Белавусаў Уладзімір Пракопавіч
Белавусаў Уладзімір Пракопавіч нарадзіўся 1 студзеня 1921 года ў в. Слабодка Шумілінскага раёна.
Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1937–1941) у І. В. Ахрэмчыка, В. К. Дзежыца, У. Я. Хрусталёва, Усесаюзным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (1948–1954).
У гады Вялікай Айчыннай вайны радавы, кулямётчык Уладзімір Белавусаў удзельнічаў у вызваленні Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі.
У 1954–1983 гг. працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм».
З 1952 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. З 1958 года – член Беларускага Саюза мастакоў. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973).
Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А. Грыгар'янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю. Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У. Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У. Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы «Побач з намі» (1967), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978).
У 1974 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР за шматсерыйны тэлевізійны фільм «Руіны страляюць...» (1973).
Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта, тэматычнай карціны.
Сярод работ: палотны «Прапаў без вестак», «Партызанская магіла», «Рэйкавая вайна», «Апошнія дні вайны», «На руінах», «Жыццё сяла», «Рамонт лодкі»; пейзажы «Залатая восень», «Спелыя хлябы», «Ледаход на Заходняй Дзвіне», «Канец зіме», «У Белавежскай пушчы», «Беларускі пейзаж», «Возера Нарач», «На рацэ»; партрэты «Гусар з гітарай», «Паранены салдат», «Аголены мужчына», «Аўтапартрэт»; нацюрморты «Флёксы» і «Чаромха».
За перыяд з 1985 па 2006 гг. ён бясплатна перадаў 68 жывапісных палотнаў і 295 эскізаў дэкарацый і касцюмаў да кінафільмаў у фонды Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2015 годзе карціны мастака былі прызнаны асабліва каштоўнымі музейнымі прадметамі і перададзены ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі гісторыі беларускага кіно, фондах Беларускага Саюза мастакоў, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Жыў у г. Мінску. Памёр 24 кастрычніка 2006 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Белавусаў Уладзімір Пракопавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 382.
2. Белавусаў Уладзімір Пракопавіч // Беларускі Саюз Мастакоў = Belarussian Union of Artists : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад.: Б. А. Крэпак [і інш.]. – Мінск : Кавалер Паблішэрс, 1998. – С. 79.
3. Белоусов Владимир Прокофьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 48.
4. Белоусов Владимир Прокофьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 341.
5. Белоусов Владимир Прокофьевич // Художники Советской Белоруссии / редкол.: В. И. Версоцкий [и др.]. – Минск : Беларусь, 1976. – С. 37.
6. Іванова, С. Каштоўная спадчына земляка / С. Іванова, М. Прыходзька // Герой працы (Шумiлiна). – 2016. – 2 лют. – С. 5.
7. Іваноўскі, Ю. Дар гэты – неацэнны... / Ю. Іваноўскі // Культура. – 1999. – 6–12 сак. – С. 5.
8. Кобзун, В. Нягледзячы на гады / В. Кобзун // Герой працы (Шуміліна). – 1991. – 25 мая. – С. 2.
9. Широкова, Р. Брат и сестра / Р. Широкова // Вечерний Витебск. – 1999. – 17 апр. – С. 1.