Музей краязнаўчы. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 02.05.2019 12:23
- Адноўлена 02.05.2019 12:08
Сучасная назва | Лепельскі раённы краязнаўчы музей |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1953 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель |
Сайт | http://www.museum.lepel.by |
Лепельскі раённы краязнаўчы музей створаны па рашэнні Савета Міністраў БССР ад 4 лістапада 1953 года № 1283, у якім гаварылася «Адкрыць у 1953 годзе раённы краязнаўчы музей у г. Лепелі Віцебскай вобласці».
Першая экспазіцыя пачала працаваць з 8 снежня 1954 года ў будынку былой канторы Бярэзінскай воднай сістэмы, размешчанай на беразе Лепельскага возера. Але яшчэ 9 жніўня 1954 года была арганізавана перасоўная выстава, прымеркаваная да ўборачнай кампаніі. Прысвечана яна была развіццю сельскай гаспадарцы.
Першым дырэктарам стала С. Т. Камека. У 1955 годзе дырэктарам музея быў I. С. Цырлін, а ў пачатку 1956 года яго змяніў Н. Ф. Бурэнін. 3 ліпеня 1957 года на гэту пасаду прызначана ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Н. Ф. Шыпуля, якая працавала ў музеі 10 гадоў.
У 1956 годзе музей складаўся з адной залы «Сацыялістычнае будаўніцтва». У экспазіцыі знаходзілася 280 прадметаў. Ствараўся аддзел «Прырода».
У сярэдзіне 1950-х гадоў будынак музея перанеслі на скрыжаванне вуліц Калініна (Мопраўская) і М. Горкага. Некаторы час музей размяшчаўся ў адным пакоі з раённай бібліятэкай па вуліцы К. Маркса.
У жніўні 1967 года дырэктарам стала 3. І. Жарнасек. На той час у музеі налічвалася 3272 прадметы асноўнага фонду. Тады былі перааформлены экспазіцыі ўсіх залаў і праведзены рамонт будынка. Музей падзялілі на аддзелы прыроды, гісторыі савецкага перыяду, пасляваеннага будаўніцтва і пакой гістарычнага мінулага краю. У зале прыроды ўстанавілі дыярамы, радыёпрыёмнік і прайгравальнік з пласцінкамі. Зрабілі макет партызанскай зямлянкі, які і цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі музея.
У 1970–1971 гг. распрацоўваецца тэматыка-экспазіцыйны план і пераафармляецца аддзел пасляваеннага будаўніцтва.
У 1972–1974 гг. узводзіцца прыбудова пад кнігасховішча (зараз выкарыстоўваецца для экспазіцый).
У 1974 годзе ў асноўным фондзе налічвалася 4200 прадметаў.
У 1975 годзе дырэктарам музея стала Я. Б. Сімакова. У гэты час у музеі былі наступныя залы: прыроды, дарэвалюцыйнага мінулага, гісторыі савецкага перыяду, пасляваеннага будаўніцтва і зала Вялікай Айчыннай вайны.
Вясной 1978 года музей быў зачынены на рэканструкцыю экспазіцыі і рамонт будынка. Дырэктарам музея ў гэты час была Ляшок А. І. Падчас рамонту будынка музея былі выкінуты печы, бо было вырашана правесці паравое ацяпленне.
Сучасная экспазіцыя была адкрыта ў лістападзе 1983 года. Мастаком-афарміцелем працаваў Уладзімір Кандрацьеў. Работы праводзіліся пад кіраўніцтвам дырэктара Анатоля Ханяка (1980–1982), завершаны пры Вользе Лакінай, якая працавала ў музеі з 1982 па 2001 гг.
У 2000 годзе абнавілася экспазіцыя залы гістарычнага мінулага. Праз год папаўняецца новымі экспанатамі зала гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
З 2001 года дырэктарам працуе А. У. Стэльмах.
У 2002–2003 гг. пераафармляецца зала гісторыі краю 20–30-х гадоў.
На пачатак 2003 года ў музеі налічваецца 15805 прадметаў асноўнага і 7195 – навукова-дапаможнага фондаў.
Цяпер у музеі шэсць залаў: прыроды, гістарычнага мінулага, гісторыі краю (1920–1930), Вялікай Айчыннай вайны, Перамогі, развіцця культуры і выставачная зала.
Актыўна вядзецца праца па зборы музейных прадметаў. Рэгулярна навуковыя супрацоўнікі музея адпраўляюцца ў гісторыка-этнаграфічныя экспедыцыі па раёне.
У 1995–1996 гг. праведзена комплексная гісторыка-краязнаўчая экспедыцыя па Бярэзінскай воднай сістэме. У ходзе экспедыцыі быў вывучаны сучасны стан гідратэхнічных збудаванняў. У 2009 годзе выдадзена брашура «Бярэзінская водная сістэма».
