Копысь, г. п., Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 23.04.2024 15:14
Назва | Копысь |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Аршанскі |
Першае ўзгадванне | 1059 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва паходзіць ад славянскага копысь - "чорны пыл" |
Копысь, гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага савета (з 1938) і прыстань на р. Дняпро. Упамінаецца ў 1059 г. у Ніканаўскім летапісе як горад Копысь у складзе Полацкага княства. У 1116 г. захоплены смаленскім князем Вячаславам. У сярэдзіне 12 ст. тут быў пункт збору гандлёвай пошліны смаленскіх князёў з тавараў, якія правозілі па Дняпры, карчмарскай даніны з заезных дамоў. 3 2-й палавіны 14 ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1569 г. – Рэчы Паспалітай. У пачатку 16 ст. уласнасць князёў Астрожскіх, з 1594 г. – Радзівілаў. У 1695–1744 гг. уладанне прынцэс Нейбургскіх, потым зноў належаў Радзівілам. Паводле некаторых звестак, горад меў магдэбургскае права.
3 1772 г. у складзе Расіі, казённая ўласнасць. 3 1777 г. цэнтр павета. У 1778 г. зацверджаны 1-ы генплан горада, у 1781 г. – герб: выява чорнага зайца ў зялёным полі. Паходжанне гэтага герба тлумачыцца тым, што ў наваколлі Копысі вадзілася даўней шмат чорных зайцоў. 3 1796 г. заштатны горад, у 1802 – 61 гг. зноў цэнтр павета, потым заштатны горад Горацкага павета. У Айчынную вайну 1812 г. разрабаваны французскімі войскамі. 12 лістапада 1812 г. тут пераправіўся з рускай арміяй цераз Дняпро М. І. Кутузаў. У 1821 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1825 г. 253 жылыя дамы (адзін цагляны, астатнія драўляныя), 2265 жыхароў, 6 цэркваў, 2 богаўгодныя ўстановы, 13 піцейных дамоў, 9 лавак, земскае народнае вучылішча. У 1829 г. 330 драўляных жылых дамоў і 1 цагляны, у 1842 г. – 355 драўляных, 1 цагляны, 5 цэркваў. У 1848 г. заснаваны піваварны завод, у 1874 г., 1876 і 1877 гг. – кафляныя заводы. У 1879 г. 384 жылыя дамы (з іх 2 мураваныя), 3164 жыхары (большасць насельніцтва складалі мяшчане і рамеснікі). Гораду належала 2281 дзесяціна зямлі, у тым ліку 843 дзесяціны лесу, 1150 – ворыва, 24 – сенакосу, 264 – пашавых угоддзяў. У горадзе было 7 праваслаўных цэркваў (адна мураваная і 6 драўляных), 2 каталіцкія касцёлы (цагляны і драўляны), 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае і мужчынскае), паштовая станцыя, 3 заезныя дамы, тракцір, 7 кабакоў. Жыхары Копысі мелі 234 кані, 245 галоў буйной рагатай жывёлы. 3 1871 па 1881 г. у Копысі былі ўзяты 183 шлюбы. У 1883 г. у земскім (мужчынскім) народным вучылішчы вучыліся 48 хлопчыкаў (настаўнік З. Аўсянкін). Вучылішча знаходзілася ва ўласным будынку. Паводле перапісу 1897 г. у горадзе 3384 жыхары, у тым ліку мяшчан 2475, сялян 731, дваран 64, духавенства 18, купцоў 41 чалавек. Пісьменных сярод насельніцтва было 39,6 працэнта.
3 даўніх часоў Копысь – адзін з найбольш старажытных цэнтраў мастацкага керамічнага рамяства, так званай «копыскай кафлі». Тут выраблялі ўсе віды дэталей для абліцоўкі печаў. У канцы 15–17 ст. копыскія майстры рабілі кафлю з рэльефным геаметрычным, раслінным і геральдычным (выявы конніка, арол з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Шмат кафлі вывозілі на продаж за межы Беларусі. Вядома, што ў 2-й палавіне 17 ст. копыскія майстры Я. Андрэеў, С. Аляксееў, П. Будкееў, С. Грыгор'еў, В. Дарафееў, І. Максімаў, П. Фёдараў выраблялі шматколерную мастацкую кафлю і аздаблялі ёю палацы і храмы ў Маскоўскай дзяржаве. У канцы 19 – пачатку 20 ст. у Копысі працавала каля 20 заводаў.
У 1900 г. адкрыта Копыскае гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшае пачатковае вучылішча. 3 дзяржаўнай казны на ўтрыманне вучылішча адпускалася каля 9 тыс. рублёў у год. У 1904 г. 3950 жыхароў. Дзейнічала Копыская арганізацыя РСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП. 11 ліпеня 1905 г. пад яе кіраўніцтвам у Копысі адбыліся палітычныя забастоўка і дэманстрацыя, у якіх удзельнічала каля 1500 рабочых горада і сялян навакольных вёсак.
У 1911 г. 5924 жыхары, 15 кафляных заводаў, 4 паравыя млыны, піваварны, крухмальны і вінакурны заводы, бальніца, аптэка, 7 праваслаўных цэркваў, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, 2 земскія народныя вучылішчы, царкоўнапрыходская школа. У чэрвені 1911 г. адбылася забастоўка рабочых кафляных заводаў, якія патрабавалі павышэння зарплаты, паляпшэння ўмоў працы і быту.
