Лясное, санаторый. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 25.07.2019 12:23
- Адноўлена 25.07.2019 14:20
Афіцыйная назва | ДУ «Санаторый "Лясное" Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» |
Адрас | Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, в. Дамашковічы |
Умяшчальнасць | 175 ложка-месцаў |
Медыцынскі профіль | захворванні цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы |
захворванні органаў стрававання | |
захворванні скуры | |
захворванні органаў дыхання і кровазвароту | |
захворванні касцёва-мышачнай сістэмы | |
Афіцыйны сайт | http://www.sanlesnoe.by |
Дзяржаўная ўстанова «Санаторый "Лясное" Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» знаходзіцца ў маляўнічым месцы на мяжы Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў 8 км ад трасы Мінск–Віцебск на беразе жывапіснага ляснога крынічнага возера Дамашкоўскае. Возера плошчай больш за 75 га, даўжынёй 1,5 км, шырынёй 750 м, глыбінёй 10 м папаўняецца за кошт трох прыродных ключавых крыніц. Адлегласць ад Мінска 93 км. Раённы цэнтр г. Докшыцы знаходзіцца ў 40 км ад санаторыя.
Медыцынскі профіль санаторыя арыентаваны на лячэнне захворванняў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы, органаў стрававання, органаў дыхання і кровазвароту, захворванняў касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканіны, скуры.
Першых адпачываючых санаторый «Лясное» прыняў 3 ліпеня 1989 года. У 1996 годзе ён быў перададзены ў падпарадкаванне КДБ Рэспублікі Беларусь. У гэтым жа годзе ў дадатак да шасціпавярховага галоўнага корпуса быў пабудаваны яшчэ адзін двухпавярховы корпус. Але і на гэтым будаўніцтва дадатковых месцаў размяшчэння не спынілася: у 2016 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю гасцявыя домікі.
Галоўны корпус санаторыя злучаны з медыцынскім корпусам пераходам, што спрашчае наведванне лячэбна-аздараўленчых працэдур. Медыцынскі корпус уяўляе сабой чатырохпавярховы будынак, які змяшчае лячэбна-аздараўленчыя кабінеты з сучасным абсталяваннем, а таксама спартыўную і трэнажорную залы, тэрыторыю SPA, аранжарэю.
Лячэбная база здраўніцы – гэта кабінеты масажу, ЛФК, касметычны, фізіятэрапіі, цеплалячэння і святлолячэння, інгаляторый, салярый, фітабар, а таксама цыркулярны і ўзыходзячы душ на беразе возера. Сучасная медыцынская апаратура дазваляе пацыентам атрымаць якасныя стаматалагічныя паслугі падчас адпачынку ў здраўніцы.
Па выніках атэстацыі 2016 года санаторый «Лясное» атрымаў вышэйшую санаторна-курортную катэгорыю. Ён таксама з'яўляецца пераможцам конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года-2015 і «Прадукт года-2016».
З крыніцы на тэрыторыі санаторыя здабываецца мінеральная лячэбна-сталовая вада, якая не мае аналагаў у нашай рэспубліцы.
«Лясное» – адзіны санаторый у Беларусі, дзе можна пакатацца на конях.
Нумарны фонд санаторыя «Лясное» складае 175 ложка-месцаў для пражывання ў 98 нумарах розных катэгорый, а таксама маюцца 2 гасцявыя домікі. Для вольнага часу адпачывальнікаў – спартыўны комплекс, кіназала, бібліятэка, танцпляцоўка, руская лазня, катамараны, катэры, водныя матацыклы, сродкі для рыбнай лоўлі, у зімовы час – гарналыжны спуск з пад'ёмнікам, канькі, санкі. Адпачывальнікам прапануюцца экскурсіі па Мінску, Віцебску, Полацку, Бярэзінскім біясферным запаведніку, мемарыяльным комплексе Хатынь і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Владимирова, М. В гармонии с природой / М. Владимирова // Советская Белоруссия. – 2012. – 13 окт. – С. 10.
2. Владимиров, С. Отдых и лечение круглый год / С. Владимиров // Советская Белоруссия. – 2013. – 20 сент. – С. 20.
3. Государственное учреждение Комитета государственной безопасности Республики Беларусь «Санаторий "Лесное"» // Оздоровительный туризм Витебщины : буклет / отв. за вып. Д. В. Мацкевич. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 5.
4. Иванова, О. Хочется покоя? Вам пора в «Лесное»! / О. Иванова // Віцебскі рабочы. – 2012. – 7 сак. – С. 15.
5. Карпас, Е. Минус 110 – и никаких болезней / Е. Карпас // Знамя юности. – 2008. – 8 февр. – С. 27.
6. «Лесное» // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 455.
7. «Лесное» // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 285.
8. «Лесное» // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост. Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 156.
9. «Лясное» – санаторый вышэйшай катэгорыі // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 14 сак. – С. 5.
10. Санаторый-прафілакторый «Лясное» // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 601.
11. Стадольник, Т. Практикуют лечение холодом / Т. Стадольник // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2011. – 19 кастр. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
ДУ «Санаторый «Лясное» Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»