Праведзена восем навукова-практычных канферэнцый «Лепельскія чытанні». Выдадзена сем зборнікаў дакладаў удзельнікаў канферэнцыі.
Важнае месца ў дзейнасці музея займае навукова-даследчая дзейнасць. На працягу паўстагоддзя супрацоўнікі музея друкуюць артыкулы на краязнаўчыя тэмы ў раённай газеце «Лепельскі край».
У 1999 годзе падрыхтавана і выдадзена кніга «Памяць. Лепельскі раён».
У 2003 годзе ўбачыў свет буклет «Лепельскі раённы краязнаўчы музей».
У 2008 годзе выйшаў у свет набор паштовак «Лепель на старых паштоўках», створаны на аснове работ пачатку XX стагоддзя лепельскага фатографа Федэльмана з фондаў музея.
Вынікам удзелу супрацоўнікаў у краязнаўчых экспедыцыях стала выданне брашуры «Паданні Лепельшчыны» (2008).
У 2015 годзе Лепельскім раённым краязнаўчым музеем выдадзены гістарычны нарыс «Лепельскае мінамётнае вучылішча». Кніга прысвечана гісторыі стварэння Лепельскага мінамётнага вучылішча і яго дзейнасці па падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў у 1940–1946 гг.
У музеі рэгулярна праходзяць розныя мерапрыемствы: сустрэчы са знакамітымі людзьмі, ветэранамі, выставы. Пачынаючы з 1993 года, музей раз у два гады праводзіць выстаўку работ мастакоў «Фарбы Лепельшчыны».
У год праводзіцца 10–14 розных выстаў. У музеі сабрана значная калекцыя жывапісу і графікі. Тут захоўваюцца працы вядомых самадзейных мастакоў: Васіля Жарнасека, Анатоля Бухаркіна, прафесійных мастакоў Анатоля Ільінова, Алега Скавародкі, Рыгора Шаўры, Аляксандра Саўчанкі, Івана Будзіча і іншых. Штогод гэтая калекцыя папаўняецца працамі мясцовых мастакоў.
У кастрычніку 2016 года ўстанова культуры прыняла ўдзел у ІІІ Міжнародным музейным форуме «Музеі Беларусі» ў Магілёве, дзе стала пераможцай у намінацыі «Лепшы сувенірны і друкаваны прадукт рэгіянальнага музея» за прадстаўленую серыю сувеніраў «Народная лялька-матанка».
Музейная дзейнасць грунтуецца на захаванні гістарычных помнікаў. Так, у канцы 1990-х гадоў у музей быў дастаўлены адзін з двух калісьці вядомых камянёў з надпісам на латыні з в. Пышна.
На 1 студзеня 2018 года ў Лепельскім краязнаўчым музеі налічваецца 20956 прадметаў асноўнага і 10550 прадметаў навукова-дапаможнага фондаў.
Самымі шматлікімі з'яўляюцца калекцыі фатаграфій XIX–XX стст., якія з'яўляюцца значнай гістарычнай крыніцай па гісторыі краю. Выклікаюць цікавасць прадстаўленыя ў экспазіцыі паштоўкі з відамі Лепеля, зробленыя ў XX ст. лепельскімі фатографамі Барысам і Рафаілам Фідэльманамі, а таксама нашым земляком, гісторыкам і калекцыянерам Міхаілам Кусцінскім, выкладчыкам Лепельскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума Мікалаем Другаковым.
Матэрыялы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, займаюць значнае месца ў экспазіцыі музея. Тут прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, зброя, газеты, кнігі, якія распавядаюць пра барацьбу лепельчан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У зале прыроды экспануюцца чучалы жывёл і птушак, якія жывуць на Лепельшчыне, распавядаецца пра Бярэзінскі біясферны запаведнік.
У Лепельскім раённым краязнаўчым музеі захоўваюцца матэрыялы археалагічных раскопак А. Мітрафанава, Л. Дучыц, У. Ксяндзова, А. Вайцяховіча, М. Клімава, М. Чарняўскага і іншых. Яны прадстаўлены прыкладамі працы (каменныя сякеры, сярпы, нажы), жаночымі ўпрыгожваннямі са шкла і косткі, гліняныя гаршкі і інш.
Таксама ёсць калекцыя манет. Яны паступілі ў музей ад жыхароў Лепельскага раёна і датуюцца XVI –XX стст.
Асаблівую групу складаюць памятныя медалі. Гістарычную і мастацкую каштоўнасць прадстаўляюць калекцыі пячатак, значкоў і жэтонаў.
Значнае месца ў экспазіцыі музея займае побыт лепяльчан у ХІХ–ХХ стст. Тут прадстаўлены прылады працы, драўляны посуд, жорны, ткацкі станок, сурвэткі, абрус, куфар, прасы і самавары, вырабы з фарфору.
