Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца, УАЗ. Сенненскі раён, г. п. Багушэўск
- Подробности
- Створана 03.09.2019 08:40
- Адноўлена 03.09.2019 10:12
Афіцыйная назва | УАЗ «Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца» |
Тып |
установа аховы здароўя |
Дата заснавання | 1962 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Сенненскі раён, г. п. Багушэўск |
Сайт | http://botb.by/index.php |
Галоўнай мэтай дзейнасці УАЗ «Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца» з'яўляецца аказанне лячэбна-дыягнастычнай медыцынскай дапамогі хворым туберкулёзам.
Бальніца была заснавана ў 1962 годзе ў сасновым бары на ўскраіне г. п. Багушэўск Сенненскага раёна.
З 1963 года галоўны ўрач – Іван Цімафеевіч Міхалькоў. Бальніца была разлічана на 320 ложкаў. Пад кіраўніцтвам І. Ц. Міхалькова былі пабудаваны новы пяціпавярховы корпус, кацельня, харчаблок, лячэбна-вытворчыя працоўныя майстэрні, трохпавярховы дом для медперсаналу.
З 1997 года галоўны ўрач – А. П. Захараў. Па стане на 2001 год ва ўстанове аховы здароўя – 35 урачоў, 105 медсясцёр, 120 чалавек малодшага персаналу.
У склад установы аховы здароўя «Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца» ўваходзяць наступныя структурныя падраздзяленні: аддзяленні (псіхатуберкулёзнае, 4 фтызіятрычныя, 2 фтызіятрычныя з прымусовым лячэннем); аптэка; харчаблок; цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне (ЦСА); адміністрацыя; клініка-дыягнастычная лабараторыя; дыягнастычныя кабінеты (фізіятэрапеўтычны, отарыналарынгалагічны, функцыянальнай дыягностыкі, ультрагукавай дыягностыкі, спіраграфічны, эндаскапічны, стаматалагічны, рэнтгеналагічны).
Бальніца размешчана ў тыпавых лячэбных карпусах 1961–1973 гг. пабудовы. Лячэбны корпус № 1 – трохпавярховы будынак, у якім знаходзяцца 2 аддзяленні для хворых, якія аформлены на прымусовае лячэнне, і псіхатуберкулёзнае аддзяленне. Лячэбны корпус № 2 – пяціпавярховы будынак, на першым паверсе знаходзіцца дыягнастычнае аддзяленне, на чатырох паверхах – фтызіятрычныя аддзяленні. З 1 сакавіка 2012 года ўстанова аховы здароўя функцыянуе як бальніца для лячэння хворых з множнай лекавай устойлівасцю.
У 2012 годзе з дапамогай міжнароднага дабрачыннага аб'яднання «Сафія» было набыта 340 новых ложкаў з матрацамі, на кухні ўстаноўлены новая шафа для смажання, блінніца і электрапатэльня.
У 2012 годзе пачаўся капітальны рамонт пяціпавярховага корпуса, быў усталяваны новы ліфт.
Па стане на 2016 год сярэдняспісачная колькасць пацыентаў – 260–270 чалавек.
Па стане на 2019 года галоўны ўрач – Наталля Уладзіміраўна Лясная, якая працуе ва ўстанове з 1982 года.
УАЗ «Багушэўская абласная туберкулёзная бальніца» – бюджэтная ўстанова, якая фінансуецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту.
Адрас: Віцебская вобласць, г. п. Багушэўск, вуліца Калгасная, д. 52.
ЛІТАРАТУРА
1. Бондаревич, О. Быть всегда на передовой / О. Бондаревич // Голас Сенненшчыны. – 2009. – 24 лістап. – С. 2.
2. Быньков, А. Такая нелегкая болезнь легких, но ей ставят заслон работники Богушевской областной туберкулезной больницы / А. Быньков // Витебские вести. – 2015. – 21 мая. – С. 1.
3. Голесник, С. Палочку Коха берут в оборот / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2013. – 4 янв. – С. 11.
4. Голесник, С. Фактор страха / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2007. – 19 июня. – С. 8.
5. Іванова, Л. Крокі жыцця Івана Міхалькова / Л. Іванова // Голас Сенненшчыны. – 2004. – 7 снеж. – С. 2–3.
6. Конон, М. И труд тоже лечит / М. Конон // Віцьбічы = Витьбичи. – 1996. – 22 чэрв. – С. 2.
7. Сыроваткин, В. Жизнь для людей / В. Сыроваткин // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 8 мая. – С. 1, 4.
8. Шевченко, Н. Больница особого назначения / Н. Шевченко // Віцебскі рабочы. – 2001. – 3 лістап. – С. 2.