:19
У ліпені 1944 г. адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працоўныя прыступілі да адраджэння народнай гаспадаркі.
Пачала аднаўляцца дзейнасць савецкіх, партыйных i камсамольскіх органаў. Узначальвалі ix пераважна мясцовыя актывісты, былыя партызаны i падпольшчыкі. У раён накіроўваліся спецыялісты розных галін народнай гаспадаркі з усёй рэспублікі. 22 ліпеня 1944 г. адбылося першае пасяджэнне Шаркаўшчынскага пасялковага Савета.
На ім ішла размова аб правядзенні абавязковых паставак дзяржаве зерня i іншых сельгаспрадуктаў ураджаю 1944 г.
5 снежня 1944 г. выйшаў першы нумар шаркаўшчынскай раённай газеты, якая тады называлася «Сялянская праўда». Газета была органам райкама КП(б)Б i райвыканкама. Выходзіла яна 2 разы на тыдзень. Рэдагаваў яе Фёдар Сімураў.
Яшчэ працягвалася Вялікая Айчынная вайна, а таму асноўным клопатам раённага выканаўчага камітэта i райкама КП(б)Б была дапамога фронту. Па сельсаветах ішлі нарыхтоўкі зерня, бульбы, прадуктаў жывёлагадоўлі ў фонд Чырвонай Аpмii.
Нягледзячы на вялікія цяжкасці, наладжвалася сельскагаспадарчая вытворчасць. Да кастрычніка 1944 г. былі адноўлены 2 даваенныя калгасы: імя Сталіна i «1 Мая», ix зямельная плошча складала 200 га. Калгасы аб’ядналі 40 сялянскіх гаспадарак, або 150 чалавек. Яны абагулілі 10 кароў, 18 свіней, 22 авечкі, 26 коней, 2 быкі. У 1945 г. калгаснікамі было засеяна 40 га жыта, 39 га пшаніцы, 13 га бульбы. Пэўная дапамога аказана сем’ям франтавікоў, партызан i інвалідаў у правядзенні сяўбы. У красавіку 1946 г. прайшоў раённы з’езд сялян. На iм ставілася задача атрымаць у 1946 г. з кожнага гектара 10 ц збожжа, 120 ц бульбы, павялічыць пагалоўе жывёлы; намячаліся планы па завяршэнні будаўніцтва ў раёне чарапічна-цагельных заводаў, па лесанарыхтоўках i рамонце грунтавых шашэйных дарог. Разбітыя, разбураныя вайной дарогі сур'ёзна ўскладнялі аднаўленне эканомікі. Рамонт ix ішоў вельмі марудна. Летам 1946 г. быў аб'яўлены двухдэкаднік дарожнага будаўніцтва. Усе сельсаветы вылучылі людзей з гужавым транспартам, забяспечылі масавы ўдзел вясковага насельніцтва ў дарожных работах.
3 кожным годам усё большая колькасць сялян згодна з дзяржаўнымі планамі павінна была аб’ядноўвацца ў калгасы. Калі ў 1946–1948 гг. у раёне было ўсяго 2, то да пачатку 1950 г. мелася 100 калгасаў i адзін саўгас. У калгасах налічвалася 558 галоў буйной рагатай жывёлы, 873 авечкі, 346 свіней. Жывёлаводы здалі дзяржаве ў 1950 г. 221 308 л малака. Сярэдні гадавы надой на адну фуражную карову складаў 865 л малака. Калектывізацыя, якая найбольш актыўна праходзіла ў 1949 г., практычна была завершана ў раёне ў 1950 г.
Сур’ёзныя змены адбываліся ў пасляваенны час у індустрыяльным развіцці раёна. Было многа зроблена па пераадоленні тэхніка-эканамічнай адсталасці.
З прамысловых прадпрыемстваў у пасляваенныя гады працавалі 5 млыноў, пачалі выпускаць сваю прадукцыю хлебапякарня, каўбасны цэх Шаркаўшчынскага сельпо. За 1950 г. прамысловымі прадпрыемствамі было выраблена валавой прадукцыі на 453 859 рублёў. Дзейнічала МТС, трактарны парк, які налічваў 58 трактароў.
Паступова наладжвалася работа ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры.
