Геалагічная будова карысныя выкапні, рэльеф. Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 28.09.2017 07:26
- Адноўлена 01.09.2020 15:59
Паверхня Шаркаўшчынскага раёна плоскаўвагнутая, знаходзіцца ў межах Дзісенскай нізіны, якая ўтварылася на месцы былога Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма. З поўначы і паўночнага захаду ўкліньваецца сваімі атрогамі Браслаўская марэнная града. Рэльеф тэрыторыі пераважна раўнінны, што ўскладняе адток атмасферных ападкаў і стварае вялікія плошчы пераўвільготненых зямель. Значная плошча тэрыторыі забалочаная, участкамі вылучаюцца марэнныя ўзгоркі – былыя астравы прыледавіковага вадаёма. 80 % тэрыторыі ніжэй за 140 м над узроўнем мора, 20 % – на вышыні 140–160 м. Глыбіня расчлянення рэльефу 0,5–2 м/км2.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Прыбалтыйскай монакліналі Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага, у ледавіковых лагчынах – бярэзінскага і беларускага зледзяненняў магутнасцю ад 40–80 м на водападзелах да 120–140 м у ледавіковых лагчынах, ніжэй — дэвонскія да 200 м, у заходняй частцы ардовікскія да 25–30 м, паўсюдна кембрыйскія да 70–100 м і верхнепратэразойскія да 250 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 350–600 м ніжэй узроўня мора.
Вядомы 17 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 34,7 млн. т (найбольшыя: Даўбенішкі, Лясное балота), 4 радовішчы глін і суглінкаў з запасамі 1,2 млн. м3, найбольшыя Тадулінскае, Барсукоўскае, Ракаўскае, 2 радовішчы пяскоў і пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 0,2 млн. м3.
Паводле глебавага раянавання тэрыторыя раёна ў межах Шаркаўшчынска-Верхнядзвінскага аграглебавага раёна, Браслаўска-Мёрскага аграглебавага падраёна (паўночная частка) і Пастаўска-Глыбоцкага аграглебавага падраёна (паўднёва-ўсходняя частка).
Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярнова-падзолістыя 19,7, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 65,6, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 7,3, поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя 3,1, тарфяна-балотныя 4,3. Паводле механічнага складу (у %): сугліністыя 80,6, супясчаныя 14, пясчаныя 1,1,тарфяныя 4,3.
У кліматычных адносінах раён належыць да Полацкага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература ў студзені –7, ліпені – +17,8° С. Ападкаў 564 мм за год. Вегетатыўны перыяд 185 сутак.
ЛІТАРАТУРА
1. Махнач, А. А. Краткий очерк геологии Беларуси и смежных территорий / А. А. Махнач. – Минск : Беларуская навука, 2014. – 189, [1] с., [7] л. цв. ил., карты.
2. Счастная, И. И. Дисненская низина / И. И. Счастная // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 148.
3. Шарковщинский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism,sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 74–79.
4. Шарковщинский район // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 201–202.
5. Шаркоўшчынскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: Г. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 370–371.