Музей гісторыі станаўлення і развіцця чыгуначнага ўчастка Орша – Лепель. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 02.05.2019 12:23
- Адноўлена 02.05.2019 13:56
Сучасная назва | Музей гісторыі станаўлення і развіцця чыгуначнага ўчастка Орша – Лепель |
Дата заснавання | 1989 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель |
У Лепелі ёсць Музей гісторыі станаўлення і развіцця чыгуначнага ўчастка Орша – Лепель, які быў адкрыты ў 1989 годзе.
Месціцца музей у прасторным пакоі двухпавярховага дома адпачынку лакаматыўных брыгад побач з чыгуначным вакзалам.
Яго экспазіцыя аднаўляе адну са славутых старонак гісторыі Беларускай магістралі, калі ў 1924 годзе было прынята рашэнне аб неадкладным будаўніцтве чыгуначнай лініі Орша – Лепель. Будаўніцтва лініі было выклікана неабходнасцю эканамічнага развіцця глыбінных раёнаў Беларусі і ўмацавання заходніх граніц.
Асноўнымі экспанатамі з'яўляюцца старыя фотаздымкі будаўніцтва чыгункі і яе работнікаў-ветэранаў.
Спецыяльны раздзел музея прысвечаны суровым гадам Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, «рэйкавай» вайне, якую яны вялі. Бо ў час акупацыі гітлераўцам так і не ўдалося наладзіць на гэтым участку чыгуначны рух.
Рэдкім экспанатам стаў звон, якім работнікі станцыі падавалі сігнал да адпраўлення саставаў, а таксама драцяны жэзл, які на хаду падчаплялі на руку машыністы, што сведчыла аб свабодных пуцях. Увайшоў у гісторыю апарат Морзе. Другі апарат «Зубры» блакіраваў усе стрэлкі ад Лепеля да Заслонава ў той час, калі яны пераводзіліся ўручную.
3 1986 года захоўваецца чырвоны сцяг райкама КПБ і выканкама райсавета. Выстаўлены ганаровыя граматы. Фотастэнды распавядаюць аб чыгуначніках-ветэранах.
У двухпавярховым будынку знаходзіцца гасцініца на 15 ложкаў, дзе адпачываюць лакаматыўныя брыгады.
У рабочым кабінеце знаходзіцца электроннае абсталяванне, на якім паказана, як аўтаматыкай пераводзяцца стрэлкі, працуе радыёсувязь на пуцях.
Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель, вуліца Чуйкова, дом 38.
ЛІТАРАТУРА
1. Абашава, Т. Ёсць такі музей / Т. Абашава // Лепельскi край. – 2003. – 9 снеж. – С. 4.
2. Музей на чыгуначнай станцыі // Чырвоная змена. – 1989. – 1 мая. – С. 5.
3. Самахвалава, В. Музей нашай чыгункі / В. Самахвалава // Ленінскі сцяг. – 1989. – 22 крас. – С. 2.
4. Самахвалава, В. Музей чыгункі / В. Самахвалава // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 597.
5. Шпаковская, Г. Раритеты лепельских железнодорожников / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2010. – 10 крас. – С. 9.