Прадстаўлены ў музеі і прадметы культавага прызначэння: адзенне праваслаўнага і каталіцкага святароў, тора габрэйская, іконы, кнігі. Калекцыя музычных інструментаў прадстаўлена цымбаламі, дудой, скрыпкай, паляўнічым рогам, а таксама баянам, патэфонам.
У 2006 годзе рашэннем Лепельскага райвыканкама музею перададзены будынак былога вінаачышчальнага склада 1897 года па вуліцы Савецкай, у якім пасля завяршэння рэстаўрацыі размесціцца Лепельскі раённы краязнаўчы музей.
Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель, вуліца Калініна, дом 66.
ЛІТАРАТУРА
1. Азёрны, М. Музейны каларыт / М. Азёрны // Лепельскі край. – 2017. – 17 сак. – С. 3.
2. Барадзейка, Л. Адпачынак у музеі / Л. Барадзейка // Лепельскі край. – 1992. – 21 студз. – С. 2.
3. Верасавая, Н. Музейныя фонды самыя разнастайныя / Н. Верасавая // Лепельскі край. – 1999. – 4 чэрв. – С. 2.
4. Ланікіна, В. Лепельскі краязнаўчы музей / В. Ланікіна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / редкал.: Г. П. Пашкоў [и др.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 351.
5. Ланікіна, В. Новыя паступленні краязнаўчага музея / В. Ланікіна // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1987. – 22 снеж. – С. 2.
6. Ланікіна, О. Адкрыта новая экспазіцыя / О. Ланікіна // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1984. – 22 сак. – С. 2.
7. Лепельскі краязнаўчы музей // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. / редкал.: П. У. Броўка [и др.]. – Мінск, 1972. – Т. VI : Кішынёў–Манцэвічы. – С. 333.
8. Лепельский районный краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя Петруся Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 51–52.
9. Лепельский районный краеведческий музей // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 448–449.
10. Міхно, У. З чорнага ходу / У. Міхно // Чырвоная змена. – 1991. – 23–29 верас. – С. 5.
11. Онышко, И. Музейные фонды / И. Онышко // Лепельскі край. – 2004. – 19 сак. – С. 2.
12. Стельмах, А. Лепельский краеведческий / А. Стельмах // Народнае слова. – 2008. – 19 жн. – С. 5.
13. Стэльмах, А. Папаўняюцца музейныя фонды / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2001. – 27 лістап. – С. 3.
14. Стэльмах, А. Станаўленне краязнаўчага музея / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2000. – 1 жн. – С. 2.
15. Стэльмах, А. Этапы станаўлення / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2003. – 4 лістап. – С. 3.
16. Стэльмах, А. Юбілей нашай гісторыі / А. Стэльмах, Л. Вяракша // Лепельскі край. – 1993. – 28 снеж. – С. 3.
17. Стэльмах, А. У. Захавальнікі скарбаў мінулага / А. У. Стэльмах ; гутарыла Н. Храпавіцкая // Лепельскі край. – 2018. – 2 лістап. – С. 12.
18. Стэльмах, А. У. Лепельскі краязнаўчы музей / А. У. Стэльмах // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 595–596.
19. Стэльмах, А. У. Лепельскі раённы краязнаўчы музей / А. У. Стэльмах // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэдсав.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя Петруся Броўкі, 2008. – С. 344–347.
20. Телятко, Е. Все возрасты покорны... / Е. Телятко // Віцебскі рабочы. – 2006. – 6 чэрв. – С. 2.
21. Уладзімірава, А. Калекцыя пячатак / А. Уладзімірава // Лепельскі край. – 2003. – 4 лістап. – С. 3.
22. Ханяк, А. Музей – клопат народны / А. Ханяк // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1981. – 22 кастр. – С. 3.
23. Шаўчэнка, У. Повязь часоў мінулых і сучаснасці / У. Шаўчэнка // Лепельскі край. – 2018. – 14 жн. – С. 2.
24. Шушкевіч, У. Амаль па Чарнышэўскаму, або Ці знікне бясследна старажытны шлях / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 1997. – 25 сак. – С. 5.
25. Шыпуля, Н. У нашым краязнаўчым / Н. Шыпуля // Калгасная праўда (Лепель). – 1961. – 25 сак. – С. 2.
26. Януш, І. Залаты юбілей музея / І. Януш // Народнае слова. – 2003. – 21 кастр. – С. 5.
27. Януш, І. Лепельскі куфэрак / І. Януш // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 6 студз. – С. 13.
28. Януш, І. Установа гістарычнай памяці / І. Януш // Лепельскі край. – 2001. – 18 мая. – С. 2.
29. Януш, І. Цэнтр адкрыццяў, пазнання, асветы / І. Януш // Культура. – 2001. – 19–25 мая. – С. 20.
30. Януш, І. Юбілей музея / І. Януш // Народнае слова. – 1994. – 22 снеж. – С. 2.