Азін Уладзімір Марцінавіч
Азін Уладзімір Марцінавіч нарадзіўся 8 кастрычніка 1895 года ў в. Мар'янава Полацкага раёна ў сялянскай сям'і, ваенны дзеяч, герой грамадзянскай вайны.
Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. З 1911 года працаваў у Рызе. У 1916 годзе быў мабілізаваны ў армію.
У студзені 1918 года быў прызначаны камандзірам латышскага камуністычнага атрада. Затым у г. Вятка фарміраваў атрады Чырвонай гвардыі. Летам 1918 года ў Вятцы У. М. Азін быў прызначаны камандзірам батальёна 19-га Уральскага палка. Неўзабаве полк увайшоў у склад 2-й арміі. У складзе 2-й арміі 19-ы Уральскі полк вёў баі на Казанскім накірунку. Пасля першых баёў Уладзімір Марцінавіч быў прызначаны камандзірам Арскай групы, якая 10 верасня 1918 года ўзяла Казань.
Пасля гэтага Уладзімір Азін быў прызначаны камандзірам 2-й зводнай дывізіі, якая вяла баі з паўсталымі супраць улады бальшавікоў працоўнымі і сялянамі ў Прыкам'і. У баях за Іжэўск Уладзімір Марцінавіч праявіў асабістую адвагу. За гэты бой і за ўзяцце Іжэўска У. М. Азін першым з чырвоных камдзіваў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У канцы лістапада 1918 года дывізіі Уладзіміра Азіна быў прысвоены 28-ы парадкавы нумар, і яна ўвайшла ў склад 2-й арміі.
У пачатку 1919 года дывізія Азіна ваявала на Усходнім фронце супраць войск Калчака. 15 ліпеня 1919 года 28-я дывізія сумесна з іншымі часткамі 2-й арміі авалодала Екацярынбургам. Неўзабаве, у пачатку жніўня 1919 года, 2-ю армію перакінулі на поўдзень для барацьбы з Дзянікіным. 28-я дывізія ўвайшла ў склад 10-й арміі і вяла баі на Царыцынскім кірунку. У. М. Азін быў у гэтых баях паранены ў руку.
17 лютага 1920 года Уладзімір Азін быў узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай.
У Полацку Уладзіміру Марцінавічу Азіну ўсталяваны помнік. Яго імем названы вуліцы ў Віцебску, Полацку, Казані, Іжэўску, Кіраве, Саратаве.
ЛІТАРАТУРА
1. Азин Владимир Мартинович // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. – Минск : ФУАинформ, 2009. – С. 298–299.
2. Азин Владимир Мартинович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 12.
3. Азін Уладзімір Марцінавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 12.
4. Азін Уладзімір Марцінавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 8.
5. Азін Уладзімір Марцінавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 638.
6. В. М. Азин : фотоальбом / авт. текста: И. Е. Касперович, И. П. Загришев. – Минск : Беларусь, 1980. – 14 с. – (Жизнь – подвиг).
7. Захаров, С. А. Владимир Азин / С. А. Захаров. – Свердловск : Книжное издательство, 1960. – 52 с.
8. Кривенок, М. Первые кавалеры / М. Кривенок // Вiцебскі рабочы. – 2003. – 16 верас. – С. 4.
9. Симонов, А. В поисках Азина: хитросплетения судьбы начдива-28 / А. Симонов // Родина. – 2011. – № 2. – С. 76–80.
10. Тараткевіч, М. Жалезны начдзіў Азін / М. Тараткевіч. – Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1957. – 76 с.
11. Тараткевіч, М. Уладзімір Азін / М. Тараткевіч. – Мінск : Беларусь, 1971. – 160 с. – (Народныя героi).