Музей традыцыйнай культуры. Браслаўскі раён, г. Браслаў
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 17.01.2019 13:43
Сучасная назва | Музей традыцыйнай культуры |
Былая назва | Браслаўскі раённы Дом рамёстваў |
Дата заснавання | 1984 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, г. Браслаў |
Музей традыцыйнай культуры з'яўляецца ўстановай, якая даследуе і прапагандуе народную культуру Браслаўшчыны, а таксама праводзіць навучанне асобным рамёствам, найбольш характэрным для рэгіёна.
Музей створаны на базе Дома рамёстваў, які працаваў з 1995 года. Экспазіцыя адкрыта ў 1997 годзе. Будынак размешчаны на беразе воз. Дрывяты ў будынку былога млына – помніка архітэктуры пачатку XX ст., узведзены з бутавага каменю і чырвонай цэглы. Да будынка млына прымыкаюць дадатковыя збудаванні, утвараючы комплекс.
Інтэр'ер асноўнага будынка падзелены на тры ўзроўні, якія аб'ядноўваюцца каскадамі лесвіц і агульным аб'ёмам, аздобленым балюстрадамі і жырандолем кавальскай працы. Стэнды з экспанатамі размяшчаюцца побач з адкрытымі майстэрнямі, інтэр'ер якіх дапаўняюць і ўзбагачаюць асноўныя экспазіцыі.
Комплекс, прысвечаны пляценню, змяшчае старажытныя прыстасаванні для пляцення, знойдзеныя пры археалагічных раскопках, найлепшыя па якасці выканання этнаграфічныя рэчы (кублы, гарцы, сумкі), выкананыя з розных матэрыялаў, а таксама вырабы вядомых майстроў пляцення: П. Карэніка (Слабодка), I. Краўчонка (Суднікі), I. Дварэцкага (Ахрэмаўцы), К. Лук'янца (Браслаў), У. І. Чэркаса (Слабодка).
Экспазіцыя «Разьбярства Браслаўшчыны» прадстаўлена вырабамі такіх адметных майстроў, як П. Зяляўскі (Слабодка), К. Лапкоўскі (Далёкія), I. Шпаковіч (Браслаў).
У ткацкай майстэрні, побач з заснаванымі вясковымі кроснамі і прыладамі, звязанымі з апрацоўкай лёну, воўны, можна ўбачыць разнастайныя вырабы ткачых Браслаўшчыны: посцілкі (дымкі, кілімы, наборкі, паласавікі), ручнікі, дарожкі, паясы. Іх аўтарамі э'яўляюцца: А. Чапулёнак (Браслаў), Г. Супровіч (Даўблі), Г. Плясун (Слабодка). Экспануюцца таксама адноўленыя спецыялістамі музея комплексы жаночага адзення ХІІ–ХІІІ, ХІХ – пачатку XX ст.
Майстэрня рукадзелля аздоблена калекцыямі распісных велікодных яек, выцінанак (ажурных узораў, выразанак на паперы), а таксама вырабамі ў тэхніцы абрэзкавага шыцця.
У асобным памяшканні размешчана ганчарная майстэрня. На стэндах прадстаўлена старажытная кераміка (аскепкі вырабаў жалезнага веку, рытуальныя гаршчкі XI–XII стст., кафля і посуд XVI–XVII стст.), калекцыя этнаграфічнай керамікі першай паловы XX ст., матэрыялы пра вядомую ганчарку Н. Кузьмінову (Браслаў).
Музей традыцыйнай культуры мае выдатную выставачную залу, у якой выстаўляюцца калекцыі з фондаў аб'яднання, праводзяцца мастацкія выставы і традыцыйная выстава народнага мастацтва Браслаўшчыны «Калядныя ўзоры».
Экскурсіі па музеі адметныя не толькі тым, што яны знаёмяць з экспазіцыяй і інтэр'ерам майстэрань, але і тым, што супрацоўнікі дэманструюць асобныя моманты тэхналогій рамёстваў.
На базе музея праводзяцца наступныя культурна-масавыя мерапрыемствы:
– заняткі па рамёствах (асваенне тэхналогій, работа па стварэнні вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва);
– практыкумы па традыцыйных рамёствах (выраб свістулек з гліны, птушак з саломы, ткацтва паясоў на дошчачках і інш.);
– майстар-класы – апрацоўка гліны, праца з ганчарным колам, абпал;
– «Ноч музеяў» – праводзіцца адзін раз у год. Падчас гэтага мерапрыемства адбываецца знаёмства з музеем, ладзяцца канцэрты і шоу-праграмы;
– кірмашы рамёстваў – у летні перыяд. Прэзентацыя вырабаў мясцовых майстроў;
– «Вяселле ў млыне» – вяселае правядзенне часу маладымі і іх гасцямі з беларускім каларытам. Сцэнарый свята пабудаваны на этнаграфічных матэрыялах з улікам асаблівасцей экспазіцый музея.
ЛІТАРАТУРА
1. Набеева, А. Авалодаць старажытным рамяством можа кожны / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 11 кастр. – С. 4.
2. Набеева, А. Аднавілі зімовы строй / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 27 крас. – С. 5.
3. Прашкевіч, Т. Захоўваючы традыцыі продкаў / Т. Прашкевіч // Браслаўская звязда. – 2012. – 1 снеж. – С. 2.
4. Хританькова, Е. Здесь в моде народное творчество / Е. Хританькова // Народная газета. – 2002. – 18 крас. – С. 1.