Лепельскі ваенны санаторый. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 10.07.2017 12:23
- Адноўлена 20.11.2018 15:46
Афіцыйная назва | Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь |
Адрас | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, в. Бароўка |
Умяшчальнасць | 483 ложка-месцы |
Медыцынскі профіль | хваробы органаў кровазвароту |
хваробы органаў стрававання | |
хваробы абмену рэчываў | |
гінекалагічныя хваробы | |
хваробы нервовай сістэмы | |
хваробы органаў дыхання нетуберкулёзнага характару | |
хваробы апорна-рухальнага апарату | |
Афіцыйны сайт | http://lepelsan.by/ |
Лепельскі ваенны санаторый Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь размешчаны ў пасёлку Бароўка. Заснаваны 15 мая 1946 года.
Ён з’яўляецца спецыялізаванай многапрофільнай установай, дзе лечаць захворванні органаў кровазвароту, стрававання і абмену рэчываў, хваробы нервовай сістэмы і органаў дыхання туберкулёзнага характару.
Санаторый мае лячэбны корпус, які аснашчаны навейшай лячэбна-дыягнастычнай апаратурай, тры спальныя карпусы з палатамі на 2–3 адпачываючых, кухню-сталовую на 460 месцаў, кіназалу, танцавальную залу, кафэ, залу лячэбнай фізкультуры, пляцоўкі для гульні ў валейбол, вялікі тэніс, гарадкі, бадмінтон і інш.
Знамянальная гісторыя гэтай здраўніцы. Летам 1936 г. на тэрыторыі Віцебшчыны праводзіліся вялікія вучэнні – манеўры войск Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам наркама абароны СССР К. Я. Варашылава. Ён звярнуў увагу на цудоўны куточак беларускай прыроды, які знаходзіўся за 12 км ад Лепеля, паміж трох вялікіх глыбакаводных азёраў. Нагадваў паўвостраў, пакрыты сасновым борам. Побач з дарогай на Мінск, Віцебск, Полацк. Па прапанове наркама праз некаторы час тут пачалося будаўніцтва трохпавярховага будынка пад шпіталь на 200 месцаў. Да канца 1940 г. будаўніцтва завяршылася. Пачалося ўнутранае абсталяванне корпуса і падрыхтоўка да адкрыцця шпіталя. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна...
У перыяд акупацыі гітлераўцы разгарнулі ў корпусе свой шпіталь – прафілакторый для афіцэраў. Перад адступленнем яны замініравалі корпус і хацелі ўзарваць яго. Аб гэтым стала вядома партызанам Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Яны перашкодзілі намерам фашыстаў.
Пасля вайны было прынята рашэнне аднавіць корпус і выкарыстоўваць яго як санаторый. 15 мая 1946 г. за кошт штату асабістага саставу Сноўскага ваеннага дома адпачынку пачаў функцыяніраваць Лепельскі ваенны санаторый Беларускай ваеннай акругі. У адзіным у той час корпусе размяшчаліся пакоі для адпачываючых, лячэбныя пакоі, гразеводалячэбніца і кіназала. Хутка ўзвялі другі двухпавярховы невялікі спальны корпус – сямейны. У 1972 г. – трэці шасціпавярховы спальны корпус на 250 месцаў. У 1979 г. на беразе возера пабудавалі сталовую з кіназалай.
У 1986 г. вырас пяціпавярховы спальны корпус, пазней – двухпавярховы будынак пад кафэ.
Яшчэ ў 50-я гады геадэзістамі былі знойдзены на тэрыторыі санаторыя дзве глыбінныя крыніцы мінеральных вод. А ў 1975 г. уведзены ў эксплуатацыю дзве свідравіны з мінеральнай вадой і пабудаваны бювет для піцця мінеральнай вады са свідравіны № 2. Вада са свідравіны № 1 выкарыстоўвалася для прыняцця ваннаў.
Мінеральная вада свідравіны № 1, атрыманая на глыбіні каля 600 м, з’яўляецца бромістым расолам (мінералізацыя 41,4 г/л) сульфатна-хларыдна-натрыева-кальцыевага саставу. Блізкімі аналагамі яе з’яўляюцца воды курортаў «Усолле» і «Друскенінкай», санаторыяў «Дорахава» (Маскоўская вобл.), «Зіменкі» (Ніжагародская вобл.).
Мінеральная вада свідравіны № 2 з глыбіні 300 м з’яўляецца сярэднемінералізаванай, слабашчолачнай, сульфатна-хларыдна-натрыева-кальцыевага саставу (мінералізацыя 5,6 г/л). Блізкімі аналагамі гэтай вады з’яўляюцца ўгліцкая мінеральная вада, мінеральныя воды іжэўскай крыніцы, крыніц № 1 і № 2 курорта «Трускавец», курорта «Кашын», а таксама мінеральныя воды Беларусі: «Ждановіцкая», «Нарачанская».
Санаторый разлічаны на 423 месцы.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Диагност с «мышкой» / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2012. – 22 чэрв. – С. 3.
2. Бегунова, Е. О крови без крови / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2011. – 10 снеж. – С. 2.
3. Бурак, И. Лепельский военный санаторий: заслуженная награда / И. Бурак // Белорусская военная газета. – 2013. – 16 февр. – С. 2.
4. Лепельскі ваенны санаторый // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 579–580.
5. Лепельский военный санаторий // Санаторно-курортные организации Республики Беларусь / сост. Н. В. Мазур [и др.]. – Минск : Беларусь, 2007. – С. 23.
6. Лепельский военный санаторий // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 41–42.
7. Лепельский военный санаторий Вооруженных Сил Республики Беларусь : [буклет]. – [Б. м.] : [б. и.], [200?]. – 14 с.
8. Лепельский военный санаторий Вооруженных Сил РБ // Отдых круглый год. – Минск : Белорусский Дом печати, 2009. – С. 22.
9. Телятко, Е. «Лепельский военный санаторий, так держать!» / Е. Телятко // Витебские вести. – 2015. – 19 февр. – С. 15.
10. Телятко, Е. Аншлаг даже в межсезонье / Е. Телятко // Витебские вести. – 2016. – 1 дек. – С. 21.
11. Шаўчэнка, У. ...І азёрны блакіт у дадатак / У. Шаўчэнка // Лепельскі край. – 2006. – 6 чэрв. – С. 2.