Галубічы, аг., Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.08.2017 12:23
- Адноўлена 06.04.2021 10:27
Назва |
Галубічы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | аграгарадок |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Глыбоцкі |
Сельскі савет | Галубіцкі сельсавет |
Дата заснавання | 1431 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва вытворнае ад прозвішча Галубіч |
Першыя звесткі аб паселішчы Галубічы адносяцца да пачатку XV ст. Паселішча было ўладаннем вядомага на Полаччыне роду Корсакаў. У 1431 годзе Яшко Корсак прыняў удзел у падпісанні ў Галубічах прымірэння Свідрыгайлы з Ягайлам. Патомак яго, Багдан (быў дзедзічам Галубічаў, часткі Бабынічаў, Обалі і Арэхаўна), пачаў пісацца Корсакам Галубіцкім, што захавалі і яго нашчадкі. 3 1563 года Багдан трапіў у маскоўскі палон. Яго жонка Ганна Пятроўна з дзецьмі выкупілася з няволі. У 1568 годзе кароль даў ім у валоданне (да часу звароту разграбленых і захопленых ворагам уладанняў) маёнтак Якімовічы на Мозыршчыне. Іх сын Стэфан атрымаў у 1599 г. вайтоўства полацкае.
У 1551 г. быў атрыманы дазвол на заснаванне ў Галубічах мястэчка. Паводле «Полацкай рэвізіі» 1552 г. тут мелася 71 двор сялян і 14 двароў мяшчан. Стэфан Багданавіч быў жанаты з Настассяй Гарабурдзянкай, меў сыноў Рыгора і Яна. Ян ажаніўся з князёўнай Гедройць, якая, аўдавеўшы, выйшла замуж за Юзафа Корсака з Залесся, кашталяна полацкага.
Остафій, дзедзіч Галубічаў, у 1625 г. увесь свой маёнтак Галубічы, Залессе-Астроўна і іншыя завяшчаў на фундацыю манастыра базыльян Св. Тройцы ў Вільні. Яго старэйшы брат Ян быў харужым полацкім у 1598 г. 29 ліпеня 1622 г. ён зрабіў запіс аб дарэнні тутэйшай праваслаўнай царкве маёнткаў Карачанава (11 валок) і Варанова (5 валок) з усімі ворнымі землямі і сенажацямі, «с гоны бобровыми, с ловы звериными, с креетьянами и боярами». У гэтым дакуменце таксама агаворвалася, што тут будуць утрымлівацца «законницы набоженства греческого веры стародавное».
3 1625 г. Галубічы, паводле завяшчання, перайшлі манахам, якія Свята-Троіцкаму манастыру плацілі па 100 кап грошай у год, утрымлівалі шпіталь у Галубічах і тры манастыры ў Вільні. У полацкім земскім судзе было вырашана, што гэта завяшчанне незаконнае. Пазней рашэннем Літоўскага трыбунала ў 1635 г. манахам была пакінута ў валоданне палавіна маёнтка Галубічы, якую яны страцілі праз два дзесяцігоддзі.
У час вайны са Швецыяй мястэчка было спалена. Нашчадкі роду Корсакаў валодалі Галубічамі да канца XVIII стагоддзя. У канцы XVIII ст. тут мелася ўніяцкая царква (згарэла ў 1822 г.). У 1843 г. на сродкі мясцовых жыхароў пабудавана царква Міколы Цудатворнага, якая ў 1878 г. мела 1821 прыхаджаніна. Паводле перапісу ў 1897 г. мелася 173 жыхары. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў у мястэчку праводзіліся кірмашы 6 студзеня, 9 мая, 15 жніўня, 8 верасня, 6 снежня. Яўрэйская абшчына налічвала 175 душ, меўся яўрэйскі малітоўны дом, крамы, шынок.
3 1921 г. Галубічы ў складзе Польшчы, з 1929 г. – цэнтр Галубіцкай воласці (гміны). У 1939 г. у мястэчку 245 жыхароў, 48 двароў. 3 12 кастрычніка 1940 г. Галубічы — цэнтр сельсавета ў Пліскім раёне. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі акупантамі тут быў створаны значны гарнізон, які прыкрываў шляхі пераходу партызан да чыгункі. Пажарамі ў маі 1943 і летам 1944 гг. былі знішчаны 46 дамоў (двароў). У пасляваенны час вёска адноўлена. У 1970 г. было 283 жыхары, у 1992 г. – 480 жыхароў, 181 двор. 3 1962 г. Галубічы – цэнтр сельсавета.
На ўскраіне аграгарадка знаходзіцца гарадзішча, вышыня якога 12–15 метраў, адносіцца да ранняга жалезнага веку і сярэднявечча. Яго даследавалі Я. Драздовіч у 1939 г., археолагі Галубовічы з Віленскага ўніверсітэта, Л. У. Дучыц – у 1981 г.
Непадалёку ад аграгарадка знаходзяцца могілкі ахвяр фашызму. Помнік археалогіі – гарадзішча ранняга жалезнага веку і сярэднявечча.
У 2010 г. мелася базавая школа-сад, Дом культуры, бібліятэка, ФАП, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.
ЛІТАРАТУРА
1. Бунто, І. Галубічы / І. Бунто // Веснік Глыбоччыны. – 1999. – 31 ліп. – С. 4
2. Галубічы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 488.
3. Голубичи (бел. Галубічы) // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т.В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 116.
4. Голубичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 :Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 323.
5. Голубичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. –С. 76.
6. Жучкевич, В. А. Голубичи / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 75.
7. Жыгуноў, А. Галубічы / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2006. – 11 лют. – С. 6.
8. Жыгуноў, А. Галубічы стануць аграгарадком / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2008. – 23 ліп. – С. 1, 3.
9. Скрабатун, У. Двор Галубічы / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2011. – 6 студз. – С. 14.