Мосар, в., Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.08.2017 12:23
- Адноўлена 22.09.2020 10:51
Назва | Мосар |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | вёска |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Глыбоцкі |
Сельскі Савет | Удзелаўскі сельсавет |
Дата заснавання | 1514 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | Цалкам магчыма ўзнікненне назвы ад асновы "масура" (старажытнаскандынаўскае - "клён"). Не выключаная магчымасць сувязі назвы з тэрмінам мосыр - "волкасць". |
Вёска Мосар знаходзіцца ва Удзелаўскім сельскім Савеце Глыбоцкага раёна. За 20 км на поўнач ад Глыбокага, 220 км ад Віцебска.
Адно са старажытных паселішчаў у раёне, пра што сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі і курганны могільнік. Выявіў і даследаваў у канцы 18 стагоддзя В. Мінліх, які раскапаў 6 насыпаў. Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу. У дакументах 1514 г. упамінаецца ўладальнік Мосара Юры Зяновіч, намеснік браслаўскі. У грамаце караля Жыгімонта Аўгуста ад 11 кастрычніка 1554 г., дадзенай Яну Міхайлавічу Зяновічу (Зяноўевічу), было дазволена «при именью его Мосары над р. Дисною, местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожитку у его мети». Ад Зяновічаў Мосар перайшоў ва ўладанне троцкага ваяводы Паца, а ад яго маршалку літоўскаму Марыяну Валовічу. У 1639 г. маёнтак належаў сям'і Долмат-Ісайкоўскіх, ад якой у якасці пасагу зноў перайшоў Пацам. Некаторы час уладальнікамі тут былі Млечкі. У канцы 17 стагоддзя Канстанцыя Млечка выйшла замуж за вядомага дзеяча Яна Уладыслава Бжастоўскага. У 1792 г. Роберт і Ганна (з роду Плятэраў) Бжастоўскія, кашталяне полацкія, пабудавалі тут мураваны касцёл Святой Ганны і запісалі «фундуш» з 1000 чырвоных злотых, які быў зацверджаны біскупам віленскім Ігнатам Масальскім. У сярэбранай труне («рацы») былі пахаваны рэліквіі святога Юстына, раней перавезеныя ў Мядзел, а потым перапахаваны ў гэтым касцеле. У мінулым стагоддзі сюды з’язджаліся некалькі тысяч вернікаў у свята, калі адзначаўся дзень святога Юстына. У касцёле былі пахаваны яго заснавальнік і нашчадкі Бжастоўскіх. У канцы мінулага стагоддзя Мосар перайшоў роду Пілсудскіх. Каля 1840 г. уніяцкая царква, пабудаваная ў 18 стагоддзі, абрушылася і адсюль царкоўная маёмасць і званы былі перададзены ў Вярхнянскую царкву. За ўдзел у паўстанні 1831 г. частка зямель Бжастоўскіх была канфіскавана. У 1885 г. у маёнтку 558 сялян і 2030 дзесяцін зямлі (1206 дзесяцін у Мосары і 824 у Буках). У вёсцы Мосар 117 жыхароў. Тут быў пабудаваны вялікі палац, які меў некалькі залаў. У 1872 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1921–1939 гг. цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства.
З 1939 г. у складзе БССР. З 12 кастрычніка 1940 г. цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да чэрвеня 1944 г. быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
З 1960 г. – ва Удзелаўскім сельсавеце Глыбоцкага раёна. У 1992 г. у Мосары налічвалася 428 жыхароў, 204 гаспадаркі. Вёска знаходзіцца ў складзе ААТ «За Радзіму». Дзейнічае ільнозавод. Працуюць базавая школа, ФАП, аддзяленне сувязі, 3 магазіны.
У Мосары знаходзіцца помнік архітэктуры Мосарскі касцёл Святой Ганны. За 1,5 км на паўднёвы захад ад Мосара знаходзіцца курганны могільнік (10 насыпаў, канец 10 – пачатак 11 ст.).
Вядомасць вёска набыла дзякуючы былому ксяндзу-пробашчу Юозасу Бульку, намаганнямі якога касцёл пераўтварыўся ў адзін з духоўных цэнтраў рэгіёна.
ЛІТАРАТУРА
1. «Беларускаму Версалю» – 500 гадоў / падрыхт. Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2014. – 13 жн. – С. 3.
2. Берникович, Д. О юбилее напомнит камень / Д. Берникович // Витебские вести. – 2014. – 4 сент. – С. 22.
3. Бунто, І. У. З гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн, 1995. –С. 438–445.
4. Жучкевич, В. А. Мосыр / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 239.
5. Мосар // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т. В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 219.
6. Мосар // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Мінск–Педиатрия. – С. 228.
7. Сауліч, У. Пабачыць Мосар. І ўспомніць Бульку : чым адметны сённяшні дзень 500-гадовай глыбоцкай вёскі / У. Сауліч // Сельская газета. – 2014. – 2 сент. – С. 1–2.
8. Скрабатун, У. Мосару – дзве тысячы гадоў, але пра гэта вам ніхто не скажа! / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 26 лістап. – С. 4.
9. Шчарбіцкі, А. Мосар – куточак райскай прыроды, або Беларускі Версаль / А. Шчарбіцкі // Мы і час (Віцебск). – 2013. – 24 крас. – С. 5.