Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сямашка Сцяпан Пятровіч

Дата нараджэння
15(27).07.1898
Месца нараджэння
Віцебская губерня, Полацкі павет, в. Барылы
Дата смерці
23.09.1965
Род дзейнасці
празаік
Гады творчасці
З 1925 года
Узнагароды і прэміі
ордэн Айчыннай вайны II ступені
ордэн «Знак Пашаны»

Сямашка Сцяпан Пятровіч (псеўданім селькор С. Чуткі, С. Чуткі, Сцяпан Чуткі) нарадзіўся 15 (27) ліпеня 1898 года ў в. Барылы Полацкага павета Віцебскай губерні (зараз Полацкі раён) у сялянскай сям'і, празаік.

У 1920 годзе ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. У 1921–1926 гг. займаў пасады ў партыйных і савецкіх установах у Полацку. У 1926 годзе стаў рэдактарам акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» і ўзначаліў пры ёй літаратурнае аб'яднанне пачаткоўцаў. У 1930 годзе – супрацоўнік часопіса «Шляхі калектывізацыі», пазней – газет «Калгаснік Беларусі», «Звязда». Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску (1932).

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў палітработнікам у часцях Чырвонай Арміі. Быў паранены. У 1945–1946 гг. – адказны сакратар камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з 1947 года – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалямі.

Першыя публікацыі С. Сямашкі (апавяданне «Янка-мужык», прыпеўкі) з'явіліся ў друку на рускай мове пад псеўданімам С. Чуткі ў 1925 годзе. 3 1926 года пачаў пісаць на беларускай мове, рэгулярна змяшчаў свае творы (пераважна празаічныя) у беларускіх перыядычных выданнях «Чырвоная Полаччына», «Калгаснік Беларусі», «Шляхі калектывізацыі», «Маладняк», альманаху «Росквіт». У 1932 годзе асобным выданнем выйшла кніга яго апавяданняў «Пералом». Пераважная большасць твораў прысвечана калектывізацыі, складаным працэсам, што адбываліся ў гэты час у душах людзей, вымушаных рабіць выбар паміж прыватнай гаспадаркай і калгасам. Аўтар імкнуўся псіхалагічна матываваць учынкі сваіх герояў, паказаць іх у роздуме, у спрадвечнай сялянскай разважлівасці, якая абумоўлівала іх свядомы выбар («Пералом»). Ён намагаўся данесці да чытачоў драматызм падзей таго часу, калі родныя і блізкія людзі аказваліся заклятымі ворагамі («Браты»), аднак не пазбег тут спрошчанасці і схематызму. 3 1936 года ў друку не выступаў. У пасляваенныя гады перакладаў на беларускую мову творы класікаў марксізму-ленінізму.

Памёр Сцяпан Пятровіч 23 верасня 1965 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Багдановіч І. Э. Сямашка Сцяпан / І. Э. Багдановіч, Г. І. Рэут // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 475–476.

2. Воднева, І. П. На роднай мове – да чытачоў / І. П. Воднева, А. Шуйская // Полацкі веснік. – 2017. – 31 сак. – С. 15.

3. Сцяпан Сямашка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 525.

4. Сямашка Сцяпан Пятровіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 645.

5. Хоць і напісана няшмат // Лiтаратура і мастацтва. – 1998. – 31 лiп. – С. 12.