Адразу пасля вызвалення пачалася падрыхтоўка школ да работы, i ўжо ў вepacнi 1944 г. пачалося навучанне дзяцей. На 1 студзеня 1945 г. у раёне працавала 48 пачатковых школ, 3 няпоўныя сярэднія. Многія школы ў пасляваенны час месціліся ў прыстасаваных будынках, заняткі шмат дзе былі арганізаваны ў 2 змены. У 1944 г. сталі працаваць раённая, 14 сельскіх бібліятэк, кніжны фонд якіх склаў 8821 экзэмпляр, да 1950 г. павялічыўся да 12 тыс. Адкрыліся 14 хат-чытальняў i Дом культуры.
У 1945 г. у раёне працавалі 7 урачоў, 30 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, з ix 21 з медыцынскай адукацыяй. Акрамя раённай i 2 сельскіх бальніц у Германавічах i Ёдах было адкрыта 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Аднаўленне разбуранай гаспадаркі праходзіла ў даволі складанай абстаноўцы. Фарсіраваныя тэмпы арганізацыі калгасаў выклікалі шмат незадаволенасці сярод людзей. Раскулачванне сялянскіх гаспадарак, беспадстаўныя арышты, высяленне цэлых сем’яў у аддаленыя раёны СССР, непамерна высокія падаткі, мізэрныя заробкі ў калгасах выклікалі непаразуменне, незадаволенасць, абурэнне i пратэст насельніцтва, часам падштурхоўвалі людзей да незаконных дзеянняў.
У пачатку 1950-х гадоў адбыліся значныя змены ў народнай гаспадарцы раёна. Была завершала работа па ўзбуйненні калгасаў. На 1 студзеня 1955 г. налічваліся 32 калгасы. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складала 54 488 га. Намаганні калгаснага сялянства накіроўваліся на павелічэнне ўраджайнасці палёў, аднак да 1955 г. яна ўсе яшчэ заставалася нізкай.
На 1 студзеня 1960 г. у раёне дзейнічалі 27 калгасаў і 1 саўгас.
Нарошчвалі магутнасці райпрамкамбінат, раймаслапром, арцель «Чырвоны сцяг».
Развіццё эканомікі стварала аснову для далейшага павышэння жыццёвага ўзроўню працоўных.
Расшыралася сетка медыцынскіх устаноў, умацоўвалася ix матэрыяльная база, яны напаўняліся новымі работнікамі. У 1955 г. дзейнічала раённая бальніца, 3 урачэбныя ўчасткі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працавалі 8 урачоў i 56 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу.
У 1950-я гады атрымала далейшае развіццё народная адукацыя. На пачатак 1955 г. было адкрыта 6 сямігадовых школ для сельскай i рабочай моладзі. Усяго ў 1955 г. налічвалася 70 школ, з ix 6 сярэдніх, 21 сямігадовая i 43 пачатковыя. У 1960 г. ужо працавала 90 школ, заняткі вялі 684 настаўнікі, з ix 226 з вышэйшай адукацыяй. Узводзіліся новыя школы, Дамы культуры. Павялічылася жыллёвае i культурна-бытавое будаўніцтва як у г. п. Шаркаўшчына, так і ў сельскай мясцовасці.
Да пачатку 1960 г. налічваліся 63 клубныя ўстановы. Хуткімі тэмпамі ішла радыёфікацыя i электрыфікацыя населеных пунктаў.
На падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 красавіка 1962 г. Шаркаўшчынскі раён быў скасаваны i аднавіў сваю дзейнасць у 1966 г.
У 1966 г. у раёне дзейнічалі 27 калгасаў i 4 саўгасы. Агульная пасяўная плошча складала 39 919 га. Валавы збор зерневых склаў 41 659 ц, бульбы – 201 400 ц. Працавала мясцовая прамысловасць: маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, агароднінасушыльны завод, прамкамбінат, райаб’яднанне «Сельгастэхніка».
Разам з развіццём сельскай гаспадаркі i прамысловасці развіваліся народная адукацыя i культура. Дзейнічалі 50 масавых бібліятэк з кніжным фондам 224 648 экзэмпляраў, 58 школьных бібліятэк з кніжным фондам 82 980. Працавалі 33 клубныя ўстановы, 21 калгасная бібліятэка.
Значныя сацыяльна-эканамічныя змены адбыліся ў раёне за 1970-я гады. Расшырылася i ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, павысілася спецыялізацыя i канцэнтрацыя сельскагаспадарчай вытворчасці.
Асноўныя вытворчыя фонды сельскагаспадарчага прызначэння да канца 1970-х гадоў дасягнулі 61,4 млн. рублёў. Амаль поўнасцю быў адноўлены машынна-трактарны парк. Энергетычная магутнасць гаспадарак павялічылася з 46 тыс. да 156 тыс. конскіх сіл i складала 21 конскую сілу на аднаго працоўнага.
