Музей школьны «Аршаншчына літаратурная» . Аршанскі раён, г. Барань
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 14:23
Сучасная назва | Музей «Аршаншчына літаратурная» |
Былая назва | «Спадчына» |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1983 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Барань |
Сайт | https://15.schools.by/pages/shkolnyj-muzej |
Школьны літаратурна-краязнаўчы музей «Аршаншчына-літаратурная» з’яўляецца структурным падраздзелам ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Барані».
Літаратурна-краязнаўчы музей «Спадчына» створаны ў 1983 г. на грамадскіх пачатках пры СШ № 15 горада Барані. У 1989 г. музей быў пераабсталяваны, з'явіліся новыя экспазіцыі, і 10 лістапада, у дзень 80-годдзя з дня нараджэння В. Корбана, гасцінна адкрыў дзверы пад новай назвай «Аршаншчына літаратурная».
У музеі прадстаўлена некалькі экспазіцый. Цэнтральнае месца займае экспазіцыя «Уладзімір Корбан – наш зямляк», дзе можна даведацца пра яго жыццёвы і творчы шлях, убачыць копіі фатаграфій, на якіх намаляваны В. Корбан у розныя гады свайго жыцця, ліст В. Корбана вучням школы, карціну «В. Корбан у родных мясцінах» мастака Н. Таранды. У музеі ёсць бюст В. Корбана, кнігі пісьменніка «Янка і санкі», «Шклянка чаю» з асабістым аўтографам аўтара і яго кніга «Выбранае» з дароўнымі подпісамі жонкі байкапісца Аляксандры Нікіфараўны.
У наступнай экспазіцыі можна даведацца пра іншых пісьменнікаў і паэтаў Аршаншчыны: У. Караткевіча, Я. Купалу, Ю. Багушэвіча, Я. Сіпакова, А. Міронава.
Раздзел «Гісторыя Барані» распавядае пра мінулае і сучаснасць горада. Раздзел «Заўсёды ў нашых сэрцах» прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Экспазіцыя распавядае пра лётчыка Мікалая Сарокіна, які быў збіты над г. Барань нямецкімі захопнікамі, і іншых героях далёкіх 40-х гадоў.
Па ўсіх раздзелах музея праводзяцца займальныя экскурсіі, якія праводзяць юныя экскурсаводы музея. Формы работы музея самыя розныя: сустрэчы з ветэранамі, класныя гадзіны і ўрокі, экскурсіі і паходы па родным краі, масавыя мерапрыемствы, алімпіяды і канферэнцыі па краязнаўстве, навукова-даследчая дзейнасць.
Пры музеі выпускаецца газета «Юныя паэты», у якой асвятляецца праца музея, а таксама літаратурная творчасць вучняў школы.
Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Барань, вуліца У. Корбана, д. 8.
ЛІТАРАТУРА
1. Літаратурна-краязнаўчы музей «Аршаншчына літаратурная» ў Оршы // Памяць : Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 481.