Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Галубічы, аг., Глыбоцкі раён

 

Назва

Галубічы

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  аграгарадок
Вобласць Віцебская 
Раён Глыбоцкі
Сельскі савет Галубіцкі сельсавет
Дата заснавання 1431
Тапанімічнае паходжанне назвы назва вытворнае ад прозвішча Галубіч

 

Першыя звесткі аб паселішчы Галубічы адносяцца да пачатку XV ст. Паселішча было ўладаннем вядомага на Полаччыне роду Корсакаў. У 1431 годзе Яшко Корсак прыняў удзел у падпісанні ў Галубічах прымірэння Свідрыгайлы з Ягайлам. Патомак яго, Багдан (быў дзедзічам Галубічаў, часткі Бабынічаў, Обалі і Арэхаўна), пачаў пісацца Корсакам Галубіцкім, што захавалі і яго нашчадкі. 3 1563 года Багдан трапіў у маскоўскі палон. Яго жонка Ганна Пятроўна з дзецьмі выкупілася з няволі. У 1568 годзе кароль даў ім у валоданне (да часу звароту разграбленых і захопленых ворагам уладанняў) маёнтак Якімовічы на Мозыршчыне. Іх сын Стэфан атрымаў у 1599 г. вайтоўства полацкае.

У 1551 г. быў атрыманы дазвол на заснаванне ў Галубічах мястэчка. Паводле «Полацкай рэвізіі» 1552 г. тут мелася 71 двор сялян і 14 двароў мяшчан. Стэфан Багданавіч быў жанаты з Настассяй Гарабурдзянкай, меў сыноў Рыгора і Яна. Ян ажаніўся з князёўнай Гедройць, якая, аўдавеўшы, выйшла замуж за Юзафа Корсака з Залесся, кашталяна полацкага.

Остафій, дзедзіч Галубічаў, у 1625 г. увесь свой маёнтак Галубічы, Залессе-Астроўна і іншыя завяшчаў на фундацыю манастыра базыльян Св. Тройцы ў Вільні. Яго старэйшы брат Ян быў харужым полацкім у 1598 г. 29 ліпеня 1622 г. ён зрабіў запіс аб дарэнні тутэйшай праваслаўнай царкве маёнткаў Карачанава (11 валок) і Варанова (5 валок) з усімі ворнымі землямі і сенажацямі, «с гоны бобровыми, с ловы звериными, с креетьянами и боярами». У гэтым дакуменце таксама агаворвалася, што тут будуць утрымлівацца «законницы набоженства греческого веры стародавное».

3 1625 г. Галубічы, паводле завяшчання, перайшлі манахам, якія Свята-Троіцкаму манастыру плацілі па 100 кап грошай у год, утрымлівалі шпіталь у Галубічах і тры манастыры ў Вільні. У полацкім земскім судзе было вырашана, што гэта завяшчанне незаконнае. Пазней рашэннем Літоўскага трыбунала ў 1635 г. манахам была пакінута ў валоданне палавіна маёнтка Галубічы, якую яны страцілі праз два дзесяцігоддзі.

У час вайны са Швецыяй мястэчка было спалена. Нашчадкі роду Корсакаў валодалі Галубічамі да канца XVIII стагоддзя. У канцы XVIII ст. тут мелася ўніяцкая царква (згарэла ў 1822 г.). У 1843 г. на сродкі мясцовых жыхароў пабудавана царква Міколы Цудатворнага, якая ў 1878 г. мела 1821 прыхаджаніна. Паводле перапісу ў 1897 г. мелася 173 жыхары. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў у мястэчку праводзіліся кірмашы 6 студзеня, 9 мая, 15 жніўня, 8 верасня, 6 снежня. Яўрэйская абшчына налічвала 175 душ, меўся яўрэйскі малітоўны дом, крамы, шынок.

3 1921 г. Галубічы ў складзе Польшчы, з 1929 г. – цэнтр Галубіцкай воласці (гміны). У 1939 г. у мястэчку 245 жыхароў, 48 двароў. 3 12 кастрычніка 1940 г. Галубічы — цэнтр сельсавета ў Пліскім раёне. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з нямецка-фашысцкімі акупантамі тут быў створаны значны гарнізон, які прыкрываў шляхі пераходу партызан да чыгункі. Пажарамі ў маі 1943 і летам 1944 гг. былі знішчаны 46 дамоў (двароў). У пасляваенны час вёска адноўлена. У 1970 г. было 283 жыхары, у 1992 г. – 480 жыхароў, 181 двор. 3 1962 г. Галубічы – цэнтр сельсавета.

На ўскраіне аграгарадка знаходзіцца гарадзішча, вышыня якога 12–15 метраў, адносіцца да ранняга жалезнага веку і сярэднявечча. Яго даследавалі Я. Драздовіч у 1939 г., археолагі Галубовічы з Віленскага ўніверсітэта, Л. У. Дучыц – у 1981 г.

Непадалёку ад аграгарадка знаходзяцца могілкі ахвяр фашызму. Помнік археалогіі – гарадзішча ранняга жалезнага веку і сярэднявечча.

У 2010 г. мелася базавая школа-сад, Дом культуры, бібліятэка, ФАП, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бунто, І. Галубічы / І. Бунто // Веснік Глыбоччыны. – 1999. – 31 ліп. – С. 4

2. Галубічы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 488.

3. Голубичи (бел. Галубічы) // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т.В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 116.

4. Голубичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 :Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 323.

5. Голубичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. –С. 76.

6. Жучкевич, В. А. Голубичи / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 75.

7. Жыгуноў, А. Галубічы / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2006. – 11 лют. – С. 6.

8. Жыгуноў, А. Галубічы стануць аграгарадком / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2008. – 23 ліп. – С. 1, 3.

9. Скрабатун, У. Двор Галубічы / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2011. – 6 студз. – С. 14.