Нафтан, паліклініка. Полацкі раён, г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 20.11.2018 08:40
- Адноўлена 20.11.2018 11:22
Афіцыйная назва | Паліклініка ААТ «Нафтан» |
Тып | установа аховы здароўя |
Дата заснавання | 1964 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк |
Сайт | http://ms.naftan.by/ |
У мэтах аховы і паляпшэння здароўя працаўнікоў хімічнага прадпрымства ў лістападзе 1964 г. на тэрыторыі цяперашняй 5 вытворчасці ААТ «Нафтан» адкрыўся першы пункт аховы здароўя. Гэта быў невялікі аднапавярховы будынак, дзе працавалі чатыры фельчары, лабараторыя, рэнтгеналагічны кабінет. Прафілактычныя медыцынскія агляды і прыём хворых вялі чатыры тэрапеўты, гінеколаг, афтальмолаг і зубны ўрач. У 1970 г. медыцынскі калектыў адсвяткаваў наваселле ў новым будынку, дзе і па сённяшні дзень размяшчаецца адзін з карпусоў паліклінікі.
На працягу паўстагоддзя паліклінікай нафтанаўскага корпуса кіравалі 5 галоўных лекараў. Першым кіраўніком была Вількіна Ірына Васільеўна, праз 5 гадоў на змену ёй прыйшоў Еўменкоў Іван Васільевіч, які на сваёй пасадзе працаваў 18 гадоў. Каліна Валерый Мікалаевіч быў галоўным лекарам з 1987 па 2007 год.
З 10 лiпеня 1967 года пачаў сваю працу пункт аховы здароўя хімкамбіната (завода Палімір), які размяшчаўся ў шчытавой хатцы. Першапачаткова там працавалі 5 фельчараў. Умовы працы былі вельмі некамфортныя. У 1968 г. здраўпункт перасяліўся ў аднапавярховы будынак, што і паклала пачатак паліміраўскай паліклініцы.
Доктар Сцепанец Алег Сяргеевіч быў першым галоўным урачом. Калектыў паліклінікі складаўся з трох тэрапеўтаў, хірурга, гінеколага, неўролага і медыцынскіх сясцёр. З 1969 г. быў адкрыты кабінет фізіялячэння. У чэрвені 1973 г. паліміраўскія медыкі адсвяткавалі наваселле ў 4-павярховым будынку, дзе і па гэты дзень атрымліваюць меддапамогу працаўнікі завода Палімір.
У 1974 г. бразды праўлення паліклінікай узяў галоўны ўрач Руцкі Сяргей Сяргеевіч, потым у 1979 г. яго змяніў Шумель Валерый Францавіч. З 2005 г. калектывам кіраваў Прашчаеў Кірыл Іванавіч, затым з 2007 г. Валюшкін Раман Уладзіміравіч, а з 2008 г. – Чубрык Сяргей Міхайлавіч, які пасля і ўзначаліў цяперашнюю аб'яднаную паліклініку.
Медыцынскі персанал паліклінікі ААТ «Нафтан» заўсёды на варце здароўя завадчан. За мінулыя 50 гадоў многае змянілася ў медыцыне прадпрыемства. На сённяшні дзень наведвальнікам паліклінікі аказваецца медыцынская дапамога па 22 напрамках.
Безумоўна, галоўная каштоўнасць і залаты фонд паліклінікі – гэта людзі, якія ўсе гады былі верныя высакароднай місіі і адказна выконвалі свой прафесійны абавязак. Калектыў паліклінікі можа з поўным правам ганарыцца добрасумленнай працай, праведзенай за 50 гадоў. І сёння ён поўны ўпэўненасці ў сваіх сілах, рашучасці браць новыя рубяжы і спраўляцца з новымі задачамі.
ЛІТАРАТУРА
1. Клопова, Т. Здоровье – подарок или работа? / Т. Клопова // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2009. – 4 апр. – С. 6.
2. Линкевич, Л. Болеть или не болеть? Решаем сами / Л. Линкевич // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2008. – 1 марта. – С. 5.
3. Люди в белых халатах всегда придут на помощь // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2009. – 21 нояб. – С. 3.