Музей гісторыі Аршанскага каледжа ВДУ імя Машэрава. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 14:22
Сучасная назва | Музей гісторыі Аршанскага каледжа ВДУ імя Машэрава |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1966 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Мэта дзейнасці музея – захаваць гістарычную памяць, сувязь пакаленняў, традыцыі айчыннага настаўніцтва, забяспечыць іх пераемнасць, выхаваць любоў да Радзімы, адданасць педагагічнай прафесіі.
Музей дзейнічае на грамадскіх пачатках, кіруе яго работай савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі ветэранаў педагагічнай працы, выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа.
Праца ажыццяўляецца па наступных напрамках:
– пошукава-даследчая дзейнасць;
– навукова-метадычная апрацоўка сабранага матэрыялу, папаўненне фондаў;
– афармленне і экспанаванне матэрыялаў;
– падрыхтоўка экскурсаводаў і правядзенне экскурсій;
– арганізацыя на базе музея выхаваўчай, прафарыентацыйнай работы.
Вынікам пошукавай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў з'яўляецца папаўненне фондаў музея экспанатамі і матэрыяламі аб дзейнасці навучальнай установы, выкладчыкаў і выпускнікоў: рэчавымі помнікамі, дакументамі, фотаздымкамі, успамінамі, матэрыяламі перыядычным друку і інш.
Фонды музея налічваюць каля 10 тысяч адзінак захавання. Найважнейшымі напрамкамі работы музея з'яўляюцца афармленне і экспанаванне матэрыялаў. Пастаянна дзеючая экспазіцыя музея размешчана ў трох залах:
– «Стварэнне і развіццё навучальнай установы ў 1911–1939 гг.»;
– «Удзел выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа ў Вялікай Айчыннай вайне»;
– «Дзейнасць каледжа ў 1946–2011 гг.».
Наяўнасць вялікай колькасці матэрыялаў у фондах музея дазваляе не толькі абнаўляць пастаянна дзеючую экспазіцыю, але і ствараць да памятных дат тэматычныя выставы. Напрыклад: «Выкладчыкі каледжа – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны», «Выпускнікі каледжа – воіны-інтэрнацыяналісты» і г. д.
У 1930–1932 гг. у Аршанскім педагагічным тэхнікуме вучыўся Іван Ігнатавіч Якубоўскі – двойчы Герой Савецкага Саюза. Сярод экспанатаў можна ўбачыць яго кнігу ўспамінаў «Зямля ў агні» з дароўным надпісам, ліст навучэнцам і выкладчыкам навучальнай установы.
Да тэматычных выставаў абавязкова распрацоўваецца тэматычная экскурсія, якая забяспечвае цэласнае ўспрыманне падзей мінулага і стварае адпаведную эмацыйную атмасферу. Група экскурсаводаў – навучэнцаў каледжа пастаянна праводзіць аглядныя і тэматычныя экскурсіі.
На базе музея праводзіцца шэраг выхаваўчых мерапрыемстваў: сустрэчы з ветэранамі вайны, педагагічнай працы, выпускнікамі, прэзентацыі, інфармацыйныя гадзіны, вечары памяці, літаратурна-музычныя кампазіцыі і інш.
Музей прымае актыўны ўдзел у правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным датам.
Музей гісторыі каледжа забяспечвае фарміраванне гістарычнай свядомасці моладзі, пераемнасць пакаленняў, гатоўнасць да працягу традыцый, адданасць абранай прафесіі. Тым самым ён уносіць вялікі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, прафесійнае станаўленне будучых спецыялістаў.
Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша, вуліца А. Пушкіна, д. 9б.
ЛІТАРАТУРА
1. Ветрова, Н. Д. Музей колледжа – центр гражданско-патриотического воспитания / Н. Д. Ветрова // Адукацыя і выхаванне. – 2011. – № 5. – С. 49–52.
2. Хранитель истории колледжа // Аршанская газета. – 2015. – 21 лістап. – С. 6.