Бучынская Наталля Сцяпанаўна
Бучынская Наталля Сцяпанаўна нарадзілася 24 лютага 1970 года ў в. Ідолта Мёрскага раёна. Дзіцячая пісьменніца.
У 1985 годзе скончыла Мілашоўскую васьмігодку, а ў 1987 годзе – сярэднюю школу № 2 г. Мёры. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры.
Першая казка Н. Бучынскай была надрукавана ў раённай газеце «Сцяг працы» ў 1986 годзе.
Казкі пісьменніцы друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Верасень», «Бярозка», «Астравок», «Гарадской газеце», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер», у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў», у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка»: «Зборнік апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 годзе выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012 годзе – аўтарскі пераклад на рускую мову, у 2013 годзе – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by», у 2015 годзе – «"Атракцыёны для Вадзянікоў" – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». Асобныя казкі ўключаны ў зборнікі «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета». У 2019 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Прынцэса Алівія і "жабіны вочкі"».
Наталля Сцяпанаўна актыўна падтрымлівае сацыяльны праект «Беларусь: профессионалы – детям в трудной жизненной ситуации».
Жыве і працуе ў г. Мінск.
ЛІТАРАТУРА
1. Матэленак, Л. Пра балотныя прыгоды і авечку Адэлю / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2019. – 21 верас. – С. 8.
2. Не зарасці пракладзенаму следу: Наталля Бучынская // Міёрскія навіны. – 2019. – 3 снеж. – С. 7.
СПАСЫЛКІ