У лістападзе 1917 г. устаноўлена Савецкая ўлада. У 1924 – 31 гг. цэнтр раёна, з 1931 г. у Аршанскім раёне, з 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1940 г. каля 1200 двароў, каля 10 тыс. жыхароў, ільнозавод, 2 чарапічныя заводы, мэблевая фабрыка, машынна-трактарная станцыя, 2 млыны, сярэдняя, 2 пачатковыя і калгасная школы, кінатэатр, 3 клубы, бальніца, 3 сталовыя, 6 магазінаў.
3 ліпеня 1941 г. да 27.06.1944 г. Копысь акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У студзені 1942 г. гітлераўцы расстралялі каля 250 мірных жыхароў пасёлка. Супраць акупантаў дзейнічалі 3 падпольныя групы (кіраўнікі – камсамолкі сёстры А. М. і З. М. Шавень, камуністы Я. А. Точын і Ц. Р. Марозаў).
У 2006 г. у Копысі 0,8 тыс. жыхароў. У пасёлку функцыянуюць ААТ «Аршанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», цэх па вытворчасці сыроў, які належыць ААТ «Аршанскі малочны камбінат», міні-пякарня, лясніцтва, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Цэнтр пазашкольнай работы. Ёсць Дом культуры, бібліятэка, стадыён. Працуюць паліклініка, бальніца, аптэка. У пасёлку размешчаны філіял раённага камбіната бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы гандлю.
У Копыся багатая гістарычная спадчына. Есць брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1944 г. у баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, магіла ахвяр фашызму, помнік Герою Савецкага Саюза падпалкоўніку М. М. Трасцінскаму, пад камандаваннем якога 1152-і стралковыя палкі 344-й стралковай дывізіі вызваліў Копысь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 2 археалагічныя помнікі – замчышча Пятроўскі вал і селішча Пасадскае. Паблізу пасёлка размяшчаецца дача Янкі Купалы - Ляўкі.
Менавіта таму Копысь набывае статус культурна-дзелавога цэнтра. Сфера паслуг будзе мяняцца з улікам ўхілу ў турызм. Канцэпцыя развіцця гарадскога пасёлка складаецца з ушчыльнення жылга асяроддзя і будаўніцтва дадатковай інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкавання левага берага Дняпра з абсталяваннем спускаў да вады шляхам прылады драўляных усходаў і прычалаў. Генеральны план развіцця гарадскога пасёлка ўключае ў сябе таксама стварэнне экалагічнай сцежкі, паркавай і пляжных зон, рэстаўрацыю Пятроўскага вала, рэканструкцыю вулічнай дарожнай сеткі, у тым ліку будаўніцтва аб'язной дарогі, узвядзенне аб'ектаў для заняткаў спортам.
Гарадскі пасёлак Копысь павінен стаць маяком для ўсіх малых населеных пунктаў Беларусі з пункту гледжання ўдасканалення сацыяльнай інфраструктуры.
Радзіма першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Копысь молодеет на глазах / Е. Бегунова // СБ. Беларусь сегодня. – 2017. – 11 мая. – С. 5.
2. Бынькоў, А. Бераг нашай гісторыі / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 8 окт. – С. 13.
3. Грядовка, Ю. История, измеряемая веками / Ю. Грядовка // Аршанская газета. – 2019. – 12 кастр. – С. 3.
4. Жучкевич, В. А. Копысь / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 174.
5. Изимова С. Местечко с древней историей / С. Изимова // Аршанская газета. – 2024. – 3 крас. – С. 15.
6. Князева, В. М. Копысь / Князева, В. М. // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 73–74.
7. Копысь // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 10 т. / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.] ; пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2018. – Т. 10 : Віцебская вобласць. – Кн. 1. – С. 131–135.
8. Копысь // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / гл. рэд. У. У. Андрыевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 4 : З–Л. – С. 539.
9. Копысь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / гл. ред. Т. В. Белова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн.1. – С. 514–515.
10. Копысь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн., 2006. – Т. 4 : Картография – Миноговые. – С. 207–208.
11. Лебедева, О. Равнение на Копысь / О. Лебедева // Витебские вести. – 2017. – 25 июля. – С. 2.
12. Королевич, О. За новыми впечатлениями – в Копысь / О. Королевич // Аршанская газета. – 2017. – 21 кастр. – С. 8.
13. Маршалович, Л. Чем живет Копысь сегодня / Л. Маршалович, О. Тихонова // Аршанская газета. – 2023. – 2 снеж. – С. 4.
14. Міршчына, М. Орша, Копысь, Шклоў... / М. Міршчына // Маладосць. – 2008. – № 4. – С. 131–134.
15. Мядзведзева, В. У. Копыская касцярэзная майстэрня XII стагоддзя / В. У. Мядзведзева // Вестник Полоцкого государственного университета. – 2005. – № 7. – С. 40–46.
16. Осипов, М. Большое будущее малых городов. В объективе горпоселок Копысь / М. Осипов // СБ. Беларусь сегодня. – 2017. – 8 июля. – С. 2.
17. Рогалеў, А. Ф. Копысь, Парычы : назвы роднага краю / А. Рогалеў // Роднае слова. – 2011. – № 9. – С. 55.
18. Субат, У. Копысь: патрыярх дняпроўскіх паселішчаў / У. Субат // Сельская газета. – 2018. – 4 авг. – С. 25.
19. Турок, А. Место, где хочется остаться / А. Турок // Аршанская газета. – 2023. – 13 снеж. – С. 1, 4–5.
20. Хаецкая, О. Копысь – место для жизни / О. Хаецкая // Витебские вести. – 2023. – 5 дек. – С. 11.