Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Музей краязнаўчы. Гарадоцкі раён, г. Гарадок

 

Сучасная назва Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей
Тып установа культуры
Дата заснавання 20.02.1974
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён, г. Гарадок
Сайт http://haradok.museum.by/  


Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей з'яўляецца важным культурным цэнтрам, захавальнікам і прапагандыстам гістарычнай спадчыны краю. Ён быў створаны 20 лютага 1974 года ў г. Гарадок згодна з Пастановай бюро Гарадоцкага райкама КПБ і выканкама раённага Савета дэпутатаў. Размяшчаўся ў будынку былой дзіцячай бібліятэкі. 24 снежня 1976 года музей быў адкрыты для наведвальнікаў. У 1996 годзе атрымаў новы будынак. У 2004 годзе згодна з рашэннем Гарадоцкага райвыканкама створана ўстанова культуры «Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей». Кіраўнікамі музея ў розныя гады былі: Г. С. Арлоўская, Л. Ф. Бандарэнка, З. М. Пляскач, К. Я. Уверская, з 1998 года дырэктар музея – Т. М. Іванова.

Экспазіцыйная плошча музея – 190 м², выставачная – 255 м².

У музеі дзейнічаюць тры экспазіцыйныя і тры выставачныя залы.

Экспазіцыі аддзела прыроды размешчаны ў інфармацыйнай і дыярамнай залах. Першая з іх уключае палеанталагічныя экспанаты, фатаграфіі, карты-схемы прыроднага асяроддзя, Чырвоную кнігу Гарадоцкага раёна, дыярамы «Дубрава. Дуб-волат», «Апакаліпсіс», «Арлан-белахвост». У другой зале аформлены дыярамы «Лес», «Верхавое балота», «Луг. Вадаём», «Птушкі на возеры», «Вадзяны арэх», калекцыя ста відаў насякомых.

Пастаянная экспазіцыя «Зала этнаграфіі і народных рамёстваў Гарадоччыны» складаецца з чатырох раздзелаў: «Жыллё селяніна ў канцы XIX – пачатку XX стст.» (фрагмент сялянскай хаты, каморы), «Традыцыйныя жаночыя і мужчынскія рамёствы», «Вераванні нашых продкаў» (мастацкія палотны храмаў Гарадоччыны, прадметы культу, абрадавыя прадметы), «Побыт жыхароў Гарадка і павета» (дыярама «Кірмаш у мястэчку», фрагмент крамы). Дзейнічае зменная выстава «Нашы знакамітыя землякі», дзе знаходзяцца асабістыя рэчы, узнагароды, мастацкія работы і іншыя матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё і дзейнасць заслужаных людзей Гарадоччыны. Выстава «Дарогамі Перамогі» прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, героям-землякам, расказвае пра іх удзел у ваенных аперацыях. Тут прадстаўлена інфармацыя пра перыяд акупацыі і вызвалення раёна.

За час існавання музея сабрана шмат цікавых экспанатаў. Многія жыхары раёна перадалі ў музей дакументы, рэчы, фотаздымкі розных гадоў XX ст. Сярод іх: заслужаны настаўнік Барыс Залманавіч Гордзін, бухгалтар Надзея Сцяпанаўна Багданава, бібліятэкар Фаіна Саламонаўна Каратаева, работніца чыгункі Яўгенія Фёдараўна Дзям'яненка, партыйны работнік Лідзія Міхайлаўна Жукоўская, настаўніца музычнай школы Нора Віктараўна Жукоўская. Каштоўным падарункам настаўнікаў Асі Пятроўны і Віктара Іванавіча Асіпенкаў з'яўляюцца матэрыялы, сярод якіх фотаздымкі краявідаў і людзей Гарадоччыны, народныя песні, частушкі, успаміны, гістарычныя звесткі, альбомы.

У музеі налічваецца больш за 26 тыс. прадметаў асноўнага фонду. Яны ўваходзяць у калекцыі дакументаў і фотаздымкаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зброі і ўзнагарод, быту і этнаграфіі, жывапісу і графікі, ікон, самавараў, філатэліі, нумізматыкі і баністыкі і інш. Сабраны звесткі пра рэпрэсаваных жыхароў раёна, фальклорныя і тапанімічныя матэрыялы. Існуе багатая музейная бібліятэка.

З 1997 года перыядычна праводзяцца чытанні, прысвечаныя вядомай паэме «Тарас на Парнасе» і яе аўтару Канстанціну Вераніцыну, які родам з в. Астраўляны Гарадоцкага раёна.

Каля будынка музея адкрыта літаратурна-мастацкая кампазіцыя «Канстанцін Вераніцын і яго паэма "Тарас на Парнасе"».

Музей займаецца выставачнай дзейнасцю, супрацоўнічае з Цэнтрам пазашкольнай работы, Домам рамёстваў і фальклору, з каледжамі і школамі горада і раёна. На базе музея дзейнічае народнае аматарскае аб'яднанне «Зялёная альтанка».

У музеі адбываюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, краязнаўчыя ўрокі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Распрацаваны тэматычныя экскурсіі, лекцыі пра прыроду, гісторыю, людзей Гарадоцкага краю. Найбольш актыўнымі наведвальнікамі музея з'яўляюцца школьнікі, навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа і ліцэя. Бываюць госці з блізкага і далёкага замежжа.

Дырэктар музея – Іванова Тамара Мікалаеўна.

Адрас: Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён, г. Гарадок, вуліца Вароўскага, 3.

 

Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей. Фотаздымак з сайта http://haradok.museum.byЭкспазіцыя «Традыцыйныя жаночыя і мужчынскія рамёствы». Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей. Фотаздымкі с сайта http://www.fotobel.byЭкспазіцыя «Традыцыйныя жаночыя і мужчынскія рамёствы». Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей. Фотаздымкі с сайта http://www.fotobel.byЭкспазіцыя «Дарогамі Перамогі». Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей. Фотаздымак з сайта http://haradok.museum.byЛітаратурна-мастацкая кампазіцыя «Канстанцін Вераніцын і яго паэма “Тарас на Парнасе”» каля будынка Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея. Фотаздымак з сайта http://haradok.museum.by

ЛІТАРАТУРА

1. Башун, Е. Кладезь истории и информации / Е. Башун // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 27 дек. – С. 2.

2. Бынькоў, А. Скарбонка гісторыі пад белай вежай / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2013. – 17 авг. – С. 14.

3. Городокский районный краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 340–341.

4. Іванова Т. М. Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей / Т. М. Іванова // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. сав.: Г. П. Пашкоў [і інш] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 186–189.

5. Кавалёва, Г. Папараць-кветка вялікага майстра / Г. Кавалёва // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 10 ліп. – С. 8.

6. Мукомол, Л. Говорит и показывает музей / Л. Мукомол // Гарадоцкi веснiк. – 2007. – 6 студз. – С. 1.

7. Садоўская, С. І. Музей / С. І. Садоўская // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 732–733.

8. Якаўлева, С. Гавораць музейныя экспанаты / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 4 крас. – С. 4.

9. Якаўлева, С. Гарадоцкая скарбніца / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 24 снеж.– С. 8.