Калектыў народны аматарскі клуб самадзейных мастакоў «Контур». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 16.12.2021 11:09
- Адноўлена 16.12.2021 11:09
Народны клуб самадзейных мастакоў «Контур» быў заснаваны ў 1947 годзе на базе Дома народнай творчасці г. Віцебска як студыя выяўленчага мастацтва (для «мастакоў-самавукаў»).
З 1980 года стаў клубам самадзейных мастакоў, з 1987 года – сучасная назва. У 1988 годзе яму прысвоена званне «народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». З 1997 года дзейнічае пры ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"».
Клуб аб'ядноўвае 30 мастакоў-аматараў ва ўзросце ад 30 да 85 гадоў – жывапісцаў, графікаў і скульптараў. Сярод стваральнікаў карцін людзі самых розных прафесій: бухгалтар, выкладчык музыкі і матэматыкі, скульптар і ваенны, мастак-афарміцель, будаўнік, рамеснік і г. д. Усіх гэтых людзей аб'ядноўвае любоў да творчасці, працавітасць і прыродная адоранасць.
На працягу больш чым 30 гадоў свайго існавання кіраўнікамі клуба былі: В. К. Дзежыц (з 1947), Д. П. Генеральніцкі (з 1950), В. А. Ціханенка (з 1963), В. Р. Шаталаў (з 1965), Л. Я. Дзягілаў (з 1971), І. Ю. Сазонаў (з 1975), М. С. Гвоздзікаў (з 1976), М. П. Масленікаў (з 1987), У. І. Гаўрылаў (з 1995), Н. Л. Федарыстава (з 1997), З. М. Гаршкова (з 2003). Амаль усе яны былі не толькі педагогамі, але і выдатнымі мастакамі. Таму не дзіўна, што з цягам часу некаторыя іх вучні паступалі ў мастацкія навучальныя ўстановы і станавіліся прафесіяналамі. Сярод іх В. А. Ляховіч, В. У. Магучы, Л. Л. Мядзвецкі, браты А. М. і М. М. Гвоздзікавы. Тут плённа працавалі сведкі багатай гісторыі калектыву Р. І. Зэльдзін, А. С. Скраблоў, Я. П. Ушал, У. А. Дзісцерла, А. Ф. Кузьмін, П. М. Баранаў, М. К. Ларына, А. В. Печаніцын, А. С. Фрэйдзін і інш. Вядомыя не толькі ў Віцебску, але і за яго межамі творы мастакоў: М. Ш. Сайфугаліевай, М. І. Байцова, А. П. Суславай, А. А. Мельнікава, Л. Р. Тарасавай, В. С. Плешкава, М. А. Аскеры, В. Нікіфарава і інш. Сёння Віцебск прадстаўляюць такія жывапісцы з народнага клуба самадзейных мастакоў «Контур» як Антаніна Майсеева, Ніна Воранава, Дзмітрый Федарэнка, Святлана Мішурная, Наталля Самсонава, Аляксандр Цішчанкаў, Ігар Сазонаў, скульптар, разьбяр па дрэве Леанід Саўчанка і інш.
Асноўныя мэты дзейнасці клуба: адраджэнне, захаванне і развіццё самадзейнага мастацтва, далучэнне да творчай дзейнасці таленавітых людзей, развіццё мастацкіх навыкаў удзельнікаў, правядзенне выставак, у тым ліку персанальных, наладжванне творчых кантактаў з мастакамі іншых арганізацый горада, вобласці, рэспублікі і замежжа.
На працягу многіх гадоў клуб праводзіць актыўную работу па арганізацыі сумесных, агульнаклубных і персанальных выставачных праектаў. Дзейнасць калектыву адзначана шматлікімі граматамі, дыпломамі і падзякамі за ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах горада і вобласці. Адным з вядучых напрамкаў у творчасці ўдзельнікаў клуба з'яўляецца інсітнае (наіўнае) мастацтва, якое атрымала ў 2020 годзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Клуб – лаўрэат Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня» (Мінск, 1998), гарадскога агляду-конкурсу ў рамках Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня» (Віцебск, 2004) і інш. Члены клуба – удзельнікі Міжнароднага фестывалю наіўнага мастацтва і творчасці «Інсіта» (Масква, 2007), нацыянальных штогадовых выставак мастацтва «Інсіта». Жывапісцы, графікі, скульптары таксама паспяхова ўдзельнічаюць у абласных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях народнай творчасці, дзе дэманструюць сваю непаўторнасць і самабытнасць.
Мастацкі кіраўнік – Зорына Аксана Анатольеўна.
ЛІТАРАТУРА
1. Гаршкова, З. М. Віцебскі народны клуб самадзейных мастакоў «Контур» / З. М. Гаршкова // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 346.
2. Дединкина, С. Художница Маргарита / С. Дединкина // Народнае слова. – 2001. – 12 мая. – С. 6.
3. Дружкова, К. Пад апякунствам нябесаў, або вулкан, з якiм побач утульна / К. Дружкова // Культура. – 1999. – 23–29 кастр. – С. 8.
4. Крупица, Н. Восторг самородка / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 16 июня. – С. 12.
5. Лукьянова, Н. Были бы способности. Поклонники найдутся / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2012. – 18 кастр. – С. 9.
6. Столяренко, Н. «Весеннее пожелание» / Н. Столяренко // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2015. – 14 крас. – С. 2.
7. Федарыстава, Н. «Контур» на ўздыме / Н. Федарыстава // Вiцебскі рабочы. – 1997. – 1 лiст. – С. 5.
8. Федористова, Н. ...А «контур» уже «золотой» / Н. Федористова // Віцьбічы = Витьбичи. – 1997. – 20 нояб. – С. 7.
9. Федористова, Н. Живопись строфы в «Контуре» / Н. Федористова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 25 февр. – С. 10.
10. Федористова, Н. Наследие «Контура» / Н. Федористова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 9 февр. – С. IV–V.
11. Федористова, Н. «Помним, гордимся, будем достойны!» / Н. Федористова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 11 июня. – С. I.
12. Фондаренко, Н. И божьей искрою блистая / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 23 кастр. – С. 8.
13. Юбілейная выстава народнага клуба-студыі мастакаў-аматараў «КОНТУР» : каталог / аўтар тэкстаў і склад. Н. Л. Федарыстава ; маст. Т. А. Зайцава. – Віцебск, 1997. – 24 с.
СПАСЫЛКІ
В Витебске открылась выставка художников-любителей народного клуба «Контур»