Баршчэўскі Ян Францавіч
Баршчэўскі Ян Францавіч нарадзіўся ў 1790 годзе (паводле іншых крыніц 1794, ці 1796). Беларускі і польскі мысліцель, пісьменнік, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Ураджэнец в. Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерні (зараз Расонскі раён) у сям'і збяднелага шляхціца.
Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца. Выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, напісаў у класічным стылі паэму «Пояс Венеры» (на польскай мове, не захавалася). Студэнцкія канікулы найчасцей праводзіў у вандроўках па возеры Нешчарда. Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў, быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску, – «Дзеванька» і «Бунт хлопаў», «Рабункі мужыкоў», «Размова хлопаў». Займаўся таксама жывапісам (пейзажы і карыкатуры). Яго мастацкія творы карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.
У 1820–1830 гг. пасля заканчэння Полацкай калегіі Баршчэўскі доўгі час працаваў хатнім настаўнікам і гувернёрам у розных месцах. Потым трапіў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытныя літаратуры.
Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Англіі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсціслаўшчыне.
У Пецярбургу ён пазнаёміўся з А. Міцкевічам і Т. Шаўчэнкам, якія высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменніка, падштурхнулі яго на шлях прафесійнай творчасці. Арганізаваў літаратурны гурток, які аб'яднаў выхадцаў з Беларусі.
У 1840–1844 гг. – рэдактар-выдавец польскага штогадовага альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). Падтрымліваў творчыя сувязі з членамі гуртка і яго карэспандэнтамі – журналістам і крытыкам Р. Падбярэзскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Ю. Барташэвічам, мастакамі К. і Р. Жукоўскімі, фалькларыстам І. Храпавіцкім, пісьменнікамі Л. Штырмерам, В. Рэутам, Т. Лада-Заблоцкім, А. Грозам, В. Давідам, С. Ляховічам, А. Гротам-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага пецярбургскага перыяду сучаснікі называлі Т. Шапялевіча, які быў знаёмы з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія альманаха мела кантакты з «Дэмакратычным таварыствам» (1836–1838), прапагандавала праз Ф. Лаўцэвіча забароненыя патрыятычныя вершы. Друкаваў пераважна вершаваныя апавяданні (ад класіцызму паступова перайшоў да рамантызму).
У 1843 годзе ў часопісе «Літаратурны штогоднік» упершыню надрукаваны яго беларускія вершы – «Дзеванька», «Гарэліца», апрацаваная народная песня «Зязюля».
У 1844–1846 гг. выдаў свой галоўны твор – празаічны зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (у чатырох тамах, на польскай мове, гравюры Р. Жукоўскага). Выкарыстаў беларускія легенды і казкі, упершыню выказаў думку пра самабытнасць беларусаў. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі – цэнтральны ў кнізе. У перакладзе на беларускую мову легенды са зборніка надрукавала віленская газета «Гоман» (1916). Асобныя часткі твора раней друкаваліся ў часопісе «Рубон». Апавяданні-прытчы, якія не ўвайшлі ў зборнік, склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844–1847).
Матэрыяльную дапамогу ў выданні кніг Баршчэўскаму аказаў віленскі пісьменнік А. Здановіч. Па невядомых прычынах не выйшлі падрыхтаваныя аўтарам 5-ы і 6-ы тамы. Творы, сабраныя ў зборніку, напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклору.
У 1847 годзе па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага і крытыка М. Грабоўскага Баршчэўскі пераехаў у г. Чуднаў на Валыні (Украіна). Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе жыў і вядомы мастак-графік Н. Орда. Падтрымліваў блізкія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К. Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб'екты, падарожнічаў.
Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі – у драматычнай паэме «Жыццё сіраты». Аўтар твораў «Душа не ў сваім целе», «Нарыс паўночнай Беларусі» (1843).
У 1849 выдаў у Кіеве 1-ю частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі балады, паэма «Жыццё сіраты», аповесць «Душа не ў сваім целе».
На беларускую мову творы Я. Баршчэўскага перакладалі В. Таранеўскі, М. Хаўстовіч.
