Музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Ушацкі раён, г. п. Ушачы
- Подробности
- Створана 12.05.2020 12:23
- Адноўлена 12.05.2020 13:58
Сучасная назва | УК «Ушацкі музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка» |
Дата заснавання | 1969 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы |
Сайт | http://ushachi.museum.by/ |
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў раёне стваралася разгалінаваная сетка падпольных груп, якія вясной 1942 года пераўтварыліся ў партызанскія атрады. Партызанам Ушаччыны ўдалося вызваліць не толькі свой край, але і часткова суседнія раёны. У выніку на Віцебшчыне з'явілася цалкам вызваленая ад ворага тэрыторыя агульнай плошчай каля 3,2 тыс. км2, на якой ў 1220 населеных пунктах пражывала больш за 80 тыс. чалавек. На Ушаччыне свята захоўваюць памяць пра тыя гераічныя падзеі.
У 1967 годзе былыя камандзіры і партызаны Ушацкай партызанскай зоны прапанавалі стварыць музей гісторыі партызанскага руху ў краі. Ідэя была падтрымана, і праз два гады прынята пастанова аб заснаванні музея Народнай славы ва Ушачах. 7 лістапада 1970 года музей быў адкрыты для наведвальнікаў. Першым дырэктарам стаў В. Кірпіч.
У 1977 годзе пачалося ўзвядзенне новага будынка музея (архітэктар – В. Ягадніцкі). Новы будынак адчыніў дзверы для наведвальнікаў 9 мая 1985 года. На галоўным фасадзе будынка была размешчана манументальная кампазіцыя «Прарыў» мастака Ю. Любімава. Мастак У. Крываблоцкі зрабіў у вестыбюлі манументальны роспіс на тэмы: «Хлеб партызанскі», «Вызваленне», «У імя жыцця на зямлі», «Фашызму не прайсці» і «Крах фашызму». У 1986 годзе за гэту працу ён атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.
Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 3 сакавіка 1999 года музею прысвоена імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Уладзімір Елісеевіч Лабанок так і не ўбачыў сучасную экспазіцыю, не дажыў адзін год, хаця цікавіўся і курыраваў будоўлю. А яго сям'я штогод наведваецца ва Ушачы ў дзень нараджэння бацькі – 3 ліпеня.
Ушацкі музей Народнай славы – гэта шматлікія фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, зброя, партызанскія газеты і лістоўкі, карціны мастакоў-партызан; раздзел, прысвечаны знакамітым землякам, воінам-інтэрнацыяналістам; выставачная зала са зменнымі экспазіцыямі.
У музеі захоўваецца больш за 14 тысяч дакументаў і экспанатаў асноўнага фонду і 10 тысяч дакументаў навукова-дапаможнага фонду. Музей мае 4 экспазіцыйныя залы, якія асвятляюць гісторыю партызанскага руху на Ушаччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльную партызанскую карцінную галерэю і выставачную залу.
У экспазіцыі музея сабраны таксама матэрыялы пра рэвалюцыйныя падзеі 1917 года, грамадзянскую вайну, калектывізацыю, рэпрэсіі 30-х гадоў. Захоўваецца іменная зброя двойчы Героя Савецкага Саюза І. Х. Баграмяна, дакументы, асабістыя рэчы партызан, матэрыялы пра абарону партызанскай зоны падчас карных экспедыцый фашыстаў «Котбус», «Залева», «Свята вясны», пра трагедыю партызан і мірнага насельніцтва зоны падчас карнай экспедыцыі гітлераўцаў у 1944 годзе.
У адноўленай партызанскай карціннай галерэі экспануюцца карціны, малюнкі, гравюры, акварэлі і сатырычныя антыфашысцкія плакаты, асабістыя рэчы партызан-мастакоў Н. Т. Гуціева, Н. І. Абрыньбы партызанскай брыгады «Дубава», што дзейнічала зімой 1942–1943 гг.
Музей мае два філіялы: мемарыяльны комплекс «Прарыў» і сядзіба-музей народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава, які з'явіўся ў 2004 годзе.
Адрас: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, г. п. Ушачы, вуліца Ленінская, 29.
ЛІТАРАТУРА
1. Аб прысваенні імя У. Е. Лабанка Ушацкаму музею Народнай славы // Рэспубліка. – 1999. – 10 сак. – С. 2.
2. Багдановіч, Н. Ад Прыдзвінскіх балот да Балтыйскага мора / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 27 сак. – С. 1, 3.
3. Багдановіч, Н. За музейнымі кулісамі / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 15 верас. – С. 2
4. Багдановіч, Н. Зброя, што прарывала блакады / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 16 сак. – С. 4.
5. Голесник, С. Били немцев чем могли / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2010. – 30 апр. – С. 7.
6. Кірпіч, М. За дзвярыма музея / М. Кірпіч ; падрыхт. А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 2001. – 28 лют. – С. 2.
7. Кірпіч, М. Крокі станаўлення / М. Кірпіч // Патрыёт (Ушачы). – 2000. – 1 лiстап. – С. 3.
8. Кірпіч, М. Тут захоўваецца наша гісторыя / М. Кірпіч // Патрыёт (Ушачы). – 2002. – 18 мая. – С. 1.
9. Кірпіч, М. Ушацкі музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 567–568.
10. Кірпіч, М. Ушацкі музейН славы імя У. Е. Лабанка / М. Кірпіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. – № 4. – С. 2.
11. Маркова, Е. Хранители истории Ушаччины / Е. Маркова // Народнае слова. – 2010. – 9 лістап. – С. 5.
12. Раманоўскі, Д. Маладыя захавальнікі мінулага / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 6 лістап. – С. 2.
13. Сабадаш, С. Великий прорыв / С. Сабадаш // Белорусская лесная газета. – 2002. – 11 мая. – С. 5.
14. Старжынскі, А. Выхаванне памяццю / А. Старжынскі // Культура. – 2007. – 10–16 лістап. – С. 10–11.
15. Тут жыве памяць подзвігаў // Патрыёт (Ушачы). – 2005. – 5 лістап. – С. 2.
СПАСЫЛКІ
УК «Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка»