Сядзіба-музей В. Быкава, філіял ДУК «Ушацкі музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка». Ушацкі раён, в. Бычкі
- Подробности
- Створана 12.05.2020 12:23
- Адноўлена 12.05.2020 14:05
Сучасная назва | Сядзіба-музей В. Быкава |
Дата заснавання | 2004 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Бычкі |
Народным сумленнем, нацыянальным гонарам называюць Васіля Уладзіміравіча Быкава, якога дала свету непрыкметная в. Бычкі, што на Ушаччыне. Тут кожны крок нагадвае пра дзяцінства і юнацкія гады пісьменніка, пра яго наезды сюды ў пасляваенны час.
Таго дома, дзе нарадзіўся пісьменнік, даўно няма. Яшчэ ў 30-я гады бацька пабудаваў новую хату, але і тая з цягам часу спарахнела. У 2004 годзе на месцы той хаты адбудавана сядзіба-музей і была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў 18 чэрвеня.
Сядзіба-музей В. У. Быкава з'яўляецца філіялам УК «Ушацкі музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка».
Музей размешчаны ў адноўленай сядзібе сям'і Быкавых. На тэрыторыі сядзібы – хата, у якой прайшло дзяцінства В. Быкава, хлеў, гумно. Вакол хаты – дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка. На ўрачыстым адкрыцці музея старшыня Ушацкага райвыканкама К. Пачэпка зазначыў, што стараліся будаваць так, як было калісьці зроблена бацькам пісьменніка. Захавалі і ўнутранае ўбранства даваеннай сялянскай хаты. Няшмат захавалася, але старыя рэчы для быкаўскай хаты збірала ўся вёска.
Агульная плошча дома складае 45,1 м2 (жылы пакой, кухня і сені). Асноўнай з'яўляецца этнаграфічна-бытавая экспазіцыя музея, дзе размешчаны прадметы хатняга ўжытку, якімі карысталася сям'я Быкавых. Захоўваюцца таксама дакументы, фотадакументы, аўтабіяграфічныя матэрыялы, кнігі з аўтографамі знакамітых асоб, кнігі і часопісы з творамі В. У. Быкава, копіі малюнкаў, рэчы, якія належалі сям'і і асабістыя рэчы народнага пісьменніка. Экспазіцыя музея штогод папаўняецца новымі экспанатамі.
Адрас: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Бычкі, д. 20.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксандрава, Г. Гэта дом нашай памяці / Г. Аляксандрава // Патрыёт (Ушачы). – 2004. – 23 чэрв. – С. 2.
2. Дубровін, А. Не на дзень, а на век / А. Дубровін // Віцебскі рабочы. – 2004. – 22 чэрв. – С. 1.
3. Каліноўскі, І. І. Вёска Бычкі – малая радзіма пісьменніка Васіля Быкава // Прыдзвінне: літаратурна-краязнаўчыя вандроўкі / І. І. Каліноўскі. – Мінск : Беларусь, 2019. – С. 71–91. – (Падарожжа па родным краі).
4. Караленка, В. На радзіме пісьменніка-франтавіка / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2016. – 22 чэрв. – С. 4.
5. Крупіца, Н. Дарога да Васіля Быкава / Н. Крупіца // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 22 июня. – С. 3.
6. Пукшанскі, А. Да Быкава ў Бычкі / А. Пукшанскі // Звязда. – 2014. – 19 чэрв. – С. 4.
7. Сёмкина, С. В Бычках возродили родовую усадьбу / С. Сёмкина // Белорусская нива. – 2004. – 19 июня. – С. 5.
8. Степанская, Т. К юбилею народного писателя / Т. Степанская // Народнае слова. – 2013. – 16 лют. – С. 4.
9. Цялятка, А. Ад удзячных землякоў / А. Цялятка // Народная газета. – 2004. – 22 чэрв. – С. 3.
10. Цялятка, А. У Бычкі, да Быкава... / А. Цялятка // Витебские вести. – 2014. – 19 июня. – С. 9.