Музей гісторыі Лужаснянскага аграрнага каледжа. Віцебскі раён, г. п. Лужасна
- Подробности
- Створана 08.04.2019 12:23
- Адноўлена 08.04.2019 10:27
Сучасная назва | Музей гісторыі Лужаснянскага аграрнага каледжа |
Дата заснавання | 1970 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Віцебскі раён, аг. Лужасна |
Музей гісторыі Лужаснянскага аграрнага каледжа адкрыты ў 1970 годзе. У трох залах размешчаны стэнды, экспанаты і прадметы аб гісторыі тэхнікума – ад адкрыцця ў 1909 годзе да нашых дзён.
Музей знаходзіцца ў асобным памяшканні на другім паверсе ў галоўным корпусе каледжа.
У першай зале прадстаўлена інфармацыя з гісторыі пасёлка Лужасна, а таксама гісторыя заснавання ўстановы адукацыі і яе развіцця ў перадваенны перыяд. Экспазіцыя распавядае пра тое, як быў заснаваны і рэарганізаваны каледж, пра выкладчыкаў і выпускнікоў. Тут прадстаўлены фотаздымкі былых навучэнцаў, паштоўкі, альбомы і іншае.
У гэтай жа зале знаходзіцца экспазіцыя «Прадметы беларускага побыту». Сярод экспанатаў прадстаўлены: ланцуг і біток (прылада для абмалоту збожжа), прасніцы (выкарыстоўвалася для ручной пражы ніткі з воўны і лёну), човен (адна з неабходных дэталяў ткацкай ручнога станка для вырабу палатна), каталка (прыстасаванне для прасавання бялізны), саха, серп, каса, прыстасаванне для апрацоўкі ільну, форма для вырабу цэглы, котка (прыстасаванне для даставання неспадзявана выпушчанага ў калодзеж вядра) і многае іншае.
Экспазіцыя «Абаронцы Айчыны», размешчаная ў другой зале, распавядае пра часы Вялікай Айчыннай вайны. Шматлікія экспанаты захоўваюць памяць пра выкладчыкаў установы адукацыі – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – Ахтанін Н. П., Азаранка А. М., Шахматаў М. І., Камягіна А. І. і іншыя. Маюцца іх асабістыя рэчы, фотаздымкі, узнагароды, падзякі, матэрыялы пра партызанскі рух, макет помніка М. Сільніцкага.
З 9 ліпеня 1941 года па 26 чэрвеня 1944 года Лужасна было акупіравана фашыстамі. У гады акупацыі на тэрыторыі сельскагаспадарчага тэхнікума размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных салдат Чырвонай Арміі. Інфармацыя пра гэтыя падзеі знаходзіцца ў музеі.
У трэцяй зале шырока прадстаўлены матэрыялы, якія захоўваюць гісторыю развіцця ўстановы адукацыі, пачынаючы з пасляваенных гадоў і заканчваючы XX ст. Найбольшую цікавасць уяўляе макет пасёлка, размешчаны ў цэнтры залы, – «Лужасна ў 70-я гг.». Гісторыю ўстановы адукацыі гэтага перыяду можна прасачыць па велізарнай колькасці грамат, дыпломаў, узнагарод, падарункаў ад гасцей каледжа (кнігі, карціны, сувеніры).
На адным са стэндаў прадстаўлены партрэты дырэктараў каледжа, якія ўнеслі ў свой час уклад у яго развіццё. На другім – фотаздымкі і біяграфічныя дадзеныя знакамітых выпускнікоў. Сярод іх Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ В. П. Андрэйчанка, акадэмік АН БССР А. І. Лапо, прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук А. В. Круглякоў і іншыя.
У зале размешчана экспазіцыя, прысвечаная вядомаму дзяржаўнаму і партыйнаму дзеячу, актыўнаму ўдзельніку партызанскага руху ў Беларусі, Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Сурганаву Ф. А., які скончыў Лужаснянскі дзяржаўны льнопяньковы тэхнікум у 1931 годзе. Яго імя было прысвоена ўстанове адукацыі 2 сакавіка 1977 года. Экспазіцыю складаюць бронзавы бюст Сурганава Ф. А., яго дзённікі, запісная кніжка, фотаздымкі, пісьмовыя прылады рабочага стала, партфель, ганаровыя граматы, альбомы.
Адрас: Віцебская вобласць, Віцебскі раён, г. п. Лужасна.
ЛІТАРАТУРА
1. Витебский район / текст Николай Пивовар, Людмила Никитина ; фото Сергей Плыткевич, Денис Жаворонков ; ред. Наталья Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2014. – 48 с.
2. Камлёва, Н. Лучшие знания в стране / Н. Камлёва // Витебские вести. – 2017. – 28 февр. – С. 2.
3. Музей гісторыі Лужаснянскага аграрнага каледжа // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 721.