Янавічы, г. п., Віцебскі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:51
Назва | Янавічы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Віцебскі |
Сельскі Савет | Янавіцкі |
Дата ўзгадвання | 1511 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва ўтворана ад імёнаў Ян, Януш |
Янавічы, гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага савета.
3 пісьмовых крыніц вядомы з 1511 г. як сяло і цэнтр воласці ў Віцебскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У XVIII ст. згадваецца як мястэчка, прыватная ўласнасць паноў Пацеяў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка далучана да Расійскай імперыі. У 1810 г. маёмасць графа Пацея ў Суражскім павеце Віцебскай губерні. Тут працаваў жалезны завод. У 1829 г. заснавана кардоннае, у 1854 г. – мукамольнае, у 1866 г. – піваварнае прадпрыемствы. У 1866 г. мястэчка ў Віцебскім павеце і губерні. Непадалёку ад мястэчка размяшчаўся маёнтак (1660 дзес. зямлі), які ў 1878 г. належаў памешчыку I. Багдановічу. У маёнтку меліся 2 млыны – вадзяны, на якім выраблялася 20 000 пудоў мукі, і валовы, дзе малолася 2000 пудоў мукі. Мука збывалася на месцы і вывозілася на продаж у Сураж. У 1800 г. у мястэчку 11 двароў, 84 жыхары. Пераважную колькасць насельніцтва складалі яўрэі. Праз мястэчка праходзіў паштовы тракт Сураж – Янавічы, на якім размяшчаліся паштовая станцыя Янавічы і карчма.
У 1880 г. была адкрыта царкоўнапрыходская школа. Меліся 5 сінагог, 36 лавак, скураны завод. Кожны тыдзень у нядзелю адбываўся базар, а на працягу года – 2 вялікія кірмашы, на якія з'язджаліся гандляры не толькі з наваколля, але і з Віцебска, Суража і Невеля. Дзейнічаў прызыўны вайсковы ўчастак. У 1885 г. пабудавана цагляная праваслаўная Свята-Троіцкая царква. У 1896 г. адчынена двухкласная царкоўнапрыходская школа, пры ёй меўся інтэрнат на 30 вучняў. У гэтым жа годзе пачаў працаваць нафтавы млын. У 1897 г. адкрыта мужчынская настаўніцкая школа, дзе рыхтавалі на працягу 2 гадоў настаўнікаў для школ граматы.
У пачатку XX ст. мястэчка – цэнтр Янавіцкай воласці ў Віцебскім павеце і губерні. У склад воласці ўваходзіла 137 населеных пунктаў, у якіх жыло 914 жыхароў. У 1905 г. тут 450 двароў, 1781 жыхар. Працавалі лячэбніца, ветэрынарны фельчар, гарбарня, пазыкова ашчаднае таварыства. Адкрыта жаночая двухкласная настаўніцкая школа, якая існавала да 1918 г.
3 20.08.1924 г. цэнтр Янавіцкага сельсавета Суражскага раёна Віцебскай акругі. Працавалі 2 школы, на базе якіх створаны сямігадовая і яўрэйская школы. У 1929 г. у мястэчку арганізаваны калгасы «Ударнік» і «Інтэрнацыянал». Меліся сукнавалка, ваўначоска, абутковая і кравецкая майстэрні, 2 вінзаводы, нафтавы млын, мукамольная вытворчасць. У 1933 г. пачаў працаваць ільнозавод.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вызваленне гарпасёлка загінуў 201 савецкі воін і партызан. 10 кастрычніка 1943 г. Янавічы былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На 01.01.2016 г. – 765 жыхароў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, бальніца, аптэка, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, АТС, комплексны прыёмны пункт, магазіны. Дзейнічае праваслаўная царква. Размешчаны філіял Віцебскага ААТ «Малако».
У 1958 г. на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан пастаўлены абеліск. У 1975 г. у гонар настаўнікаў і вучняў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на тэрыторыі школы таксама пастаўлены абеліск.
Радзіма палітычнага і грамадскага дзеяча М. М. Барадзіна і Героя Савецкага Саюза Г. С. Гарфункіна.
ЛІТАРАТУРА
1. Віталева, В. В. Янавічы / В. В. Віталева // Памяць : Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 767–768.
2. Изобова, И. Памятный октябрь 43-го // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2008. – 14 кастр. – С. 1.
Из истории освобождения д. Яновичи Витебского раёна.
3. Яновичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 631–632.
4. Яновичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7. – С. 723.