Мароз Браніслаў Юльянавіч
Мароз Браніслаў Юльянавіч нарадзіўся 4 мая 1938 года ў в. Дубашынскі Двор Мёрскага раёна. Паэт.
Пасля дзесяцігодкі на выдатна скончыў мінскую школу кінамеханікаў, у 1960–2002 гг. працаваў у Мёрскай раённай кінасетцы старшым кінамеханікам гарадской кінаўстаноўкі, кінаінжынерам, мастаком па рэкламе.
Супрацоўнічаў з раённай газетай «Сцяг працы». Гэтае супрацоўніцтва пачалося з невялікіх штотыднёвых рэкламных заметак пра кінафільмы. Потым пачалі друкавацца вершы, першае апавяданне – «Дзень добры, сынок». З'яўляўся членам літаратурнага аб'яднання «Ручаёк».
Пісаў успаміны, замалёўкі, гумарэскі. Друкаваўся ў газеце «Браслаўская звязда», плённа супрацоўнічаў з часопісам «Вожык», газетамі «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Чырвоная змена», «Віцебскі рабочы» і інш. Яго байкі друкаваліся ў калектыўных зборніках. На тэксты паэта напісана шмат песень, адна з іх стала гімнам Мёраў, а песня «Святы Юзафат» увайшла ў парафіяльны песеннік. Адзіная ўласная кніга лірыкі, баек, гумарэсак, прыпевак «Добры дзень, мае родныя людзі» была выдадзена невялікім тыражом у Мінску ў 2010 годзе.
Памёр Браніслаў Юльянавіч 18 жніўня 2015 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Басікірская, А. «Добры дзень, мае родныя людзі!» / А. Басікірская // Міёрскія навіны. – 2016. – 16 жн. – С. 6.
2. Басікірская, А. Лёс, прасякнуты вершам / А. Басікірская // Міёрскія навіны. – 2009. – 17 кастр. – С. 7.
3. Не зарасці пракладзенаму следу: Браніслаў Мароз // Міёрскія навіны. – 2017. – 18 ліп. – С. 6.