У 1980 г. пад пасевы сельскагаспадарчых культур выкарыстоўвалася 15 560 га асушанай ворнай зямлі. З кожным годам павялічвалася ўраджайнасць збожжавых культур, бульбы, ільну, расла прадукцыйнасць працы ў жывёлагадоўлі. У калгасах з’явіліся даяркі-чатырохтысячніцы. Пастаянна нарошчвалася вытворчасць мяса.
Асабліва высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай галіне былі дасягнуты ў 1976 г. Ураджайнасць збожжавых i зернебабовых культур склала па раёне 34 ц з гектара, а ў калгасах імя Гагарына, імя Леніна, caўгасе «Шаркаўшчынскі» больш за 40 ц.
Былі атрыманы ў гэтых гаспадарках i высокія ўраджаі бульбы, кармавых карняплодаў i льну.
Паглыбляўся працэс канцэнтрацыі i спецыялізацыі ў жывёлагадоўлі. Эфектыўна працавалі жывёлагадоўчыя комплексы па вытворчасці малака, па адкорме буйной рагатай жывелы, па адкорме свіней.
Спецыялізаванае развіццё жывёлагадоўлі запатрабавала стварэння адпаведнай кармавой базы. У дастатковай колькасці вялася нарыхтоўка для грамадскай жывёлы сена, сенажу, карняплодаў. Забяспечанасць на адну ўмоўную галаву складала каля 24 ц кармавых адзінак, што дазваляла ў асноўным паспяхова развіваць жывёлагадоўлю.
Дасягненні ў эканоміцы 1970-х гадоў далі магчымасць дзяржаве выдзяляць значныя сродкі на развіццё культуры i адукацыі. Толькі на народную адукацыю ў 1979 г. выкарыстана 1 млн. 500 тыс. рублёў. Жыхары мелі ў асабістым карыстанні 367 легкавых аўтамабіляў, 2877 матацыклаў. Грашовыя ўклады насельніцтва склалі 16,5 млн. рублёў.
З распадам СССР у 1990-я гады пачаўся спад аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў раёне.
У 1990-я гады знізіліся аб’ёмы вытворчасці на кансервава-агароднінасушыльным заводзе.
У 2002 г. адзначаецца рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў параўнанні з 1995–1996 гг.
Сёння аграпрамысловы комплекс раёна прадстаўляюць восем адкрытых акцыянерных таварыстваў і два камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы. За імі замацавана 69 468 гектараў зямель. У сельгаспрадпрыемствах вядзецца будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў, абнаўляюцца фермы. У раёне на 1 студзеня 2015 года налічвалася 25 669 галоў буйной рагатай жывёлы.
У вёсках узнавіліся сялянскія рамёствы, тэхналогіі кансервавання. Адкрылі ў калгасах «Прагрэс» – вяндлярню, імя Гагарына – цэх па перапрацоўцы малака. Калгасы «Маяк», «Іскра», саўгас «Гарадзец» перайшлі на кааператыўную дзейнасць.
Маецца ў раёне адно аўтатранспартнае прадпрыемства – філіял Глыбоцкага АТП № 16. Аб’ём грузавых перавозак невялікі, адпаведны i грузавы аўтапарк – 3 аўтамабілі. Пасажыраў перавозяць 17 аўтобусаў, якія курсіруюць па 11 прыгарадных маршрутах.
ЛІТАРАТУРА
1. Райчонак, С. Шаркаўшчынскаму раёну – 75 год! / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 14 студз. – С. 1.
2. Рослевич, З. Страницы истории / З. Рослевич // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2010. – 30 студз. – С. 2.
3. Сосна, К. Гэта наша з табою біяграфія / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 4 сак. – С. 3–4.
4. Сосна, К. Шаркаўшчына і яе рупліўцы: да 75-годдзя раёна / К. Сосна // Краязнаўчая газета. – 2015. – № 13 (крас.). – С. 5 ; № 14 (крас.). – С. 5.
5. Сосна, К. Шаркаўшчынскаму раёну – 70!: старонкі гісторыі / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2010. – 13 студз. – С. 1.
6. У мірнай працы // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 381–509.
7. Шаркаўшчынскi раён : інфармацыйныя звесткі. – Наваполацк : Наваполацкая друкарня, 1999. – 7 с.