Цябут Дзмітрый Васільевіч
Цябут Дзмітрый Васільевіч нарадзіўся 6 лістапада 1914 года ў в. Пуканаўка Полацкага раёна, савецкі беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч.
У 1931 годзе скончыў школу. У 1940 годзе скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, а ў 1962 годзе – Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.
Працоўную дзейнасць пачаў у верасні 1932 года настаўнікам Маласітнянскай няпоўнай сярэдняй школы, а з 1934 па 1936 гг. працаваў настаўнікам Шпакоўшчынскай няпоўнай сярэдняй школы.
У жніўні 1936 года Д. В. Цябут быў прызначаны загадчыкам Ветрынскага аддзела народнай адукацыі, дзе працаваў да 1940 года. У студзені 1940 года прызначаецца намеснікам загадчыка аддзела кадраў Ветрынскага райкама КПБ, дзе працаваў да студзеня 1941 года. У студзені 1941 года Д. Цябут быў абраны старшынёй выканкама Ветрынскага раённага Савета народных дэпутатаў, дзе працаваў да чэрвеня 1941 года.
У жніўні 1941 года Д. В. Цябут добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У партызанах з чэрвеня 1942 года: камандзір атрада, у снежні 1942 – ліпені 1944 гг. – партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава. Адначасова з верасня 1942 года працаваў сакратаром падпольнага райкама КПБ.
Пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з чэрвеня 1944 па студзень 1950 гг. працаваў першым сакратаром Ветрынскага райкама КПБ. У перыяд з 1950 па 1954 гг. працаваў другім, а затым першым сакратаром Полацкага абкама КПБ.
У маі 1961 года Д. В. Цябут быў зацверджаны на пасадзе першага намесніка, а затым міністра вытворчасці і нарыхтовак БССР. На гэтай пасадзе працаваў да 1964 года. У сувязі з ліквідацыяй сельскіх абкамаў партый быў абраны старшынёй выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў (да студзеня 1976 года).
Са студзеня 1976 года і да апошніх дзён свайго жыцця Цябут Д. В. працаваў старшынёй рэвізійнай камісіі Кампартыі Беларусі. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР двух скліканняў. Аўтар успамінаў «Праз агонь», «На освобожденной земле».
Быў узнагароджаны ордэнам Леніна (тройчы), Чырвонага Сцяга, Кутузава 1-й ступені, Айчыннай вайны 2-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы), медалямі.
Памёр Дзмітрый Васільевіч 3 студзеня 1987 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Вер'ясава, І. Слаўны шлях партызанскага камбрыга / І. Вер'ясава // Патрыёт (Ушачы). – 2009. – 18 лістап. – С. 2.
2. Карасёў, В. Настаўнік, камбрыг, дзяржаўны дзеяч / В. Карасёў // Полацкi веснік. – 2004. – 17 снеж. – С. 7.
3. Карасёў, В. Р. У памяці людской назаўжды / В. Р. Карасёў. – [Барысаў] : Барысаўская ўзбуйненая друкарня iмя 1 Мая, 2010. – 267 с.
4. Климович, Е. Долговечно то, что справедливо: каким он был – легендарный комбриг и руководитель Дмитрий Васильевич Тябут глазами его жены и дочери / Е. Климович // Сельская газета. – 2014. – 6 нояб. – С. 30–31.
5. Мартинкевич, А. Его война и мир / А. Мартинкевич // Советская Белоруссия. – 2014. – 28 нояб. – С. 10.
6. Тябут Дмитрий Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын – С. 293.
7. Цябут Дзмітрый Васілевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : біяграфічны даведнік : у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1981. – Т. 5. – С. 642.
8. Цябут Дзмітрый Васільевіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 203.
9. Чарняўская, С. Таварыш камбрыг / С. Чарняўская // Полацкi веснік. – 2004. – 5 лістап. – С. 2.