Лукша Валянцін Антонавіч
Лукша Валянцін Антонавіч нарадзіўся 16 лістапада 1937 года ў Полацку ў сям'і служачага. Беларускі паэт, публіцыст, драматург, перакладчык.
У 1956 годзе скончыў Полацкі лясны тэхнікум, а ў 1976 годзе – Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. У 1958 годзе – інструктар Полацкага гаркама камсамола, камсарг трэста № 16 «Нафтастрой». З 1961 года – літсупрацоўнік полацкай газеты «Сцяг камунізму», загадчык аддзелам міжраённай газеты «Ленінская іскра» (Полацк), карэспандэнт Беларускага радыё, загадчык аддзелам літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена», адказны сакратар штомесячніка «На экранах Беларусі», з 1973 года – старшы рэдактар, з 1975 года – галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, з 1980 года – дырэктар выдавецтва «Юнацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1978 года.
Узнагароджаны медалём і Ганаровым знакам А. П. Гайдара.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1956 годзе. Выйшлі кнігі вершаў «Гарады нараджаюцца сёння» (1964), «Атава» (1969), «Споведзь» (1973), «Белыя берагі» (паэма-хроніка, 1981), «Радзімыя плямы» (вершы і фельетоны, 1982), «Сляды памяці» (вершы і паэма, 1986), «Агонь і попел» (драматычныя паэмы, 1989), кніжкі вершаў, казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета – круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Чароўны камень» (1987). Выдаў кнігі публіцыстыкі «Наша полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973).
Аўтар п'ес, пастаўленых на тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё: «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976), «Вецер веку» (паводле аднайменнага рамана І. Гурскага, 1977), «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Асоль» (паводле твораў А. Грына, 1984), «Пад шыфрам «Зорачка» (1985).
Пераклаў п'есы С. Міхалкова «Дарагі хлопчык» (1986), М. Рошчына «Уся Надзея» (1986), Е. Таракоўскай «Казка пра Ямелю» (1990). Напісаў лібрэта да оперы «Барвовы золак» (пастаўлена ў 1979 годзе). Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Памёр Валянцін Антонавіч 15 верасня 2012 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Валянцін Лукша // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 343–344.
2. Гальпяровіч, Н. Ад полацкага прычала / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – № 47 (23 лістап.). – С. 5.
3. Гальпяровіч, Н. Брыганціны Вялянціна Лукшы / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 16 лют. – С. 4.
4. Гарэлік, Л. М. Лукша Валянцін / Л. М. Гарэлік, Т. М. Махнач // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 93–99.
5. Карлюкевіч, А. Яснае неба / А. Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 30 мая. – С. 8.
6. Лукша, В. З берагоў Дзвіны – матухны / В. Лукша // Маладосць. – 2006. – № 12. – С. 59.
7. Лукша, В. «Саюз пісьменнікаў – гэта перш за ўсё саюз творцаў» / В. Лукша ; гутарыла Т. Падаляк // Звязда. – 2005. – 15 снеж. – С. 2.
8. Лукша Валянцін Антонавіч // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 788–789.
9. Марціновіч, А. Брыганціна на хвалях вечнасці / А. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 21 верас. – С. 4.
10. Марціновіч, А. Галасы далёкіх дарог / А. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 1 снеж. – С. 5.
11. Марціновіч, А. Гэты вельмі шчодры дождж / А. Марціновіч // Маладосць. – 1995. – № 3. – С. 200–229.
12. Русецкі, А. Яшчэ стаяць на рэйдзе брыганціны / А. Русецкі // Беларуская думка. – 2000. – № 3. – С. 24–30.
13. Саламевіч, І. У. Лукша Валянцін Антонавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 367.