Калектыў народны аматарскі клуб аматараў фларыстыкі «Анюта». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 16.12.2021 10:47
- Адноўлена 04.04.2023 12:21
Народны клуб аматараў фларыстыкі «Анюта» створаны ў 1991 годзе як гурток «Народная акадэмія фларыстыкі». Ганна Салаўёва, якая стварыла сваю «акадэмію» фларыстыкі, і яе вучаніца Людміла Голубева стаялі ля вытокаў клуба. Створана было гэта аматарскае аб'яднанне па ініцыятыве абласнога савета жанчын. Грамадская арганізацыя садзейнічала і адкрыццю першай выставы «Анюты» ў Маскве. І сёння клуб супрацоўнічае з гарадской арганізацыяй Беларускага саюза жанчын. З 1994 года мае сучасную назву, працуе пры культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"». У 1994 годзе яму прысвоена званне «народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Кіраўнікі: Г. С. Салаўёва (з 1991), Л. С. Голубева (1995–2001; 2005–2008), І. І. Юрчанка (2002–2005; з 2008). Клуб аб'ядноўвае 22 жанчыны ва ўзросце ад 35 да 75 гадоў. Сярод іх былыя педагогі, эканамісты, бібліятэкары, мастакі: Людміла Сарокіна, Людміла Швед, Таццяна Макарэвіч, Валянціна Бярэзіна, Надзея Грашнева і інш. Усяму калектыву аказвае дапамогу Раіса Карвецкая, прафесійная мастачка.
Асноўная мэта клуба – фарміраванне эстэтычных і практычных навыкаў, развіццё творчых здольнасцей, арганізацыя культурнага вольнага часу, распаўсюджванне і папулярызацыя мастацтва фларыстыкі сярод насельніцтва горада. Напрамкі дзейнасці: арганізацыя гурткоў і курсаў фларыстыкі, правядзенне майстар-класаў, лекцый, практычных заняткаў, выпуск вучэбна-метадычных дапаможнікаў, каталогаў, календароў, буклетаў, афіш, а таксама арганізацыя выстаў работ фларыстаў. Майстрамі клуба распрацавана методыка нарыхтоўкі і засушвання расліннага матэрыялу, вывучаны і прыменены на практыцы розныя тэхнікі для працы на плоскасці. Майстры выкарыстоўваюць розныя тэхнікі ў сваёй рабоце: дэкупаж, фітакалаж, графіка і інш.
За гады існавання клуба было праведзена больш за 200 выставак у Беларусі, Расіі, Германіі. Ужо некалькі гадоў віцебскі клуб сябруе з фларысткамі з Музея-сядзібы Льва Талстога «Ясная паляна» (Расія), перыядычна ладзіць майстар-класы ў дзіцячых дамах горада і раёна, у інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, экспануе свае работы ў розных арганізацыях. Работы віцебскіх мастачак-фларыстак знаходзяцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Германіі, Ізраілі, Расіі і іншых краінах.
Калектыў клуба – пастаянны ўдзельнік гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Дзейнасць клуба адзначана шматлікімі дыпломамі і падзякамі.
Дэвіз клуба: «Кветкі – часцінка прыгожага, фантазія – часцінка мастацтва, а разам – гэта часцінка любові».
Кіраўнік – Іна Іванаўна Юрчанка.
ЛІТАРАТУРА
1. Алимова, Е. Волшебство своими руками / Е. Алимова // Витебские вести. – 2016. – 30 апр. – С. 13.
2. Гамзовіч, Р. Сузор'е талентаў / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2012. – № 11. – С. 26–29.
3. Крупица, Н. «Анюта» с любовью / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 20 июня. – С. IV.
4. Лукьянова, Н. Витебская флористка в Москве / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2001. – 17 мая. – С. 2.
5. Лукьянова, Н. Имя милое – Анюта / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2002. – 12 лістап. – С. 4.
6. Лукьянова, Н. Свидание назначила «Анюта» / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2000. – 7 сак. – С. 6.
7. Соловьева, Т. Цветочная мелодия «Анюты» / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 25 февр. – С. VI.
8. Юрчанка, І. І. Віцебскі народны клуб аматараў фларыстыкі «Анюта» / І. І. Юрчанка // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 344–345.
9. Юрченко, И. И. Витебский народный клуб любителей флористики «Анюта» / И. И. Юрченко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 219–220.