Музей гісторыка-краязнаўчы.Талачынскі раён, г. Талачын
- Подробности
- Створана 04.02.2020 12:23
- Адноўлена 05.03.2020 11:59
Сучасная назва | Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 1985 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Талачынскі раён, г. Талачын |
Сайт | http://tolochin.museum.by |
Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей заснаваны паводле рашэння Талачынскіх райвыканкама і райкама КПБ ад 29 жніўня 1985 года.
Адразу пачаліся работы па зборы экспанатаў. Падарункі, атрыманыя пераважна ад школ раёна, мясцовай інтэлігенцыі, прадстаўнікоў улады, простых гараджан, вяскоўцаў, былі адной з асноўных крыніц папаўнення фонду музея: фотаздымкі, кнігі, дакументы, карціны, манеты, рэчы сялянскага быту. Для збору этнаграфічных матэрыялаў праводзіліся экспедыцыі. Археалагічная калекцыя збіралася ў выніку археалагічных даследаванняў, якія праводзіла Вольга Мікалаеўна Ляўко.
Адначасова са зборам экспанатаў рэканструяваўся касцёл святога Антонія Падуанскага, помнік архітэктуры XIX ст., у якім павінен быў размясціцца музей. Але ў 1993 годзе касцёл перадалі вернікам, і музей доўгі час заставаўся без будынка.
Толькі ў 1996 годзе пад музей аддадзены аднапавярховы цагляны будынак гарсавета, які да нашага часу захаваў асаблівасці архітэктуры пачатку ХХ ст. Па словах мясцовых жыхароў, гэта быў жылы дом уладальніка Серкавіцкага шклозавода І. М. Мерліса. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў ім знаходзіўся райкам партыі, падчас Вялікай Айчыннай вайны там жылі нямецкія афіцэры, у пасляваенны перыяд – райвыканкам, гарсавет.
У 2000 годзе будынак набыў статус помніка грамадзянскай архітэктуры і ўзяты пад ахову дзяржавы, пачалася яго рэканструкцыя.
Музей адкрыты для наведвальнікаў 31 жніўня 2001 года.
Кіраўнікі музея: Д. Д. Маскалёў, Л. Л. Казлоў, Г. А. Кірычонак.
З 1996 года дырэктар музея – Пікулік Ірына Мікалаеўна.
На 2018 год асноўны фонд налічвае больш за 10400 экспанатаў, навукова-дапаможны – больш за 11000 экспанатаў.
Агульная плошча экспазіцыі – 152 м2, выставачнай – 28 м2.
Залы гісторыка-краязнаўчага музея:
– выставачная зала. У ёй пастаянна праводзяцца розныя выставы з фондаў музея, іншых музеяў Рэспублікі Беларусь, мясцовых мастакоў і скульптараў, калекцыянераў, прэзентацыі, музычна-педагагічныя заняткі, канферэнцыі, «круглыя сталы»;
– гістарычная зала. Ахоплівае перыяд гісторыі VI–XX стст. Экспазіцыя пабудавана з улікам географа-палітычнага становішча Талачынскага раёна. Тут жа прадстаўлены сектар, прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны: матэрыялы пра абарону Талачыншчыны ў ліпені 1941 г., акупацыйны рэжым, дзейнасць падполля і партызанскага руху, вызваленне Талачыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зберагаюцца старадрукі «Жыціе святых» (1694) і «Трэбнік» (1898), экспануюцца: французскі пісталет (1812), ядры ХVIІІ ст., мундзірныя гузікі ХІХ ст., абразы ХVIІІ–ХІХ стст., самавары, медны посуд, манеты Рэчы Паспалітай і Рускай дзяржавы, бязмены, акты на зямлю (1911), членскія кніжкі сельскагаспадарчага таварыства, статуты сельскагаспадарчых арцеляў, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў;
– зала прыроды. У ёй зроблены дыярамы і сабраны багаты матэрыял пра асноўныя біяцэнозы раёна з апісаннем іх экасістэм, узоры карысных выкапняў;
– зала старажытнай гісторыі. Тут прадстаўлены археалагічныя знаходкі з курганнага могільніка каля в. Дроздава, гарадзішчаў Кісялі-Дымакуры, Багрынава, старажытнага Друцка. Экспазіцыя мае раздзелы: «Тэрыторыя Талачынскага раёна ў далетапісную эпоху», «Усходне-славянскія плямёны на тэрыторыі раёна», «Друцкае княства ў складзе Полацкай зямлі і Вялікага княства Літоўскага». Дэманструюцца крамянёвыя прылады працы, наканечнікі коп'яў і стрэл, нажы, крэсівы, сярпы, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, гіркі, замкі, ключы, жорны, ажурныя квадратныя бляшкі-нашыўкі на вопратку, рэчы з кастарэзнай майстэрні, кафля ХІ і ХVIІ стст., ювелірныя ўпрыгожанні: падвескі-спіралі, бранзалеты, бранзалетападобныя скроневыя кольцы, каралі з хрусталю, сердаліку, шкляных і пазалочаных пацерак. У экспазіцыі прадстаўлены бюсты-рэканструкцыі крывічаніна і крывічанкі, макет старажытнага Друцка ХІІ ст., над якім размешчаны копіі старонак Радзівілаўскага летапісу і Друцкага евангелля;
– этнаграфічная зала. Знаёміць з рамёствамі і элементамі местачковага побыту канца ХІХ – пачатку XX стст.
У фае экспануецца выстава «Талачыншчына і талачынцы». Прадстаўлены дакументы, асабістыя рэчы і іншыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых зямлякоў.
У музеі рэалізуецца ініцыятыва «Інтэрактыўная музейная прастора "Чалавек у прыродзе"».
Музей праводзіць экспазіцыйна-выставачную, навукова-асветную і метадычную дзейнасць.
Адрас: Віцебская вобласць, Талачынскі раён, г. Талачын, вуліца Піянерская, 4.
Е-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Бирюков, В. Хотите пройти дорогами прошлого – загляните в районный музей / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2019. – 4 мая. – С. 5.
2. Историко-краеведческий музей // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер ; фото: С. А. Абрамович [и др.]. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 35–37.
3. Мальчевская, Е. Новый музей на Витебщине / Е. Мальчевская // Белорусская нива. – 2001. – 19 сент. – С. 2.
4. Пикулик, И. Н. Живая связь времен / И. Н. Пикулик ; беседовал В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2018. – 21 крас. – С. 7.
5. Пикулик, И. Н. Толочинский историко-краеведческий музей / И. Н. Пикулик // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 515.
6. Пикулик, И. Н. Толочинский историко-краеведческий музей / И. Н. Пикулик // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 238.
7. Пікулік, І. М. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей / І. М. Пікулік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 15 : Следавікі–Трыо. – С. 339.
8. Пікулік, І. М. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей / І. М. Пікулік // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. сав.: Г. П. Пашкоў [і інш] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 522–526.
9. Пікулік, І. Н. Гісторыя стварэння Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея / І. Н. Пікулік // Древнему Друцку 1000 лет : материалы к научно-практической конференции / сост. И. А. Шишкова. – Витебск, 2001. – С. 69–75.
10. Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 396.
11. Шпакоўская, Г. 28-ы музей на Віцебшчыне / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2001. – 15 верас. – С. 7.
СПАСЫЛКІ
«Музеи Беларуси».Толочинский историко-краеведческий музей
«Фотоэнциклопедия Беларуси». Толочинский историко-краеведческий музей