Дзісенская бальніца сястрынскага догляду, УАЗ. Мёрскі раён, г. Дзісна
- Подробности
- Створана 18.08.2020 08:40
- Адноўлена 18.08.2020 10:05
Афіцыйная назва | УАЗ «Дзісенская бальніца сястрынскага догляду» |
Тып | установа аховы здароўя |
Дата заснавання | 1902 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Дзісна |
У 1902 годзе была адкрыта павятовая бальніца на беразе Заходняй Дзвіны ў г. Дзісна.
У гады Першай сусветнай вайны немцы, заняўшы горад, размясцілі тут афіцэрскі шпіталь.
У 1918 годзе на пляцоўцы перад медыцынскай установай выступаў камандзір Чырвонай дывізіі Гай, у 1920-я гады чытаў вершы пралетарскі паэт Дзям'ян Бедны, пазней – беларускі пісьменнік Міхась Машара.
Да 1939 года на 10 тыс. насельніцтва прыходзілася 7 ложкаў, 1,7 пасады ўрача. На тэрыторыі Мёрскага раёна працавала толькі адна бальніца на 50 ложкаў у г. Дзісна. Ложкавы фонд выкарыстоўваўся толькі на 26 % з-за высокага кошту лячэння.
У кастрычніку–снежні 1939 года сістэма аховы здароўя перажывае карэнныя змены – медыцынская дапамога насельніцтву становіцца бясплатнай. Дзісенская бальніца пашыраецца.
У 1944 годзе пры вызваленні горада падчас артабстрэлу ў будынку бальніцы пачаўся пажар. Драўляны дах і перакрыцці згарэлі.
У 1958 годзе мясцовыя ўлады пачалі аднаўленне будынка. Праз год Дзісенскі раён быў ліквідаваны, будаўнічыя работы спынены.
У пачатку 1990-х гадоў захавалася цагельная каробка. Было вырашана перадаць будынак духоўнаму ведамству, якое збіралася адкрыць завод па вырабу свечак. Захавалася толькі франтальная частка. На крыжы над уваходам, як і на будынку, бачны характэрныя для кулявых трапленняў меткі. Тыльны бок практычна цалкам разбураны і прадстаўлены асобнымі фрагментамі. Пад руінамі захаваліся паўпадвальныя памяшканні.
Пасля вызвалення тэрыторыі Мёрскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разгортваецца вялікая праца па аднаўленні медыцынскіх устаноў і арганізацый медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.
У канцы 1944 – пачатку 1945 гг. была адкрыта Дзісенская бальніца на 25 ложкаў.
У 1997 годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак Дзісенскай раённай паліклінікі. У снежні 2004 года ў Дзісенскай бальніцы адкрыта аддзяленне сястрынскага догляду.
Па стане на 2020 год у склад Дзісенскай бальніцы сястрынскага догляду ўваходзяць:
– паліклінічнае аддзяленне (150 наведванняў у змену);
– стаматалагічны кабінет;
– аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі;
– фізіятэрапеўтычны кабінет;
– кабінет масажу;
– кабінет ЛФК;
– гінекалагічны кабінет;
– кабінет функцыянальнай дыягностыкі;
– клініка-дыягнастычная лабараторыя;
– працэдурны кабінет;
– тэрапеўтычнае аддзяленне (17 кругласутачных ложкаў, 1 ложак дзённага знаходжання пры стацыянары);
– дзённы стацыянар пры паліклініцы (10 ложкаў);
– дамашні стацыянар (1 ложак);
– аддзяленне сястрынскага догляду (40 ложкаў);
– 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
У Дзісенскай БСД аказваюцца наступныя віды медыцынскай дапамогі: амбулаторна-паліклінічная, стацыянарная, гінекалагічная, стаматалагічная, вакцынацыя.
Установа аховы здароўя абслугоўвае 3395 чалавек, у тым ліку: дарослых – 2921, пажылых – 1286, працаздольнага ўзросту – 1631, дзяцей – 474.
Загадчык – Палячэнка Святлана Міхайлаўна.
Адрас: Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Дзісна, вуліца Кузьміна, д. 24.
ЛІТАРАТУРА
1. Высоцкі, В. Увайсці ў адчыненыя дзверы / В. Высоцкі // Міёрскія навіны. – 2002. – 26 сак. – С. 2.
2. Крук, Н. «...Каб усе заўсёды былі задаволены» / Н. Крук // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 17 чэрв. – С. 2.
3. Шымуковіч, Ф. Ахова здароўя ў Дзісне / Ф. Шымуковіч // Мiёрскiя навiны. – 2007. – 27 лістап. – С. 3.
4. Шымуковіч, Ф. Такія яны, нашы жанчыны / Ф.Шымуковіч // Міёрскія навіны. – 2003. – 7 сак. – С. 3.
СПАСЫЛКІ