Бондарава Ефрасіння Леанідаўна
Бондарава Ефрасіння Леанідаўна нарадзілася 25 лістапада 1922 года ў в. Гапонава Лёзненскага раёна, беларускі кінакрытык, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1982). Доктар філалагічных навук (1977), прафесар (1982).
Яшчэ школьніцай пачала працаваць літсупрацоўнікам раённай газеты «Ленінскі сцяг».
У 1949 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1948–1950 гг. – рэдактар-кансультант Міністэрства кінематаграфіі БССР, у 1951–1961 гг – галоўны рэдактар па вытворчасці фільмаў Міністэрства культуры БССР, адначасова з 1953 года – выкладчык БДУ.
Даследавала праблемы беларускага кінамастацтва і публіцыстыкі, выступала як кінакрытык. Аўтар сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў, спецыяльных выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно. Даследаванні вызначаюцца грунтоўнасцю аналізу, публіцыстычнасцю формы. Аўтар твораў «Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін» (1960), «Нарыс на экране» (1969, разам з Л. Шылавай), «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975) і інш.
Е. Л. Бондарава – Заслужаны дзеяч навукі БССР (1977), узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1977), лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь (1994) і Саюза кінематаграфістаў Рэспублікі Беларусь (1999). Узнагароджана медалямі «Ветэран працы», «За выдатны ўклад у развіццё беларускага кінематографа», ганаровымі знакамі «За выдатныя поспехі ў працы» Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР, «Выдатнік кінематаграфіі СССР» і інш.
Памерла Ефрасіння Леанідаўна 30 чэрвеня 2011 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бобкова, А. П. Бондарева Евфросинья Леонидовна / А. П. Бобкова // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 82.
2. Бондарава Ефрасіння Леанідаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Беларусы–Варанец. – С. 212.
3. Бондарава Ефрасіння Леанідаўна // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – С. 575–576.
4. Годнасць і сумленне чалавека / П. Латушка [і інш.] // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 8 ліп. – С. 19.
5. Кавалеўскі, А. Шчодрая ніва крытыка / А. Кавалеўскі // Лiтаратура i мастацтва. – 2007. – 7 снеж. – С. 10.
6. Падаляк, Т. Школа прафесара Бондаравай / Т. Падаляк // Звязда. – 2007. – 24 лістап. – С. 7.
7. Похолкина, Л. Здесь начинался её путь в журналистику / Л. Похолкина // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2011. – 18 жн. – С. 3.
8. Рудабельская, В. Яны вучыліся ў нашай школе / В. Рудабельская // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2005. – 26 лістап. – С. 2.
9. Шляпава, В. Пакінулі след у гісторыі раёна. Бондарава Ефрасіння Леанідаўна / В. Шляпава // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2006. – 8 ліп. – С. 2.