У канцы 40-х гадоў захварэў на сухоты.
Памёр 12 сакавіка 1851 года пасля працяглай хваробы. Пахаваны ў г. Чуднаў (Украіна).
У 1997 годзе ў в. Мурагі на Расоншчыне быў пастаўлены помнік Я. Баршчэўскаму – вялікі валун з выявай пісьменніка і выгравіраванымі словамі «Самотныя думкi мае вяртаюцца ў гэты край».
ЛІТАРАТУРА
1. Алімава, А. Да Яна Баршчэўскага / А. Алімава // Витебский проспект. – 2010. – 21 янв. – С. 6.
2. Бабарыка, А. «Фантастычнаму» земляку прысвячаецца... // Вечерний Витебск. – 2001. – 22 дек. – С. 7.
3. Баршчэўскі Ян // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 325.
4. Баршчэўскі Ян // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 482–483.
5. Баршчэўскі Ян Францавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 35.
6. Баршчэўскі Ян Францавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 21.
7. Будовіч, Я. Асветнікі зямлі беларускай / Я. Будовіч // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 6 ліп. – С. 6.
8. Ва Украіне знайшлі надмагільную пліту беларускага пісьменніка Яна Баршчэўскага // Вольнае Глыбокае. – 2019. – 25 крас. – С. 4.
9. Вінаходаў, Д. Ян Баршчэўскі ў «каланіяльным міфе» / Д. Вінаходаў, М. Нікалаеў // Arche. – 2013. – № 2. – С. 463–479.
10. Дзядзінкіна, С. Слова Яна дайшло да ўдзячнага чытача / С. Дзядзінкіна // Народнае слова. – 2001. – 22 снеж. – С. 6.
11. Каханоўскі, Г. А. Ян Баршчэўскі / Г. А. Каханоўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 43–45.
12. Леська, Л. Міфалагізацыя рэчаў у мастацкім свеце Яна Баршчэўскага / Л. Леська // Роднае слова. – 2008. – № 10. – С. 16–18.
13. Мальдзіс, А. І. Баршчэўскі Ян / А. І. Мальдзіс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 1 : А Капэла–Габелен. – С. 301–302.
14. Навасельцава, Г. В. Мастацкае асэнсаванне мінулага ў прозе Яна Баршчэўскага / Г. В. Навасельцава // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2008. – № 1. – С. 115–119.
15. Пастернак, Т. В Мураги к Яну Барщевскому / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2015. – 5 нояб. – С. 13.
16. Салтук, А. Казкі беларускага жыцця / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2004. – 21 снеж. – С. 4.
17. Паданні азёрнага краю // Камяні тых сядзібаў: шляхі паэтаў XIX стагоддзя / К. Цвірка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 126–135.
18. Рагін, Я. «А хто такі Ян Баршчэўскі?» / Я. Рагін, К. Антановіч // Культура. – 2017. – 22 ліп. – С. 10.
19. Тарэлкіна, Н. В. Баршчэўскі Ян / Н. В. Тарэлкіна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 252–253.
20. Хаустович Н. В. Барщевский Ян / Н. В. Хаустович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 211.
21. «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага ў кантэксце беларускай мастацкай культуры // Лёсы. Людзі. Літаратура / А. У. Русецкі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2008. – С. 172–181.
22. Ян Баршчэўскі: дыялог з часам і ў часе : матэрыялы III Міжнародных чытанняў 15–16 снежня 2000 года г. Віцебск / пад рэд. А. У. Русецкага, В. І. Русілкі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2002. – 78 с.
23. Ян Баршчэўскі і яго час : матэрыялы II міжнародных чытанняў 11–12 лістапада 1998 г. г. Полацк / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 1999. – 75 с.
24. Ян Баршчэўскі ў славянскім свеце (да 210-годдзя з дня нараджэння) : зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў IV Міжнародных чытанняў, 18–19 мая 2004 г. / пад рэд. В. І. Русілкі, В. Ю. Бароўкі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2004. – 134 с.