Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Псуя, аг., Глыбоцкі раён

 

Назва Псуя
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  аграгарадок
Вобласць Віцебская 
Раён Глыбоцкі
Сельскі Савет Псуеўскі сельсавет
Дата заснавання 1552
Тапанімічнае паходжанне назвы назва ўтворана ад асновы "пёс" (сабака) з рознымі суфіксам 

 

Аграгарадок Псуя знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, на заходнім беразе возера Псуя. Цэнтр сельсавета. За 45 км на паўночны ўсход ад Глыбокага, 164 км ад Віцебска, 7 км ад чыгуначнай станцыі Зябкі, аўтамабільнай дарогай злучана з шашой Глыбокае – Полацк. 222 двары, 524 жыхары (1992).

У «Полацкай рэвізіі» 1552 г. паведамляецца, што Баркулаб Іванавіч Корсак, нашчадак роду Корсакаў, меў 3 «дымы», людзі з якіх працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вольных людзей 12 «дымоў», з якіх сяляне «з усякага збожжа» чацвёртую частку здавалі ўладальніку. Адзначана, што была царква Святой Тройцы, раней пабудаваная Корсакамі. У 1620 г. Псуя падзелена на 3 часткі паміж братамі Пятром, Сцяпанам і Іосіфам Корсакамі. У 1623 г. Іосіф Корсак сваю частку зямель з цэнтрам у Псуі прадаў Міхаілу Раманавічу Корсаку. Пазней ад Корсакаў Псуя перайшла да Рамуальда Падбіпенты – маршалка дзісенскага. Яго дачка Юстына выйшла замуж за Яна Дэспата-Зяновіча, нашчадкі якога гаспадарылі тут да канца мінулага стагоддзя. У канцы 18 стагоддзя ў Псуі быў гаспадарскі двор, пабудаваны з дрэва, уніяцкая царква, пераробленая ў праваслаўную ў 1841 г. У гэтай царкве ў 1621 г. выраблены звон з надпісам на лацінскай мове. У 1888 г. Псуя дзялілася на некалькі частак: мястэчка Псуя (Празароцкай воласці) – 7 дамоў, 53 жыхары, царква Святога Міхаіла; фальварак Старая Псуя – 1 дом, 18 жыхароў; фальварак Новая Псуя – 1 дом, 33 жыхары; вёска Псуя над рэчкай Ішанкай – 4 дамы, 18 жыхароў, належала Зянону Дэспат-Зяновічу. Наваколле было заселена з 6 стагоддзя да н. э., пра што сведчаць шматлікія курганы, гарадзішча на могілках. У мінулым стагоддзі знойдзена мноства прадметаў, якімі карысталіся ў старажытнасці. Бронзавы бранзалет і жалезная сякера былі перасланы ў Адэскі музей старажытнасці. А. П. Сапуновым выяўлены падземны ход, абкладзены цэглай, пахаванні, абкладзеныя камянямі, на некалькіх могілках былі каменныя пліты, знойдзены крамянёвыя стрэлы, бранзалеты. У 1866 г. адкрыта народнае вучылішча, у 1872 г. пабудавана драўляная школа, у якой навучалася каля 30 вучняў.

З 2008 г. – вёска набыла статус аграгарадка. Зараз – ён цэнтр сельсавета і КУП(СГ)П «Яблынька». Тут ёсць сярэдняя школа-сад, паштовае аддзяленне, медыцынская амбулаторыя, сельскі Дом культуры, магазіны і інш.

Таксама на тэрыторыі населенага пункта знаходзіцца брацкая магіла 40 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, помнік землякам, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бунто, І. У. З гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн, 1995.– С. 438–445.

2. Бунто, Я. Псуя / Я. Бунто // Вольнае Глыбокае. – 2004. – 10–16 чэрв. – С. 6.

3. Капшуль, Г. Яшчэ тром аграгарадкам на Глыбоччыне быць! / Г. Капшуль // Веснік Глыбоччыны. – 2009. – 16 снеж. – С. 1–2.

4. Скрабатун, У. Псуі — 570 / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2010. – 5 жн. –С. 4.

5. Тарасёнак, І. Край любімы ў люстэрках азёр / І. Тарасёнак // Веснік Глыбоччыны. – 2009. – 14 сак. – С. 7.