Музей гісторыі завода «Палімір» ААТ «Нафтан», Полацкі раён, г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 15:19
Сучасная назва | Музей гісторыі завода «Палімір» ААТ «Нафтан» |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 01.10.2004 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Наваполацк |
Сайт |
Музей гісторыі завода «Палімір» ААТ «Нафтан» - паліміраўская скарбніца фотаздымкаў, працоўных рэліквій, дакументаў і ўзораў прадукцыі. Музей адкрыў дзверы для першых наведвальнікаў 1 кастрычніка 2004 года. У той дзень экспазіцыю ацанілі ветэраны-хімікі, якія штогод прыязджаюць сюды ў Дзень пажылога чалавека.
Генеральны дырэктар «Паліміра» Аляксандр Бароўскі быў ідэйным натхняльнікам стварэння карпаратыўнага музея, які зараз стаў візітнай карткай завода. За 10 гадоў скарбніцу рэліквій наведалі госці з Азербайджана, Галандыі, Грузіі, Літвы, Расіі і нават Японіі.
Калі ўваходзіш у сховішча, адразу звяртаеш увагу на копію распараджэння Савета Міністраў СССР ад 13 чэрвеня 1964 года аб пачатку будаўніцтва Полацкага хімкамбіната, а побач размешчана яго карта-план.
Яшчэ адна рэліквія, бадай, самая старая ў экспазіцыі – тэлефонны апарат, па якім, хутчэй за ўсё, рапартавалі вышэйстаячаму начальству аб ходзе будаўніцтва карпусоў, мантажы тэхналагічнага абсталявання і камунікацый, а потым і пуску вытворчасцяў.
Асноўную частку экспазіцыі складаюць больш за 400 фотаздымкаў, якія захавалі ключавыя падзеі з гісторыі «Паліміру»: этапы будаўніцтва вытворчасцей, радасць работнікаў пасля атрымання першага поліэтылену. Тут жа фота людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё завода.
Самы малады экспанат – стэнд, які з'явіўся перад святкаваннем 45-годдзя «Паліміра». Тут праілюстраваныя ключавыя моманты біяграфіі і працоўныя ўзнагароды легендарнага дырэктара завода, Героя Сацыялістычнай Працы Льва Наважылава, які ўзначальваў флагман беларускай хіміі 23 гады.
Цэнтральнае месца ў музеі адведзена пад шматлікія ўзнагароды і граматы, якімі ў розны час быў удастоены «Палімір» і яго людзі. Асобна стаяць сцягі, якія калектыў атрымліваў за працоўныя дасягненні. Побач размешчана адна з вышэйшых узнагарод СССР. Гэта ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго «Палімір» атрымаў у лютым 1976 г. А на стэндзе па-суседству пералічаныя імёны 47 былых хімікаў, якія сталі ўладальнікамі гэтай высокай узнагароды.
Наведвальнікі музея заўсёды цікавяцца ўзорамі прадукцыі, што выпускаецца на «Паліміры». Цікава паглядзець і на гатовыя вырабы, якія вырабляюцца з валокнаў, і на гранулы поліэтылену розных марак.
ЛІТАРАТУРА
1. Козловский, П. Маленький юбилей: 5 лет музею / П. Козловский // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2009. – 3 окт. – С. 4.
2. Пашков, В. Добро пожаловать в музей! / В. Пашков ; беседовала Н. Калюжная // Полимировец (Новополоцк). – 2004. – 22 окт. – С. 4.