Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Музей гістарычны, ДУА «Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. А. Томкі». Мёрскі раён, г. Мёры

 

Сучасная назва Гістарычны музей ДУА «Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. А. Томкі»
Дата заснавання 1986
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Мёры
Сайт http://sch3-miory.vitebsk.by/muzei/istoricheskij.htm


Гісторыка-краязнаўчы музей у школе адкрыўся ў 1986 годзе. Галоўная роля ў яго стварэнні належыць настаўніку гісторыі Вітольду Антонавічу Ермалёнку, які на працягу існавання школы з'яўляецца кіраўніком гуртка «Арганаўты мінулага». Вучні, удзельнікі гуртка, актыўна займаліся зборам экспанатаў для музея.

Дзякуючы пошукавай і экскурсійнай рабоце, у лютым 1996 года музею было прысвоена ганаровае званне «народны». Школьны музей працягвае сваю дзейнасць. Па ініцыятыве В. А. Ермалёнка ў школе былі адкрыты: музей кнігі і друку, этнаграфічны музей «Сялянская хата», музей адукацыі раёна. Сёння – гэта ўжо музейнае аб'яднанне, якое пастаянна праводзіць шматлікія экскурсіі, аднаўляе экспазіцыі, праводзіць пошукавую работу, удзельнічае ў розных краязнаўчых і гістарычных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах.

Гістарычны музей займае 100 м² і мае больш за 13000 экспанатаў. Музейная экспазіцыя складаецца з 10 асноўных раздзелаў. У гістарычным музеі паслядоўна раскрываецца гісторыя Мёршчыны ад старажытных часоў да сучаснасці. Распрацаваны экскурсіі па 28 тэмах (больш за 60 экскурсій), агульнай працягласцю 20 гадзін, якія праводзяцца на беларускай, рускай, польскай, нямецкай, англійскай мовах.

Археалагічная экспазіцыя музея змяшчае старажытныя прылады працы, знаходкі з курганных могільнікаў. Сярод упрыгажэнняў – вырабы з медзі і бронзы, шкла X–XIII стст. Ёсць наканечнікі стрэл арбалета, дзід XI–XIV стст., баявыя сякеры XII–XIV стст., адзінкавыя ў Беларусі знаходкі: выява сабакі на кераміцы II тыс. да н. э., каменная сякера з арнаментам I тыс. да н. э., ліцейная формачка для завушніц IX ст.

Нумізматычная калекцыя ўтрымлівае больш за 1000 манет з розных краін свету. У музеі захоўваюцца манеты: Вялікага княства Літоўскага пачатку XVI–XVIII стст., Расіі XVII – пачатку XX стст., манетны скарб Рэчы Паспалітай, рэдкія старажытнакітайскія манеты, рымскія манеты імператараў Максіміліяна, Даміцыяна і Камода. Сярод адзінкавых знаходак у свеце: падробкі арабскіх дырхем.

У асобнай экспазіцыі «Баністыка» прадстаўлены папяровыя грошы Вялікабрытаніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, ЗША, Кітая, Інданезіі, Філіпінаў і іншых краін.

Найбольш цікавыя экспанаты экспазіцыі «3 вякоў мінулых» – турэцкая літаўра з бітвы пад Венай 1683 года, панікадзіла XIX ст., пярсцёнак з жабраў шчупака 1884 года, бронзавае люстэрка, якое па паданні належала Эміліі Плятэр, медаль 1857 года ў гонар бітвы на Бярэзіне.

У экспазіцыях, прысвечаных гісторыі Мёршчыны, знаходзяцца: медаль у гонар Лютаўскай рэвалюцыі, лыжка з надпісам удзельніка Першай сусветнай вайны Камарніцкага, гадзіннік – узнагарода В. Шокеля 1915 года, першы рускі процівагаз, маляваны дыван Я. Драздовіча, лісты з фронту сяржанта Чарамных, які загінуў пры вызваленні г. Мёры, пасведчанне ўдзельнікаў руху Супраціўлення ў Еўропе (А. Лагуна, М. Аўласевіча, В. Панізніка), салдат арміі Андэрса, а таксама ўспаміны партызан Ц. Шэлеста, І. Кабранава, іншыя экспанаты.

У экспазіцыі «Слаўся, Мёршчына, працавіты край» можна даведацца пра развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, народнай адукацыі і культуры.

Стваральнік музея В. А. Ермалёнак – ініцыятар выдання штотыднёвіка «Міёрская даўніна», краязнаўчых кніг і турыстычных буклетаў, аўтар мноства публікацый у СМІ.

Адрас: Віцебская вобласць, Мёрскі раён, г. Мёры, вуліца Камсамольская, 13.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Азерскі, А. Поспех «Арганаўтаў» / А. Азерскі // Витебские вести. – 2019. – 9 нояб. – С. 5.

2. Ермалёнак, В. Ад гуртка да музея, ад музея – да малавывучаных старонак гісторыі / В. Ермалёнак // Краязнаўчая газета. – 2006.– № 23 (чэрв.). – С. 4.

3. Ермалёнак, В. Гісторыка-краязнаўчы музей Міёрскай СШ № 3 / В. Ермалёнак // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 386–387.

4. Ермалёнак, В. Экспанатаў стала больш / В. Ермалёнак // Міёрскія навіны. – 2015. – 19 снеж. – С. 4.

5. Музей «Гісторыя Мёршчыны» // Народныя музеі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь / рэд. савет: А. У. Ануфровіч, А. Я. Кравец, К. А. Борбут. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2019. – С. 174.

6. Нашы віншаванні // Краязнаўчая газета. – 2014. – № 26 (ліп.). – С. 2.