Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Лепельскі строй

Лепельскі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення жыхароў Падзвіння.

Бытаваў у XIX – пачатку XX стст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім раёнах.

Аснову жаночага летняга касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух. Былі распаўсюджаны бела-сіняя каляровая гама адзення і спадніцы ў дробную клетку.

Кашуля мела крой тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі, сціплае аздабленне вузкімі паяскамі чырвона-чорнага геаметрычнага арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Святочныя кашулі шылі з адкладнымі каўнярамі, абшлагі рабілі з фабрычнай тканіны.

Спадніцы-саяны з прышыўным ліфам і поясам, а таксама паўсуконныя дрыліхі, андаракі, палатняныя шаракі і рубашкі шылі з 3–4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін блакітна-белага, сіне-фіялетавага, вохрыста-чырвонага каларыту.

У склад жаночага комплексу абавязкова ўваходзілі фартух з 1–3 полак кужэльнага палатна, які аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі, а таксама гарсэт (кітлік, шнуроўка). На Лепельшчыне апошні быў прыналежнасцю толькі дзявочага касцюма і абавязкова – пасагу дзяўчыны. Часцей за ўсё яго выраблялі з фабрычных тканін: сукна, паркалю, танных гатункаў парчы і аксаміту. Для гарсэтаў падбіралі даволі яркія расфарбоўкі: аднатонныя – пунсовыя, зялёныя, чырвоныя, бардовыя, сінія, а таксама рознакаляровыя – з вялікімі яркімі набіўнымі або ціснёнымі кветкамі. Шылі звычайна на падкладцы з даматканага палатна, аздаблялі стужкамі і тасьмой.

Галаўнымі ўборамі служылі намітка, чапец, хустка, вянок, у дзяўчын-мяшчанак таксама карона – убор накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі.

Мужчынскае адзенне складалася з кашулі, палатняных штаноў, камізэлькі з чорнай або цёмна-сіняй фабрычнай тканіны.

Кашулі даўжынёй да каленяў з палатнянай тканіны шылі з разрэзам пасярэдзіне і адкладным каўняром. Ён сцягваўся кароткімі шнуркамі, прышытымі на канцах, але часцей за ўсё меў абмётаныя петлі, зашпільваўся металічнай шпонкай (запінкай) або завязваўся пры дапамозе стужачак ці каляровых акройкаў тканіны. Кашулі часта рабілі з косым разрэзам па вораце і нізкім каўняром або без яго (так званая сарочка). Шыйны выраз сарочкі абшывалі стракатай (сіне-бела-чырвонай) тасьмой, а пад рукавы ўстаўлялі квадратныя кавалкі кумачовай тканіны альбо каляровай даматканкі. Кашулі звычайна падпярэзвалі скураным ці плеценым з каляровых суконных нітак поясам (плісцянкай) з кутасамі на канцах.

Штаны мелі 2 тыпы крою: без пояса, што трымаліся на шнурку (матузе) і з нешырокім поясам, які зашпільваўся на гузікі ці гаплікі з петлямі. У абодвух тыпаў крою з правага боку звычайна меліся праразныя кішэні. Летнія штаны шылі з каляровай даматканай тканіны з чаргаваннем сініх і белых, зрэдку жоўтых і нават чырвоных нітак, а зімовыя – з даматканага сукна.

У канцы XIX – пачатку XX стст. найбольш распаўсюджаным мужчынскім летнім галаўным уборам быў картуз, які паступова выцесніў з ужытку традыцыйны брыль і магерку. Зімой насілі падобныя на папахі футравыя шапкі з падвязанымі вушамі.

Верхнім мужчынскім і жаночым адзеннем служылі армякі, сярмягі, світкі, кажухі.

Жаночыя кажухі шылі з высокім або нізкім стаячым каўняром, з апухай на рукавах, па краі правага крыла і падоле.

 

Лепельскі строй. Жаночы касцюм пач. XX ст. (1) і 1930-х гг.(2). Рэканструкцыя М. М. Віннікавай. Фотаздымак з кнігі «Культура Беларусі»

ЛІТАРАТУРА

1. Винникова, М. Н. Лепельский строй / М. Н. Винникова // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 52–53.

2. Дамаскіна, Ф. Д. Асаблівасці народнага касцюма Паазер'я (па матэрыялах традыцыйнага жаночага адзення XIX – пачатку XX стагоддзя) / Ф. Д. Дамаскіна // «Лепельскія чытанні» : навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля / склад. А. У. Стэльмах. – Віцебск : Лепельскі раённы краязнаўчы музей, 2004. – С. 31–35.

3. Кандыбайла, Л. «І тчэ забыўшыся рука» / Л. Кандыбайла // Лепельскі край. – 2008. – 8 лют. – С. 7.

4. Лепельский строй // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 449.

5. Лепельскі строй / падрыхт. А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 27 крас. – С. 2.

6. Лепельскі строй // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 63–64.

7. Лепельскі строй // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 187.

8. Лепельскі строй // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 605.

9. Лепельскі строй // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1989. – С. 288.

10. Лепельскі строй «Вясельны» // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 190.

11. Лепельскі строй «Кірмашовы» // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 189.

12. Лепельскі строй «Святочны» // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 188.

13. Раманюк, М. Ф. Лепельскі строй / М. Ф. Раманюк // Беларуская энцыклапедыя : у 19 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 208.